Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Міністэрства культуры “фільтруе” замежнікаў


З ініцыятывы Міністэрства культуры ўскладняецца працэдура правядзеньня сумесных мерапрыемстваў пад дахам музэяў. Перадусім гэта тычыцца імпрэзаў з удзелам замежных грамадзянаў, чыё знаходжаньне ў дзяржаўных установах павінны ўхваліць міністэрскія супрацоўнікі.

Прадстаўнікі творчых колаў ужо сутыкнуліся з асьцярожным стаўленьнем адміністрацыяў шэрагу музэяў да спробы наладзіць інтэрнацыянальныя вечарыны. Так, ня мела плёну спроба арганізаваць у Літаратурным музэі Максіма Багдановіча сустрэчу з актывістамі ўкраінскага літаратурнага руху “Пералаз”. На якой падставе адмоўлена ініцыятарам? Сытуацыю тлумачыць дырэктарка музэйнай установы Тацяна Шаляговіч:

“Пачнём з таго, што музэй здае ў арэнду толькі з дазволу Міністэрства культуры, у любым выпадку. Але ў практыцы музэяў бывае, што гэта ня здача ў арэнду, а сумеснае мерапрыемства. Калі сумеснае мерапрыемства з замежнымі ўдзельнікамі альбо з прадстаўніцтвам дыпляматычных альбо консульскіх службаў, то вось на гэта патрэбна ўзгадненьне Міністэрства культуры”.

Карэспандэнт: “Ці даўно дзейнічае такая ўмова?”

“Ну, ня так даўно прыйшла такая інфармацыя аб абавязковым узгадненьні. Справа ў тым, што, па-першае, гэта павінен быць сумесны праект з музэем. Калі ў дадзеным выпадку гаворка пра нас, то каб там фігураваў Максім Багдановіч і г.д. Вось на такім узроўні мы заўсёды ідзём на кантакты”.
Перш чым здаваць у арэнду хоць 1 квадратны мэтар, я павінна ўсё ўзгадніць, атрымаць дазвол Міністэрства культуры

Разгляд заяўкі займае ў сярэднім 10 дзён пры ўмове наяўнасьці дакумэнтаў, якія, сярод іншага, пацьвярджаюць, што заплянаванае мерапрыемства адпавядае асноўнай тэматыцы музэю. Ці не зьнеахвоцяць навацыі патэнцыйных інвэстараў? Ці ня страцяць і без таго небагатыя музэйныя ўстановы магчымасьць атрымаць лішнюю капейчыну? Бо калі заяўку ў ведамстве будуць разглядаць 10 дзён, заўсёды знойдзецца не такая забюракратызаваная альтэрнатыўная пляцоўка. Спадарыня Шэляговіч на гэта кажа, што ўсё ж мусіць кіравацца распрацаванымі інструкцыямі:

“Перш чым здаваць у арэнду хоць 1 квадратны мэтар, я павінна ўсё ўзгадніць, атрымаць дазвол Міністэрства культуры — вышэйстаячай арганізацыі. Пры гэтым прадставіўшы цэлы сьпіс дакумэнтаў, разьлікаў, падпісаных дамоваў. Вось толькі такім чынам. І то потым засядае камісія па здачы маёмасьці ў арэнду пры Міністэрстве культуры, і толькі пасьля гэтага прымаецца рашэньне. У асноўным яны даюць згоду, таму што грошы лішнімі не бываюць. І для ўстановы грошы вельмі патрэбныя. Калі яна мае магчымасьць штосьці здаць у арэнду, заўсёды ідуць насустрач і прымаюць станоўчае рашэньне па здачы ў арэнду. Але на гэта патрэбныя час і вялікая праца па падрыхтоўцы дакумэнтаў. Ну а 10 дзён? Нічога страшнага, усё роўна ж не пазьней як за 10 дзён рыхтуецца мерапрыемства”.

Ініцыятыва браць на ўлік замежных гасьцей прыпісваецца непасрэдна міністру культуры Паўлу Латушку. Аднак дырэктарка багдановіцкага музэю Тацяна Шаляговіч ня схільная ў чымсьці вінаваціць кіраўніка ведамства:

“Наш міністар Павал Латушка — былы амбасадар Рэспублікі Беларусь у Польшчы. Ён добра ведае акалічнасьці і пэўныя неабходнасьці пратакольных абавязкаў з боку таго ці іншага ўдзельніка. Таго паўгоду, як ён у нас працуе міністрам, ён вельмі актыўна займаецца пашырэньнем сувязяў з замежнымі краінамі. І каб мерапрыемства было больш важкім, больш значным, ён гатовы нават сам прымаць удзел (альбо ягоныя намесьнікі) у тых ці іншых імпрэзах, дзе задзейнічаныя прадстаўнікі замежных дзяржаваў. І гэта толькі дзеля пашырэньня сувязяў, менавіта дзеля кантакту большага і дзеля падтрымкі ўстановаў у правядзеньні такіх вось сумесных мерапрыемстваў”.

Карэспандэнт: “То бок абмежаваньня ініцыятывы музэяў вы ня бачыце?”

“Не, у дадзеным выпадку — ніякім чынам”.

Мы зьвярнуліся ў Міністэрства культуры па камэнтар, але нам адказалі, што ў гэтым пытаньні можа нешта сказаць толькі міністар Павал Латушка. Аднак сёньня спадар Латушка быў на ўстаноўчым зьезьдзе Саюзу пісьменьнікаў так званай саюзнай дзяржавы.
XS
SM
MD
LG