Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замест “прапольскага” Саюзу палякаў у Шчучыне зьявіўся “пралукашэнкаўскі"


Новая перадача сэрыі “Падарожжы “Свабоды”. Эфір 3 сьнежня

Хоць горад знаходзіцца на скрыжаваньні буйных шляхоў і амаль у цэнтры Гарадзенскай вобласьці, патрапіць сюды нялёгка. Бліжэйшая чыгуначная станцыя — за 7 км, дый ад аўтабану трэ зьвярнуць на кілямэтры 2—3. Яшчэ не разьвіднела, як сустрэліся з маім даўнім знаёмым — 58-гадовым Генадзем Кіенкам, старшынёй незарэгістраванай суполкі Партыі БНФ, інжынэрам электрасетак. Гэты шчуплаваты, сьціплы чалавек з удумлівымі вачыма валодае вялікай унутранай сілай. Напярэдадні вярнуўся з Астрахані, з падводнага паляваньня на самоў. 40 год займаецца радыёаматарствам — “перагукаецца” са 150 адрасатамі з усёй плянэты, у тым ліку з Антарктыды. За кавай распавядае, як у 80-х мінулага стагодзьдзя дапамог выратаваць славутую экспэдыцыю сямёркі адважных Дзьмітрыя Шпаро на Паўночны полюс:

Генадзь Кіенка
Кіенка:
“На востраве Кацельным была базавая станцыя. Яны ішлі да яе. І сытуацыя — станцыя не змагла зьвязвацца з Масквой. А мы іх добра чулі. Шпароўцы перадавалі, што ім фізычна цяжка, рукі ў крыві. І мы іх інфармацыю перадавалі ў Маскву і адтуль назад…”

Спадар: (гукі эфіру, галасы:) “Рады сустрэчы, Генадзь…”

Выключаем яго караткахвалевую радыёстанцыю і накіроўваемся да былога кінамэханіка, 79-гадовага спадара Аўгена Войціка. Яму было 12, калі ўбачыў карціну, якая стаіць перад вачыма ўсё жыцьцё. Але ўпершыню публічна вырашыў расказаць праз “Свабоду” толькі цяпер — маўляў, каб не забіраць у магілу. Пагатоў праўда гэтая датычыць дзьвюх з паловай тысяч забітых габрэяў, якія да другой сусьветнай жылі ў Шчучыне.

Карэспандэнт: “Вы адзін засталіся, хто памятае пра гэта?”

Войцік:
“Так. 9 траўня 42 года з раніцы мужчын зьбіралі з рыдлёўкамі, і пачалі капаць магілы габрэям. Бацька ўспамінае, прыяжджае немец вышэйшага чыну і кажа, што мала выкапалі. Маўляў, калі праз паўгадзіны ня будзе гатовая яміна 100 мэтраў даўжыні, дык ляжаце тут самі. Вырылі вокамгненна. І сталі гнаць габрэяў па вуліцы Кірава. Гнаў спэцатрад СС. А мы, пацаны, залезьлі на вялікія камяні, што для будаўніцтва завезеныя. Бачылі, як самі распраналіся і палкамі-палкамі іх у магілу. Стрэлы чутныя былі. І раптам ціў-ціў — кулі па камянях, дзе мы. І мы прапаўзьлі да вуліцы. Айцец мой засыпаў потым іх. Казаў, прывезьлі хлёркі, вапны і калі сыпаў на іх, дык шавяліліся. А каманда гэта ехала п’янымі, рукавы засучаныя, з акардэонамі. З тых часоў габрэяў у Шчучыне няма…”

Кубышын: “Пагрузілі на вазы — гэта 40 год — энкавэдысты 100 дзяцей кулакоў, лесьнікоў і на станцыю Ражанка. Там у вагоны. Напэўна, не даехалі — памерзьлі…”

Гэта падтрымаў тэму 59-гадовы спадар Антон Кубышын. Прадпрымальнік, фэрмэр. У яго прыродная цяга да зямлі. Але першая спроба стаць фэрмэрам 4 гады таму правалілася.

Кубышын: “Па лізінгу тэхнікі ўзяць ніякай не ўдалося. Калі пайшоў у банк, убачыў, што для калгасаў адна цана, а для фэрмэраў удвая большая. І зь першага месяца, не зарабіўшы, трэба пагашаць…”

Вольныя землі пры гэтым прапаноўвалі ці не за 60 кілямэтраў ад Шчучына. Вазіў трускаўкі з Польшчы на перапродаж, аж пакуль цудам не пашэнціла ўзяць непадалёк чатыры га зямлі. А імі ўжо Антон Кубышын распарадзіўся па-гаспадарску…

Кубышын: “Цяпер у мяне га трускаўкаў, 0,5 га капусты, астатняе зерневыя. Купіў развалены трактар Т-40, адрамантаваў і на ім раблю. Плугі, культыватар. Робім я і жонка. Калі пік ягады, наймаем людзей. Збыт нармальны, Шчучыншчыны хапае…”

У 90-х спадар Антон 10 год узначальваў філію Саюзу палякаў. З-за неразьбярыхі ды інтрыгаў, па яго словах, мусіў сысьці. Кажа, што гэта было “да лепшага”, і… прапануе паглядзець, што робіцца ў тутэйшым Доме польскім, будоўлю якога калісьці арганізоўваў. Падыходзім — нікога, толькі пустыя аканіцы. Гэта ў нядзелю, калі “ў асноўным цэнтры польскага жыцьця ўсё мусіць хадуном хадзіць”.

Кубышын падмацоўвае свой выраз лічбай — у 13-тысячным Шчучыне палякамі лічаць сябе дзьве трэці насельнікаў. Тэлефануем Ёане Міхайлоўскай ды Віктару Богдану, якія ўзначальваюць тут адпаведна незалежную ды прапрэзыдэнцкую філіі Саюзу палякаў. Маўчаньне ў абодвух выпадках. Ужо зь Менску гутару са старшынёй галоўнай рады Саюзу палякаў, спадаром Андрэем Пачобутам, які добра абазнаны ў шчучынскай сытуацыі.

Андрэй Пачобут
Пачобут:
“Дом польскі пераважна зачынены, кантралюецца ўладамі. Менавіта ў гэтым Доме ў 2005-м было сабрана паседжаньне прапрэзыдэнцкай так званай галоўнай рады, нягледзячы на адсутнасьць кворуму…”

Карэспандэнт: “Андрэй, але ў будаўніцтва Дома польскага ў свае часы былі ўкладзены ахвяраваньні польскай дзяржавы…”

Пачобут: “Усе Дамы палякаў былі пабудаваныя пры падтрымцы “Спульноты польскай” — грамадзкай арганізацыі, якая супрацоўнічае з дыяспарамі за мяжой. Так, беларускія ўлады нічога ня ўклалі. У 2005-м дамы займалі штурмам, як гэта было ў Гродне, калі спэцназ увайшоў у сядзібы, выцягнуў людзей і ўвёў новае кіраўніцтва. У Шчучыне мы спрабавалі разабрацца, таму што шмат сыгналаў было пра фінансавыя парушэньні. Богдан клаўся ў шпіталь, каб з намі не сустрэцца. На яго баку мясцовыя ўлады, таму што на той час яго жонка была старшынёй раённага суду. Старшыня “Спульноты польскай” Мацей Плажыньскі, дэпутат Сойму, прыяжджаў у Шчучын. Яны без папярэджаньня зайшлі, і вартаўнік на расейскай мове ім сказаў — “знаете, здесь когда-то был Дом польский, теперь фирмы”. Вялікая праблема! Таму што будаваліся гэтыя дамы, каб была культурніцкая дзейнасьць, можна было вучыцца польскай мове. Напрыклад, хор, які пры Доме быў, вымушаны рабіць рэпэтыцыі на прыватнай кватэры. І ніхто з актывістаў ня хоча мець дачыненьні з Богданам, таму што гэта ўлады…”

Я ўсё ж зьвязаўся па тэлефоне з Домам польскім у Шчучыне, гэтым разам у будзённы дзень. Сапраўды, са мной гаварылі не па-польску і нават не па-беларуску:

Карэспандэнт: “Гэта Дом польскі?”

Спадарыня: “Да-да-да…”

Карэспандэнт: “Мне Віктара Богдана ці можна?”

Спадарыня: “Его сегодня нет. А вы сотовый знаете его?”

Тэлефаную памянёнаму Віктару Богдану. Усё сказанае фактычна пацьвердзіў ён сам:

Карэспандэнт: “Спадар Віктар, кажуць, шмат камэрцыйных фірмаў у Доме палякаў…”

Богдан: “Якіх гэта шмат? Те только, чтоб удержать этот Дом. От поляков никакой помощи нет. Поэтому деньги идут согласно занимаемым площадям на банковский счёт. Мы сдаём 176 квадратных метров…”

Карэспандэнт: “Чаму іншая польская грамада ня ў вас? Мне сказалі, ансамбль у вас быў, цяпер на прыватнай кватэры рэпэтуе…”

Богдан: “Неправда, я от вас впервые такое слышу…”

* * *

Палітычнае жыцьцё ў Шчучыне заўжды было досыць насычаным. Узгадаць хоць Сяргея Ляшкевіча, сябра Партыі БНФ, што ўзначальваў штаб Мілінкевіча і быў асуджаны да 5 месяцаў зьняволеньня — нібыта за падрыхтоўку шчучынскіх маладзёнаў да масавых беспарадкаў. Пабачыць яго не ўдалося — быў у ад'езьдзе. Затое сустрэўся з тутэйшай “жалезнай камуністычнай лэдзі”, як яе называюць — спадарыняй Зінаідай Прохар, сябрам прапрэзыдэнцкай КПБ, былой настаўніцай біялёгіі. Сама Зінаіда Аляксееўна з-за хваробы ходзіць на мыліцах, аднак, па звычцы, рысаком ірвецца ў бой. Дарэчы, у 90-х партыйная суполка КПБ налічвала да сотні чалавек, цяпер няма і дзясятка.

Зінаіда Прохар
Прохар:
“Я вам скажу, што зрабіла Савецкая ўлада для людзей — здароўе і адукацыя нацыі. У выніку працягласьць жыцьця ўдвая падоўжана. Мы пазбавіліся ад малярыі, сыпнога, брушнога тыфу. Сілкаваньне нармальнае!”

Карэспандэнт: “А як вы ставіцеся да рэпрэсій?”

Прохар: “Я ў той час не жыла і ў Сыбіры не была. Але, мне падаецца, разьдзьмуваюць, хочуць апошліць Савецкую ўладу. А што нясуць на Леніна, геніяльнейшага вучонага сьвету? А цяпер у кожнага юрыста ляжыць “Капітал” Маркса…”

Карэспандэнт: “Лукашэнка яўна Маркса не трымае, бо кажа пра сацыяльна арыентаваны РЫНАК. А як вы да яго ставіцеся?”

Прохар: “Ён малайца! Ён захаваў дзяржаўную ўласнасьць на асноўныя сродкі вытворчасьці, высокакваліфікаваныя кадры, калектыўныя гаспадаркі. Мы са сваім маслам, малаком, яйкамі, сьмятанай незалежныя!”

Даведаўшыся, якое радыё я прадстаўляю, спадарыня Прохар і тут пайшла ў наступ.

Прохар: “Я ведаю беларускую мову. З задавальненьнем чытаю Шамякіна, Коласа, Купалу…”

Карэспандэнт: “А Васіля Быкава чыталі?”

Прохар: “Чытала, але шмат у чым нязгодная. Яго кнігі наводзяць самоту, кладуць камень на душу. А літаратура павінна натхняць, паказваць лепшае…”

Глаз: “Рэпрэсіі ў Шчучыншчыне былі. Каб Сталін пабыў бы, косьці мае былі б у Сыбіры, бо бацька быў вэтэрынарны ўрач. Прыходзіў да кароў, коней, гаспадары з абразамі стаялі. Бо гэта жыцьцё. Няма — жабруй…”

Гэта адзін са старэйшых жыхароў Шчучына, 84-гадовы спадар Глаз. Захаваў жвавасьць, здароўе маладосьці, што дазваляе актыўна браць удзел у мясцовым жыцьці і даглядаць 120 сотак уласнай гаспадаркі. Але напачатку пра стан рэчаў на найбуйнейшым тут прадпрыемстве “Аўтадрот”, дзе ён адпрацаваў інжынэрам па тэхніцы бясьпекі.

Глаз:
“Было 1250 рабочых, цяпер 800. Пры СССР прадукцыя ішла ва ўсе сацыялістычныя краіны — драты для аўтамабіляў, трактароў, цягачоў, падводных лодак. Загубілі “Комсомолец” сваімі дратамі. (Сьмяецца.) Склады затавараныя. Зрабілі 5-дзёнку, 4-дзёнку, 3-дзёнку. Скарацілі людзей. У майго пляменьніка заробак скарацілі ўдвая — цяпер да 300 тысяч…”

З 16 стагодзьдзя Шчучын стаў уласнасьцю князёў Друцка-Любецкіх. Іх палац — галоўная тутэйшая культурна-гістарычная каштоўнасьць. Пабудаваны ў другой палове 18 стагодзьдзя архітэктарам дэ Фленэрсам. За яго захаваньне змагаецца спадар Глаз.

Глаз: “Хто разбурыў? Частку таго, што было ўнутры, забралі савецкія войскі — дзьверы добрыя былі, коміны з замежнай цэглы. Усё ў Расею павезьлі — піяніны, фісгармонію. Дах быў у цынкавых бляхах — літавалі вёдры. А ўзімку жаўнеры ад сьнегу чысьцілі дах, нарабілі дзірак, і пачаў ён працякаць. Пачалі арнамэнт, упрыгожаньні на сьценах асыпацца. Бязладзьдзе! Шчучынскай вэртыкалі нічога ня трэба было. І цяпер слаба займаюцца. А я сеў — гэта ж наша культура, сэрца! Пісаў Лукашэнку, езьдзіў да яго. Рашэньне камісіі накрыць бляхамі было. Але мала грошай. А на ніжніх паверхах столь, падлога аж выгінаецца. Мне не даюць пісаць, а я ім пад хвост, пад хвост даю!”

Палац князёў Друцка-Любецкіх

Падвечар да спадара Кіенкі завітаў сябра і паплечнік па Партыі БНФ, кандыдат сельгаснавук, спадар Кухарчык. Ён штодзень на колах — працуе ў найбуйнейшым тут беларуска-чэскім прыватным прадпрыемстве па вытворчасьці рапсавага алею. Паводле хімічнага складу той набліжаецца да аліўкавага. Мае распаўсюд па ўсёй краіне. Прадпрыемства дае шчучынцам 100 працоўных месцаў. Але й тут, як той казаў, усё адбываецца як заўжды.

Пётар Кухарчык
Кухарчык:
“Неабдуманыя крокі былі з боку дзяржавы. У тым годзе падвысілі закупачныя цэны на сыравіну — рапсавае насеньне — у 1,8 раза, празь месяц — яшчэ на 130 рублёў. Атрымалася, што мы куплялі па адной цане, потым заднім днём даплачвалі за кожную кілю. А ў тым годзе ў Расеі і на Украіне быў добры ўраджай сланечніку, і атрымалася, што наш алей стаў даражэйшы. Былі тыднёвыя прастоі. У выніку стала пытаньне аб закрыцьці. Ударыла, канечне, па ўладальніку. Нейкія зьберажэньні ў яго былі — кінуў, каб падтрымаць, не звальняць людзей…”

Са спадаром Кіенкам падсумоўваем вынікі вандроўкі. Да нас далучаецца яго сын — 26-гадовы гісторык-асьпірант Зьміцер. Апошні надрукаваў нядаўна досьлед гісторыі авіяцыі ў Шчучыне, дзе з 40-х кватаравалі два авіяпалкі. Але размова — пра надзённае.

Кіенка: “Як мы пабачылі, людзі сталага веку больш жывуць мінулым. А мінулае не было станоўчым — стаялі ў чарзе па хлеб. І пэнсія ў 500 рублёў — жыцьцёвая вышыня. А што за яе можна купіць нават у параўнаньні з той, што была ў мінулыя часы? Моладзь больш прагматычная…”

Зьміцер: “Тыя, хто мае пэрспэктыву, галаву, бягуць у Менск-Гродна. У Шчучыне цяжка знайсьці працу. Прадпрыемстваў, як такіх, няма. Няма дзе знайсьці альтэрнатывы, каб прыкласьці свой розум…”

Кіенка: “Палітычнай актыўнасьці стала менш. Ціск уладаў — адно. З другога боку, у кіраўніцтве апазыцыі ня ўсё добра — дзеляць клункі. На рэгіянальным узроўні гэта не знаходзіць разуменьня. На прыкладзе Ляшкевіча Сяргея — актыўнасьць яго падае. Не з-за таго, што забаяўся. Няма вынікаў супольнай працы. Нам даводзілася пачуць, што ўпрыгожаны горад. “У крамах усё ёсьць”? А слаба харчуюцца. Значна важней падняць эканоміку. Але глыбей зірнуць шмат каму розуму не хапае! Каб прыйшла эўрапейская тэхналёгія на той самы “Аўтадрот”, каб там былі не станкі 50-х гадоў, а сучасныя — драты, што ляжаць на складах, знайшлі б свайго пакупніка…”

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG