Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня міністар абароны Юры Жадобін выступіў перад афіцэрамі і гэнэраламі. Ён заявіў, што “ніякіх хістаньняў і матляньняў быць не павінна”, а таксама ня выключыў кадравых зьменаў у сваім ведамстве. Прысутнаму Леаніду Мальцаву ён уручыў корцік.


Прызначаючы Л.Мальцава дзяржсакратаром Рады бясьпекі, Аляксандар Лукашэнка адзначыў, што ў сфэры аховы парадку застаецца вялікая колькасьць скаргаў ад грамадзянаў на неправамерныя дзеяньні супрацоўнікаў. Маўляў, “трэба ўважліва кантраляваць, каб процідзейнічаць правапарушэньням і асабліва карупцыі”.

Камэнтуючы гэтую кадравую ракіроўку, Аляксандар Казулін сказаў:

“Мальцаў – прафэсійны вайсковец, гэта ж зразумела. І ён быў на сваім месцы. І калі яго перастаўляюць, тым болей у сучасных умовах пасада дзяржсакратара – гэта ня тая ўплывовая пасада, якая можа быць больш значная, чым пасада міністра абароны, я думаю, ён вельмі не задаволены. Але, калі да тваёй скроні падносяць пісталет, то выйсьця няма ніякага”.

Дырэктар аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка зьвяртае ўвагу, што Л.Мальцаў – адзіны на постсавецкай прасторы генэрал, які мае званьне кандыдата сацыялягічных навук:

"Таму можна павіншаваць прафэсара Вардамацкага і прафэсара Манаева, нашых вядомых сацыёлягаў, з тым, што за бясьпекай у краіне таксама будзе сачыць сацыёляг. Я думаю, што сацыялёгія пачне ў нас разьвівацца”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG