Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня Палата прадстаўнікоў ратыфікавала пакет з 13 дакумэнтаў, якія тычацца Мытнага саюзу Беларусі, Расеі і Казахстану. Віцэ-прэм’ер Андрэй Кабякоў сказаў дэпутатам, што тры краіны ўзялі на сябе абавязкі дзейнічаць надалей паводле агульных правілаў. Ён падкрэсьліў, што Беларусь ня толькі атрымае ад гэтага «відавочныя і бясспрэчныя выгады». За іх трэба будзе заплаціць і пэўную цану.

Віцэ-прэм’ер Андрэй Кабякоў амаль паўгадзіны тлумачыў сытуацыю, пераконваў у перавагах Мытнага саюзу «тройкі». Але напрыканцы сваёй прамовы ён сказаў і пра мінусы:

«Стварэньне Мытнага саюзу аб’ектыўна вядзе да зьяўленьня пэўных фактараў уразьлівасьці Рэспублікі Беларусь у зьнешнеэканамічнай і зьнешнепалітычнай сфэрах. Па-першае, адкрываецца ўнутраны рынак для канкурэнтаздольных тавараў з Расеі і Казахстану, у прыватнасьці — прадукцыі, адносна якой трэба будзе адмовіцца ад мер нетарыфнага рэгуляваньня. Ускладненьне мэханізму зьніжэньня тарыфнай апэратыўнасьці абароны айчынных вытворцаў, паколькі мы мусім узгадняць іх з Расеяй і Казахстанам. Немагчымасьць правядзеньня самастойных перамоваў пра гандлёвыя рэжымы з трэцімі краінамі».

Незалежны фінансавы аналітык Сяргей Чалы кажа: бар’еры паміж Беларусьсю і Расеяй, пачынаючы яшчэ з 1995 году, не былі ні тарыфнымі, ні мытнымі. Ці здыме іх мытны саюз? Аналітык кажа:

Сяргей Чалы
«Я шчыра кажучы, дагэтуль ня ўпэўнены, што з гэтага нешта атрымаецца. Асноўная яго ідэя зразумелая — Расея найбольш зацікаўленая, каб перанесьці сваё загараджальнае мыта на вонкавыя межы. То бок гэта элемэнтарная пратэкцыянісцкая палітыка. І мы пакуль не атрымліваем, па вялікім рахунку, ніякіх пераваг параўнальна з тым, што было».

З Мытнага саюзу «тройкі» толькі Беларусь ахоплена праграмай «Усходняе партнэрства». І атрымліваецца, што цяпер пры гандлёвых перамовах з Брусэлем Беларусі трэба будзе абавязкова ўлічваць яшчэ і інтарэсы Масквы і Астаны.

Ці ня будзе так, што магчымыя страты ад гандлю з Эўропай перакрыюць выгады ад саюзу «тройкі»? З гэтым пытаньнем я зьвярнуўся да намесьніка старшыні міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Ігара Карпенкі. Дэпутат кажа, што ў краіны Эўразьвязу Беларусь экспартуе пераважна прадукцыю нафтахімічнага комплексу. А галоўная маса тавараў ідзе ў Расею, у трэція краіны:

«Сёньня мы рэальна бачым, што ў праграме „Усходняе партнэрства» пакуль няма яшчэ такіх сямімільных крокаў, якія б прасунулі нас хаця б да стварэньня зоны свабоднага гандлю. Наадварот, нас выціснулі з сыстэмы прэфэрэнцыяў. Таму я сёньня ня зьмешваў бы гэтыя інтэграцыйныя працэсы. Ва «Ўсходнім партнэрстве“ пакуль больш палітычнага дыялёгу».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG