Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Э.Лімонаў: “Гвалт прасьцей, чым “інтэлектуальныя” мэтады рэпрэсіяў”


Выкраданьні апазыцыйных актывістаў, напады на іх з боку невядомых – наколькі гэта распаўсюджаная практыка ў Расеі? Чаму гэта адбываецца? З такімі пытаньнямі мы зьвярнуліся да аднаго з лідэраў апазыцыйнай кааліцыі “Другая Расея”, старшыні Нацыянал-бальшавіцкай партыі, пісьменьніка Эдуарда Лімонава.


Лімонаў: Сярод маіх прыхільнікаў за апошнія гады былі забітыя 9 чалавек. Забітыя невядомымі. Гэта, як правіла, зьбіцьцё да сьмерці. Сёлета быў такім чынам забіты 20-гадовы актывіст Антон Страдымаў, да гэтага у сьнежні 2007 году Юры Чарвочкін быў забіты да сьмерці бэйсбольнымі бітамі.

Мы падазраем, хто гэта зрабіў, але натуральна, што сьледзтва нікуды не прасунулася. Напады не ідэнтыфікаваных нападнікаў у нас былі масавымі. Пачынаючы з 2005 году былі напады па 40 чалавек. На наш офіс былі напады ў студзені 2005 году,ў жніўні 2005 году, у красавіку 2006 году. Вялікая колькасьць людзей тады была зьбітая. Гэта ў нас тая штодзённая рэчаіснасьць. Але зараз у Расеі ўсё часьцей выкарыстоўваюцца юрыдычныя мэтады ўціску. Зараз больш за 20 маіх прыхільнікаў абвінавачаныя па артыкуле 282-2 "Аб экстрэмізме", некаторыя атрымалі ўмоўныя тэрміны, але, напрыклад, Аляксей Нікіфараў у Свярдлоўску патрапіў за краты на год.

Дракахруст: А на Ваш погляд , чаму выкарыстоўваюцца такія напады невядомымі? Існуе ж юрыдычная працэдура. Чаму яе не хапае?

Лімонаў:
Я дакладна не магу адказаць, бо я не кіраўнік расейскага МУС, я радыкальны палітык і апазыцыйны лідэр. Я мяркую, што значна прасьцей для ўлады націснуць кнопку, выклікаць нейкіх сваіх людзей і аддаць ім загад, чым займацца судамі, фальсіфікаваць паказаньні г.д. Гэта тлумачыцца лянотай і большай лёгкасьцю выкарыстаньня гвалту, чым больш "інтэлектуальных" мэтадаў рэпрэсій.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG