Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьмітра Дашкевіча выкралі і вывезьлі пад Плешчаніцы


Зьміцер Дашкевіч

Зьміцер Дашкевіч

Аб 11-й гадзіне ў суботу лідэра “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча схапілі невядомыя, як толькі ён адчыніў дзьверы сваёй кватэры, што на Партызанскім праспэкце ў Менску. Дашкевіча закінулі ў машыну і павезьлі за горад.

Сябры Зьмітра чакалі яго на прэзэнтацыі моладзевай кааліцыі “Новае пакаленьне”, дзе ён меў зачытаць тэкст пагадненьня. Мабільныя тэлефоны Зьмітра маўчалі.

Некалькі гадзінаў сябры шукалі Зьмітра ў пастарунках. Празь пяць з паловаю гадзін Зьміцер патэлефанаваў з чужога мабільнага тэлефона і толькі сказаў сваім сябрам, што знаходзіцца ў вёсцы Антонаўка Лагойскага раёну.

Ён папрасіў, каб паплечнікі прыехалі спачатку да яго ў кватэру, бо яна стаяла адчыненая больш за 5 гадзінаў. Маладафронтавец Мікола Дземідзенка паведаміў, што ў кватэры не аказалася Дашкевічавага ноўтбука.

Паплечнікі прыехалі па Дашкевіча на Лагойшчыну і ўжо разам зь ім увечары вярнуліся ў Менск, дзе прыйшлі ў міліцыю Заводзкага раёну, каб падаць заяву з факту нападу.

Дашкевіч расказаў нашаму радыё, што, напнуўшы яму на галаву дзьве шапкі, спачатку яго везьлі ў адным мінібусе, а затым па дарозе перасадзілі ў другі. Завёзшы ў лес, невядомыя вывелі Зьмітра з машыны і, скоўваючы ў рухах, праз рукавы працягнулі драўляны шост, а тады загадалі стаяць на месцы і лічыць да ста, а самі ўцяклі. Нейкі час Дашкевічу давялося выбірацца зь лесу. Выйшаўшы на дарогу, ён дабраўся да вёскі Антонаўкі – гэта каля 70 кілямэтраў ад Менску.

25 сакавіка сёлета Дашкевічавых паплечнікаў Насту Палажанку і Дзяніса Карнова людзі ў цывільным і з рацыямі брутальна схапілі каля станцыі мэтро “Каменная горка”. Іх таксама адвозілі за горад. Спачатку з машыны выкінулі Насту, а Дзяніса павезьлі ў лес пад Дзяржынск.

Летась 19 сьнежня каля пад’езду дому схапілі лідэра “Маладой Беларусі” Артура Фінькевіча. Яго зьбілі і выкінулі з машыны ў лесе пад Ракавам.

Пасьля тых інцыдэнтаў па заявах пацярпелых былі заведзеныя крымінальныя справы, аднак злачынцаў міліцыя не знайшла.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG