Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мытны саюз” паўторыць лёс “саюзнай дзяржавы”


Агляд тэлефанаваньняў за пятніцу, 4 сьнежня

Блізка да сэрца прыняла лекарка з Асіповічаў Тацяна Барэль нашу інфармацыю пра тое, што жаўнер Франак Вячорка разам са сваімі калегамі па службе трапіў у шпіталь з падазрэньнем на пнэўманію.

Спадарыня: “Я б хацела параіць cпадару Вячорку, каб ён завёз сыну ў Мазыр у інфэкцыйную лякарню прэпарат, які стымулюе імунную сыстэму. Да іх належаць гропрэнасін, арпетол, анафэрон, афлубін, эстыфан. Вітаміны, якія называюцца антыоксікапс. Там вітаміны А і Е, яны стабілізуюць добра мэмбрану клетак. Таксама будзе лепш для імунітэту”.

А наступная нашая слухачка шкадуе пра магчымы сыход з палітычнай сцэны Аляксандра Казуліна.

Спадарыня: “Вельмі шкада, што такі цудоўны, разумны, чэсны палітык, напэўна, сыходзіць з палітыкі. А радыёслухачцы, якая захапляецца Мілінкевічам, раю разабрацца ў той сытуацыі, якую ён стварыў. А стварыў ён апазыцыю, ляяльную Лукашэнку”.

І яшчэ пра партыйнае жыцьцё:

Спадар: “Улады шукаюць розныя зачэпкі, каб не зарэгістраваць партыю “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”. Бо калі зарэгістраваць, то бэсьціць такую партыю не выпадае, бо электарат такой крытыкі не зразумее. Дай Бог удачы хрысьціянскім дэмакратам!”

У сёньняшняй аўдыёпошце хапае і званкоў на сацыяльна-эканамічныя тэмы. Вось згадка пра сустрэчу вяскоўцаў са старшынёй Дзяржкантролю Зянонам Ломацем.

Спадарыня: “Я задавала яму такое пытаньне: чаму так занядбаныя калгасы? Ён абяцаў мне, што прыедзе сюды дзяржкантроль і праверыць гэта. Але ніхто не даехаў. Тут увогуле немагчыма жыць у Беларусі, як мы жывем. Пэнсіі нізкія, заробкі нізкія, а ў крамах цэны — немагчыма, недаступныя”.

Спадарыня:
“Безуладзьдзе! То абіраюць людзей, то працоўная кніжка зьнікне. Людзі зьнішчалі, стаяць на дарозе жыцьця, на хлеб зарабляюць — гэта жах. А хто не маўчыць — прападаюць, як пух, у турмах сядзяць”.

А пачынаўся тыдзень актыўным абмеркаваньнем такой падзеі, як стварэньне мытнага саюзу Беларусі, Казахстану й Расеі. Вось казахскія ўражаньні Ціны Сакаловіч.

Спадарыня:
“Я ехала ў цягніку з Караганды ў Маскву, і ўжо прайшлі памежнікі, праверылі пашпарты, і чатыры мардавароты гадзіны чатыры наркату грузілі, столькі торбаў — проста ў нас на вачах адчыняліся лазейкі. Вось гэты мытны саюз — проста жах!”

Спадар Лапіцкі:
“Асуджаю няправільную заяву прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева, які сказаў, што будзе падтрымліваць Аляксандра Лукашэнку ў Эўропе, калі ўзначаліць старшынства ў Эўразьвязе”.

А спадар Зіноўеў згадвае беларуска-расейскія стасункі.

Спадар Зіноўеў: “Лукашэнку зь Мядзьведзевым трэба не пра мытню гаварыць, а пра Беларускі вакзал — які там сьвінушнік, у Маскве. Там бруд! Расейская “Камсамольская праўда” 19 лістапада надрукавала рэпартаж зь Беларусі, што Менск стаў магнітам для расейскага казыно і інтым-турызму. Я думаю, мытны саюз лепш падпісаць у казыно “Шангры-Ла”.

Падсумоўвае спадар Уладзімер з Полацку.

Спадар: “Ужо б’юць у літаўры наконт стварэньня гэтак званага мытнага саюзу. Дакладна так 10 год таму білі ў літаўры пасьля падпісаньня пагадненьня пра стварэньне саюзнай дзяржавы. За гэты час паміж “саюзьнікамі” адбылося нямала гандлёвых войнаў і непрыемных інцыдэнтаў. Тое самае будзе і з мытным саюзам: эйфарыя хутка пройдзе, наступіць працьверазеньне, і вось тут Аляксандар Рыгоравіч пачне спатыкацца на ўсякія перашкоды і падводныя камяні, якія Расея яму расставіла”.

Пры канцы году дзяржаўная прапаганда старанна даводзіць шарагоўцам: краіна дынамічна разьвіваецца, намечаныя пляны ажыцьцяўляюцца, і пры пэўных хібах народ пачынае жыць лепей. У слухачоў “Свабоды” наконт гэтага хапае сваіх меркаваньняў. Вось рэакцыя спадара Пруднікава на інфармацыю пра выбарчае заканадаўства, якое нібыта абнаўляецца.

Спадар: “У выбарчы кодэкс унесены праект паправак, якія складаюць усяго толькі адну дзясятую ад таго, што было прапанавана грамадзкасьцю”.

Гэтую думку канкрэтызуе наступны слухач:

Спадар: “Калі няма скасаваньня 5-дзённага датэрміновага галасаваньня — няма дэмакратызацыі самога выбарчага заканадаўства. Навошта нас падманваць, расказваць байкі, спадарыня Ярмошына?”

Генадзь Кароль
з Краснадворцаў:

Спадар:
“Лукашэнка кажа: “У нас будзе дэмакратыя і зьмены ў выбарчай сыстэме”. Я думаў, памру ад старасьці, але калі гэта пачуў, падумаў: памру ад сьмеху”.

Пераходзім ад мясцовай — да міжнароднай палітыкі.

Спадарыня: “Нас спрабуюць пераканаць, што рана ці позна Беларусь уступіць у Эўразьвяз. Спадарства, адзін уступны ўзнос у касу Эўразьвязу чаго каштуе! Наўрад ці касьцяк багатых дзяржаваў захоча ўзяць на сваю шыю ўбогую Беларусь, ды яшчэ з двума дзясяткамі мільярдаў зьнешняй запазычанасьці. Так што рана ніяк не атрымаецца. А наконт позна, гэта для тых грамадзянаў Беларусі, якія яшчэ й не пачатыя сёньня…”

Стасункі Беларусі з Эўразьвязам заўсёды цікавілі нашых слухачоў, аднак пасьля візыту ў Менск прэм’ер-міністра Італіі Сыльвіё Бэрлюсконі гэтая праблема актуалізавалася яшчэ больш.

Спадар: “На пытаньне “Хто выйграў ад новых стасункаў з Эўропай?” хачу адказаць, што выйграла незалежнасьць Беларусі, бо ва ўмовах крызісу і міжнароднай ізаляцыі Беларусь апынулася б сам-насам з Расеяй. І нас за даўгі проста б купілі з вантробамі. Трэба памятаць, што незалежнасьць — гэта на вякі, а дыктатары прыходзяць і сыходзяць”.

Чарговы водгук на міжнародныя падзеі, а менавіта — наконт рашэньня прэзыдэнта ЗША Барака Абамы паслаць у Аўганістан дадатковы вайсковы кантынгент.

Спадар: “Як жа так, ляўрэат прэміі міру пасылае на разбой у Аўганістан яшчэ 30 тысяч? Аўганцы ня хочуць гэтага. І ён цынічна заяўляе, што пасылае гэтых людзей, каб яны навучылі аўганцаў, як трэба змагацца зь іншымі. Дык там дастаткова, каб навучыць салдат аўганскіх супраць Аль-Каіды. Вось так, і прэміі, і ўсё такое”.

Камэнтар лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі.

Анатоль Лябедзька: “Як і ў Беларусі, значная частка аўганцаў хоча жыць у міры і спакоі. Аднак хапае і тых, хто жыве на чужым няшчасьці: вырошчваюць опіюм, захопліваюць і прадаюць людзей… Гэта — рэаліі. Таму калі й фармуляваць прэтэнзіі да Абамы, то, на вялікі жаль, яму нестае менавіта жорсткасьці дзеяньняў, часьцей справа абмяжоўваецца толькі рыторыкай. Вось многія і ўздымаюць галовы, разумеюць: ім за іхныя злачынствы не дастанецца. Ад гэтага колькасьць загіблых у сьвеце людзей не зьмяншаецца. Таму ў мяне ёсьць прэтэнзіі да Абамы, але яны іншага кшталту”.

Ну, а зараз — тая частка аўдыёпошты, якая так або інакш закранае пытаньні сацыяльнага, культурнага жыцьця краіны. Спадарыня Ларыса.

Спадарыня: “Вось перадача па “Свабодзе” “Раскіданае гняздо” ў Менску. Я з такога раскіданага гнязда. Там, дзе стаяў наш дом, насупраць Палаца спорту, уздоўж ракі была вуліца Стараслабадзкая. У нашым выпадку пашыралі раку, супраціўленьне было бессэнсоўным. І такіх раскіданых гнёздаў па ўсёй Беларусі шмат. Жывуць там адны старыя. Дзіўлюся: дзе іх дзеці? Недзе шчэмяцца ў горадзе, у цеснаце, але — у горадзе!.. Дык вярніцеся ў гэтае гняздо і адбудуйце, жывіце на прыродзе”.

Наступнае тэлефанаваньне: спадар Зіноўеў.

Спадар: “Ну не бяднее талентамі зямля беларуская! Вось кінастудыя “Беларусьфільм” здымае ўжо другую карціну зь Вікай Лукашэнкай, якая ў газэце прадстаўленая як “вопытная актрыса”. Я віншую Ўладзімера Замяталіна з такой знаходкай і вельмі рады за кінастудыю “Беларусьфільм”. І ніякай сямейнасьці, вядома ж!”

Наступная тэма — стаўленьне слухачоў да аўдыёкніжак беларускіх аўтараў.

Спадар:
“Гэта вельмі патрэбныя кніжкі для нас цяпер, бо грамадзтва стала больш кампутарызаваным. Калі цяжка слухаць у аўтобусе ці тралейбусе, то вельмі добра ў машыне, нават у горадзе. Зусім такая камэрная атмасфэра ствараецца, ніхто не перашкаджае, руліш сабе і слухаеш, напрыклад, Якуба Коласа — я з задавальненьнем праслухаў, Уладзімера Арлова таксама. Але пажаданьне, каб усё ж такі больш якасна рабілі запісы, каб не кустарна гэта ўсё выглядала. Бо менавіта па Арлову ў мяне такое ўражаньне склалася”.

Камэнтуе грамадзкі рэдактар тыдня — малады паэт Віталь Рыжкоў.

Віталь Рыжкоў: “Для мяне аўдыёкнігі займаюць прыступку паміж уласна кнігамі й экранізацыямі кніг. Аўдыёварыянты (суб’ектыўна мяркую) пры ўсіх іх плюсах горшыя за папяровыя арыгіналы. Параіў бы насамрэч іх сумяшчэньне, асабліва што тычыцца чытаньня філязофіі. У Беларусі выпуск аўдыёкніг дастаткова запозьнены. Найбольш цікавымі мне падаюцца дыскі пад рэжысурай Дзьмітрыя Дзьмітрыева з аўтарскімі чытаньнямі Андрэя Хадановіча, Веры Бурлак, Віктара Жыбуля, Вальжыны Морт. Аўтарскія аўдыёкнігі — гэта захаваньне ў гісторыі паветра голасу аўтараў”.

Учора адзначаўся Міжнародны дзень інвалідаў. Штогод у Беларусі іх становіцца на 30 тысяч болей, а ўсяго ў краіне зарэгістравана паўмільёна інвалідаў. Слухаем іхныя расповеды. Жыхар Гомлі Леанід Пліско.

Спадар: “Я пэнсіянэр, інвалід 3-й групы. З кожным годам выяўляюцца ўсё новыя балячкі. Вось зламаўся зубапратэз, прыйшоў да доктара, заклеілі, заплаціў 20 тысяч. Але доктар сказаў, трэба мяняць два пратэзы на новыя. Гэта каштуе 300 тысяч рублёў, а пэнсія ў мяне — 400 тысяч. Выходзіць так: хочаш новыя пратэзы — жыві месяц бязь ежы”.

Званок ад спадарыні Валянціны з Бабруйску, якая мае другую групу захворваньня апорна-рухальнай сыстэмы.

Спадарыня: “У нашай краіне інвалідаў за людзей многія ня лічаць. А калі няма іх, людзей, то і праблем няма. Беды інвалідаў не вырашаюцца ці вельмі кепска вырашаюцца. Пачынаючы з самага высокага ўзроўню — ураду. Гледзячы на вярхі, і нізы нічога ня робяць. Адміністрацыя аўтобуснага парку г. Бабруйску, куды я зьвярталася 3 разы, ніяк ня можа абазначыць месцы для інвалідаў у аўтобусах: так, каб яны былі бачныя і даступныя. І вынікае, што месца ёсьць, а на яго многія сесьці ня могуць”.

Выказваецца на гэтую тэму й інвалід Валер Курневіч зь Печаў.

Спадар:
“Пандусаў нідзе няма. Каля крамы, каб купіць бохан хлеба, ля аптэкі, каб купіць лекі. Я ўжо не кажу пра грамадзкі транспарт, у якім няма ніводнай пад’ёмнай плятформы. Маем надзею, можа, і да інвалідаў-вазочнікаў некалі дойдзе рэформа”.

Многія лічаць, што праблему інваліднасьці часам ускладняе і дзяржаўная палітыка. Напрыклад, у адносінах да тых людзей, якія трапляюць за краты. Сярод іх і палітзьняволены Мікалай Аўтуховіч, які мае вялікія праблемы са здароўем. Аднак улады не заўважаюць іх з палітычных меркаваньняў, лічыць Віктар Буто.

Спадар:
“Ці можа ў Менску адбыцца судовы працэс, такі, як над прадпрымальнікам Аўтуховічам? Гэтага проста не дапусьцяць асобныя людзі з выканаўчай улады”.

А зараз — тэма эпідэміі грыпу і стасункаў са “Свабодай”.

Спадарыня: “У Асіповічах на мінулым тыдні памерла яшчэ двое чалавек ад пнэўманіі. Цяжарная жанчына і ВІЧ-інфікаваны. Хачу паведаміць, што пнэўманія на рэнтгенаграме ва ўсіх дарослых выглядае аднатыпна. Над дыяфрагмай з двух бакоў зацямненьне. Над ім быццам падае буйнымі камякамі сьнег. Вярхушкі лёгкіх часьцей чыстыя.

Вас заўсёды дрэнна чуваць”.

Што да апошняй заўвагі спадарыні Барэль — нагадаю: нядаўна яна была грамадзкім рэдактарам “Свабоды”, — то вось адказ кіраўніка беларускай службы Радыё Свабода Аляксандра Лукашука:

Аляксандар Лукашук:
“Дзякуй за паведамленьне! Каб палепшыць якасьць прыёму, нашым тэхнічным службам трэба ведаць, калі і на якой хвалі вы слухаеце “Свабоду”. Паведамленьне мусіць гучаць прыкладна так: “а 22-й гадзіне на хвалі 41 мэтар былі моцныя шумы ці зьнік сыгнал”. Мы са свайго боку, шаноўныя слухачы, таксама стараемся адсачыць і паправіць сытуацыю. Адначасна нагадваю: заўсёды выдатны прыём — праз тэлевізар са спадарожнікавай антэнай. Інструкцыя, як настроіцца на “Свабоду” праз сатэліт, ёсьць на сайце svaboda.org. Таксама мы час ад часу чытаем яе ў эфіры. А сёньня яна будзе гучаць кожныя паўгадзіны — падрыхтуйце асадку. Заўсёды можна слухаць “Свабоду” і праз інтэрнэт. Адрас той самы: svaboda.org. Яшчэ раз просьба: паведаміце, калі ласка, на якой хвалі і калі менавіта нас дрэнна чуваць — будзем удзячныя за дакладную інфармацыю”.

Тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG