Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маладафронтаўцы шукаюць старшыню Фэдэрацыі прафсаюзаў беларускай Леаніда Козіка, які ў Брусэлі на паседжаньні Форуму грамадзянскай супольнасьці краінаў “Усходняга партнэрства” казаў, што выйдзе на маніфэстацыю ў цэнтры Менску, калі Тацяну Шапуцьку адлічаць з БДУ.

У прыёмнай старшыні Фэдэрацыі прафсаюзаў сакратарка паведаміла, што Леаніда Козіка няма і што ён заняты. Яна запэўніла, што як толькі сп.Козік вызваліцца, то патэлефануе карэспандэнту “Свабоды”, каб даць камэнтар.

Тым часам створаны аргкамітэт дзеля падтрымкі Тацяны Шапуцькі, у які ўвайшлі вядомыя палітыкі і грамадзкія дзеячы. Студэнты юрыдычнага факультэту, дзе вучылася Тацяна, на знак салідарнасьці пачалі збор подпісаў у рэктарат БДУ.

Інфармацыя пра адлічэньне Тацяны Шапуцькі за яе ўдзел у паседжаньні Форуму грамадзянскай супольнасьці краінаў “Усходняга партнэрства” перададзена ў Брусэль у Эўрапейскую камісію. Праінфармаваныя таксама шэраг дыпмісіяў у Беларусі.

Тацяна Шапуцька спадзяецца, што адміністрацыя БДУ адновіць яе на вучобе, тым больш што яна пасьпяхова вучыцца і ня мае пропускаў заняткаў.

Намесьнік дэкана па выхаваўчай працы юрфаку БДУ Андрэй Шыдлоўскі наконт прычынаў адлічэньня сваёй студэнткі паведаміў, што дэканат тут ні пры чым, і спаслаўся на сваю занятасьць.

Цяпер Тацяна Шапуцька з адвакатам рыхтуюць заяву ў суд і скаргу ў Міністэрства адукацыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG