Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ніколі не адмаўляўся ад рыторыкі пра «малодшага брата»


Валер Булгакаў
Валер Булгакаў

Адступленьне ад палітыкі збліжэньня з Расеяй — гэта «палітычная сьмерць» Лукашэнкі«, — заявіў у чацьвер беларускі прэзыдэнт. Лукашэнка папрасіў, каб расейцы ставіліся да беларусаў як да малодшага брата — не кідалі, і ня крыўдзілі. Чаму прэзыдэнт Беларусі вярнуўся да такой вернападданіцкай лексыкі? Як Крэмль можа рэагаваць на такія рытарычныя жэсты? На гэтыя пытаньні адказвае рэдактар часопіса «Архэ» Валер Булгакаў.

Цыганкоў: «Мы хочам, каб наш старэйшы брат-расеец ставіўся да нас як да малодшага брата. Недзе паўшчуваў, але ніколі ня кідаў, ніколі ня крыўдзіў, не нахіляў і не папракаў, што мы там гіра на нагах». Чаму, на вашую думку, Аляксандар Лукашэнка зноў вярнуўся да такой лексыкі, ці можа гэта быць зьвязана з перамовамі вакол цаны на газ і вакол прэфэрэнцыяў у Мытным Саюзе?

Булгакаў: Я хацеў бы сказаць, што беларускі прэзыдэнт не «вярнуўся» да такой рыторыкі, бо ён ніколі ад яе не адмаўляўся. Безумоўна, у ягоным палітычным мысьленьні і палітычным слоўніку нешта зьмянілася за апошнія паўтара года, але не настолькі, каб ён рабіў заявы, зь якіх вынікала б, што беларускаму рэжыму няма патрэбы абапірацца на «старэйшага брата». Так, Лукашэнка бэсьціў асобных расейскіх палітыкаў, але як правіла, суправаджаў гэта рытуальнымі запэўніваньнямі, што на глыбінным, фундамэнтальным узроўні нічога не мяняецца. Што Беларусь была і будзе вернай саюзьніцай Расеі, чаго б гэта не каштавала беларускай дзяржаве.

Таму праз гэтую прызму мы бачым хутчэй вернасьць раней абранаму курсу, чым прынцыповую зьмену курсу. Што датычыць пытаньня, чаму гэта прагучала цяпер, то, напэўна, маюць рацыю экспэрты, якія тлумачаць гэта новай фазай абмеркаваньня паставак расейскіх энэрганосьбітаў. Зьвярну ўвагу, што напачатку гэтага месяца ў Маскве ўжо адбыліся слаба асьветленыя беларускімі СМІ першапачатковыя перамовы па парадку продажу энэрганосьбітаў. Зь беларускага боку там удзельнічаў віцэ-прэм’ер Сямашка.

Цыганкоў: На вашу думку, як Крэмль можа цяпер рэагаваць на такую рыторыку Лукашэнкі? Ці дзейнічаюць такія словы на Пуціна і Мядзьведзева?

Булгакаў: Безумоўна, яны ня дзейнічаюць так, як яны дзейнічалі 10 гадоў таму. Таму гэта ўспрымалася як нешта арыгінальнае, тады Лукашэнка быў адзіным прадаўцом такой рыторыкі, і яна куплялася за баснаслоўныя сумы.

Цяпер расейскае кіраўніцтва памянялася, Пуцін і Мядзьведзеў значна больш цынічныя кіраўнікі. Таму, з аднаго боку Пуцін пацьвярджае правільнасьць абранага курсу на максымальнае збліжэньне зь Беларусьсю, зь іншага боку — міністар энэргетыкі зьвязвае ўмовы пастаўкі нафты ў Беларусь удзелам расейскіх кампаніяў у прыватызацыі комплексу «Нафтан-Палімір».

Увогуле, лукашэнкаўскія запэўніваньні ў вернасьці і ляяльнасьці нагадваюць мне падобныя запэўніваньні старажытнарускіх князёў мангольскім фэадалам у Залатой Ардзе. У гэтым сэнсе палітычная гісторыя мала мяняецца.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG