Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Класкоўскі: Правінцыйнасьць прызначаных выгадна вылучае “адзінага” палітыка


Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

Сёньняшнія прызначэньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» камэнтуе публіцыст Аляксандар Класкоўскі.

Цыганкоў: Кожная зьмена на высокіх паверхах улады звычайна азначае, што новыя людзі павінны вырашаць нейкія новыя задачы? Да якіх задачаў пакліканыя тыя людзі, якія сёньня былі прызначаныя?

Класкоўскі: Для мяне знакавым ёсьць прызначэньне спадара Праляскоўскага на пасаду міністра інфармацыі. Гэта сфэра вельмі праблемная. Калі Беларусь у нейкіх рэйтынгах інвэстыцыйнай прывабнасьці стала расьці ўверх, то ў рэйтынгах свабоды слова, ворагаў Інтэрнэту яна па-ранейшаму пляцецца ў хвасьце. І гэтае прызначэньне не дае тут ніякіх сьветлых пэрспэктываў.

Праляскоўскі доўгі час узначальваў ідэалягічную ўправу Адміністрацыі прэзыдэнта. У незалежнай прэсы гэты пэрыяд застаўся ў памяці як пэрыяд цяжкі, змрочны — гэта быў час ціску на прэсу.
Так што гэта сапраўды знакавае прызначэньне, гэта сыгналь, што ніякай лібэралізацыі тут ня будзе.
Менавіта Праляскоўскі агучваў ідэі, што трэба загнаць у нейкія межы Інтэрнэт, бо зашмат там анархіі і вольніцы. Так што гэта сапраўды знакавае прызначэньне, гэта сыгналь, што ніякай лібэралізацыі тут ня будзе.

Што да іншых прызначэньняў, то ўсё гэта людзі, мусіць старанныя, але ніводнага зь іх я не магу назваць рэфарматарам, наватарам — гэта ня тая катэгорыя. Увогуле, на беларускай шахматнай дошцы адзін — кароль, а астатнія — пешкі.

Цыганкоў: Сярод іншых, сёньня прызначаныя міністар эканомікі, міністар працы і сацыяльнай абароны, міністар падаткаў і збораў. Многім людзям гэтыя прозьвішчы мала што кажуць — гэта не вядомыя эканамісты ці бізнэсоўцы, гэта чыноўнікі, якія дарасьлі да першых роляў. Ці кажа гэта штосьці пра тое, як дзяржава будзе ставіцца да эканамічных праблем? Ці можна сьцьвярджаць, што сапраўды кіраўніцтва дзяржавы лічыць, што ніякага надзвычайнага крызісу няма, усё можа ісьці сваёй хадой, і няма ніякіх падставаў для вялікіх эканамічных навацыяў і ўзрушэньняў?

Класкоўскі: Калі паглядзець біяграфіі гэтых людзей, то яны па-свойму красамоўныя: у прыватнасьці, той самы Снапкоў у якасьці альма-матэр мае Горацкую сельгасакадэмію, працаваў бугальтарам, эканамістам племзаводу — такія прыступкі службовай кар’еры. Я, напрыклад, не чытаў ніводнага ягонага артыкулу, падобнага артыкулу лібэральнага эканаміста Раманчука. Так што цяжка нейкіх канцэптуальных прарываў чакаць ад новага міністра.

Там, на самым версе, калі паслухаць развагі пра крызіс, увесь час гучыць рэфрэн: мы зараз, пакуль цяжка, трохі адкруцім гайкі, дамо болей самастойнасьці дырэктарату, бізнэсоўцам і г. д.. І падтэкст такі:
Як пройдзе крызіс — мы зноў напоўніцу запусьцім нашу старую выпрабаваную эканамічную мадэль.
як пройдзе крызіс — мы зноў напоўніцу запусьцім нашу старую выпрабаваную эканамічную мадэль. То бок, канцэптуальнага разуменьня, што патрэбная лібэралізацыя, што бяз гэтага нельга мадэрнізаваць краіну, таму што гэта ня проста новыя станкі паставіць, а гэта новыя эканамічныя стасункі і сацыяльныя мусяць быць — вось гэтага, на жаль, няма. Адсюль ідзе і падбор кадраў.

Калі глядзець гэтых людзей на прэс-канфэрэнцыях па тэлебачаньні — нават у параўнаньні з расейскімі чыноўнікамі яны прайграюць, бо яны шэрыя, безаблічныя, ня ўмеюць зьвязаць двух слоў, палохаюцца тэлекамэр. І вось гэткая правінцыйнасьць — з аднаго боку, выгадна вылучае адзінага беларускага харызматычнага палітыка, і, па-другое, нездарма кажуць, што чалавек — гэта стыль. І стыль кіраўніцтва ў Беларусі — такі: нехлямяжы, не сучасны, перастраховачны, кансэрватыўны і ўрэшце неэфэктыўны.

Цалкам меркаваньне Аляксандра Класкоўскага і Аляксандра Фядуты чытайце ў перадачы «Экспэртыза Свабоды»
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG