Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шыльда свабоды
Горадня, вуліца Карла Маркса, 11
У гэтым будынку з 1996 да 2003 году знаходзіўся офіс Гарадзенскай гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ — адзін з цэнтраў нацыянальна-дэмакратычнага руху.
Адкрыта сабраць у цэнтры вялікага гораду байцоў-антысаветчыкаў, вітаць іх, слухаць іхныя ўспаміны і аплядыраваць ім сёньня выглядае ня толькі нерэальным, але і фантасмагарычным. А ў 2000 годзе гарадзенскім дэмакратычным актывістам гэта ўдалося. У партыйным офісе БНФ адбыўся сход удзельнікаў антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі. Дасьледчык Сяргей Ёрш даў адрасы, прывезьці гасьцей каштавала ня надта дорага, а рэзананс імпрэза мела вельмі вялікі, — успамінае старшыня гарадзенскай гарадзкой арганізацыі партыі БНФ Вадзім Саранчукоў:

«Было вельмі шмат народу, амаль дзьвесьце чалавек. Мы здолелі прывезьці каля трыццаці байцоў, якія змагаліся з саветамі тут, у Заходняй Беларусі. Вялікае ўражаньне для ўсіх было. Гэта былі ўжо вельмі старыя людзі, ім тады было каля васьмідзесяці — васьмідзесяці пяці гадоў. І ім самім было цікава, што пра іх памятаюць, іх яшчэ хочуць паслухаць. Тады гэта атрымалася...»

За сем гадоў, што гарадзенская арганізацыя БНФ займала гэтае вялікае памяшканьне, тут прайшлі сотні імпрэзаў. Тутсама пэўны час месьціліся і рэдакцыя пазьней забароненай газэты «Пагоня», і Таварыства беларускай мовы. Знайсьці шлях туды было вельмі проста — цэнтар гораду, шыльда «БНФ» на дзьвярах і партыйны бел-чырвона-белы сьцяг.

Выціснуць з цэнтру гораду гэты асяродак свабоды ўладам удалося праз спосаб, апрабаваны шмат у якіх кутках Беларусі — кажа Вадзім Саранчукоў:

«Упраўленьне камунальнай гаспадаркі вырашыла, што дом аварыйны і яму патрэбны рамонт. Нам як арандатарам выставілі рахунак каля 30 тысяч даляраў на правядзеньне рамонту. Ясна, што для нас гэтая сума была непад’ёмная, і нам давялося вызваліць памяшканьне. І нягледзячы на тое, што мы праводзілі незалежную экспэртызу, якая ня выявіла ніякіх вялікіх пашкоджаньняў у будынку, суды прынялі бок камунальнай гаспадаркі. На сёньняшні дзень там месьцяцца крамы і вясельны салён. А рамонту ў будынку так і не было».

Улады не зламалі актывістаў БНФ высяленьнем — ідэалягічна нічога не зьмянілася, але меней стала наведвальнікаў у офісе, бо далей ад цэнтру і памяшканьне ў разы меншае. Але зноў амаль усе гарадзенцы-дэмакраты разам: грамадзкія арганізацыі і партыі знайшлі прытулак у прыватным доме.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG