Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Анатоль Івашчанка — пра кнігі для цяжарных беларусак



Анатоль Івашчанка з сынам Данам.
Спэцыялісты кажуць, што ўжо ва ўлоньні маці фармуецца эмацыйна-псыхічны складнік дзіцяці. Таму цяжарным жанчынам рэкамэндуюць слухаць пэўную музыку, прыкладам, клясычную. А наш сёньняшні экспэрт паэт і малады бацька Анатоль Івашчанка прапануе кнігі, якія будзе, на ягоную думку, неабходна прачытаць будучым маці, каб нарадзіць і выхаваць сапраўднага беларуса.

Ларыса Геніюш. Споведзь. Менск, «Мастацкая літаратура», 1992.


Мажліва, хтосьці зьдзівіцца гэтай рэкамэндацыі — маўляў, «Споведзь», дзе апісваюцца жудасьці турэмнага ды лягернага існаваньня, — ня лепшая чытанка для цяжарных. На маю ж думку, гэта — вышэйшы ўзор беларускае духовае літаратуры. Ці нават — літаратуры агіяграфічнае. Свайго роду жыціе ад першае асобы. Колькі б ні чакала шчэ нас наперадзе спакусаў і выпрабаваньняў, выпакутаваныя словы Ларысы Геніюш, падобна да жыційных тэкстаў, абуджаюць веру й дораць душэўны супакой: «У краі гэтым нідзе не было й ніколі не было хрысьціянскіх сьвятыняў, дарогу ў тундру пракладалі мы, але Бог ішоў за намі, і [...] Ён ніколі не пакідае тых, якія яму моцна вераць, дык і хлеб нам дасьць, і поўнач ацепліць, і пераменіць сэрцы ворагаў, абудзіць сумленьне...»

Вядома, гэтую кнігу варта прачытаць ня толькі будучым матулям, але і ўсім тым маладзёнам, каму сёньня прапаноўваюць глядзець на беларускі вызвольны рух праз прызму такога гульлівага слоўца, як «лузерства»...

Рыгор Барадулін ... паслаў бы Табе душу. Менск, «Лімарыус», 2009.


Падаецца, ніводны мастацкі твор не выклікаў у мяне ўвадначасьсе столькі нястрымнага сьмеху й расчуленасьці ледзь не да сьлёзаў, як гэтае ліставаньне паміж будучым Народным паэтам і яго дарагой матуляй Кулінай Андрэеўнай.

Дай Бог, каб нашыя дзеці пасталеўшы... не, не пісалі нам вялікіх лістоў са словамі ўдзячнасьці, але пранесьлі праз жыцьцё хаця адсотак тае барадулінскае пяшчоты, любові й адданасьці...

Альгерд Чыж. Беларускі іменьнік. Гомель, «COLLEGIUM SARMATICUM», 1998.


Настольная кніга будучых матуляў, якая можа канкураваць хіба што з малітоўнікам (які мы дзеля паліткарэктнасьці не ўключылі ў гэты рэйтынг) — іменьнік. Асабліва ў позьні тэрмін цяжарнасьці. Дык няхай жа беларускія матулі абіраюць імёны сваім будучым волатам ды князёўнам з традыцыйных беларускіх, «асьвечаных стагодзьдзямі».

Адзіны ў сваім родзе і, што праўда, рарытэтны на сёньня беларускі іменьнік Альгерда Чыжа прапануе як імёны гістарычных асобаў (князёў, культурных дзеячоў, нават літаратурных пэрсанажаў) ды вытворныя ад іх памяншальна-ласкальныя формы, гэтак і шэраг экзатычных, як на сёньняшні слых імёнаў, што захаваліся ў назовах рэк і паселішчаў (Мядзел, Нёман, Сож, Волма, Заслава, Няміга, Ружана і інш.). Асобна трэба адзначыць імёны, прапанаваныя-вынайдзеныя ўкладальнікам, сярод якіх колькасна пераважаюць жаночыя: Вабна, Заранка, Квета, Мроя, Мята, Ясна і інш.

Пакахай мяне, калі ласка... Зборнік сучаснай жаночай беларускай прозы. Менск, «Кнігазбор», 2009.


Калі вы чакаеце дзяўчынку, абавязкова прачытайце зборнік сучаснай жаночай беларускай прозы «Пакахай мяне, калі ласка...» У кнізе зьмешчаны тэксты 22-х аўтарак, у кожнай зь якіх — свой голас, свая інтанацыя. Пры гэтым, зборнік пакідае адчуваньне гарманічнае цэльнасьці. Шматгалосьсе жанчынаў-літаратарак, якія ня хочуць выходзіць з-пад якога-колечы кантролю, бо ў гэтае псэўдакантраляванасьці — іхная сіла й вышэйшая ўлада, ёсьць сімфоніяй жаноцкасьці.

Павал Севярынец. Лісты зь лесу. Вільня, «Інстытут беларусістыкі», 2007.


Калі ж вы чакаеце хлапца й жадаеце, каб ён выгадаваўся, як той казаў, ня цынікам, але стоікам, чытайце «Лісты зь лесу» Паўла Севярынца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG