Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін—Лукашэнку: Грошы ў абмен на інтэграцыю


Уладзімер Пуцін падчас сваёй штогадовай тэлеразмовы з грамадзянамі Расеі адказаў на крытыку, якая прагучала на яго адрас з боку А. Лукашэнкі. Сярод іншага ён заклікаў Беларусь да больш шчыльнай інтэграцыі ў рамках так званай саюзнай дзяржавы ў абмен на дадатковую падтрымку з боку Расеі.

Першае пытаньне, якое задалі У.Пуціну праз тэлефон, тычылася нядаўняй крытыкі А.Лукашэнкі на ягоны адрас. “Чаму вы не рэагуеце на яе?” — спыталіся ў Пуціна, маючы на ўвазе выказваньні Лукашэнкі перад журналістамі рэгіянальных расейскіх СМІ 2 кастрычніка гэтага году. Тады беларускі кіраўнік пэрсанальна абвінаваціў У.Пуціна ў разьвязваньні “газавай вайны” зь Беларусьсю 2004 году і “малочнай вайны” 2009-га.
А можа, гэта каханьне?..

Спадар Пуцін спачатку адказаў жартам:

“А можа, гэта каханьне… А калі сур’ёзна, то ў нас таксама добрыя і цёплыя пачуцьці ў адносінах да ўсяго беларускага народу, усёй краіны і яе кіраўніцтва. Канечне, кіраўніцтва Беларусі хацела б большага”.

[Лукашэнка: адступленьне ад збліжэньня з Расеяй — “палітычная сьмерць”]

Яшчэ больш сур’ёзным тонам Пуцін нагадаў пра вялікую фінансавую падтрымку Беларусі з боку Расеі — пра 3 мільярды даляраў крэдытаў, выдадзеныя за апошні час, пра тое, што Беларусь мае магчымасьць накіроўваць у Расею каля 100 працэнтаў свайго экспарту мясных прадуктаў, каля 80 — малочных, вялікія аб’ёмы сельгастэхнікі, а таксама пра тое, што Беларусь купляе ў Расеі нафту па самай таннай цане ў сьвеце, за выключэньнем самой Расеі.

Пры гэтым ён падкрэсьліў, што аб’ём крэдытаў, выдадзеных Беларусі Расеяй, дастатковы, і што Масква ня можа дапусьціць беларускіх вытворцаў сельгастэхнікі да расейскіх праграмаў субсыдыяў АПК.
Чым глыбейшая інтэграцыя — тым болей магчымасьцяў пераходзіць на ўнутрырасейскія цэны, у тым ліку па энэрганосьбітах

“Але, паўтараю, кіраўніцтву Беларусі хацелася б болей. І гэта, напэўна, было б магчыма. Але, паводле майго глыбокага перакананьня, гэта павінна быць сынхранізаваным з працэсамі інтэграцыі ў рамках саюзнай дзяржавы. Чым глыбейшая гэтая інтэграцыя — тым болей магчымасьцяў пераходзіць на ўнутрырасейскія цэны і стандарты, у тым ліку па энэрганосьбітах”.

Менскі палітоляг Аляксандар Класкоўскі зьвярнуў увагу на тое, што адказ Пуціна на выпады Лукашэнкі атрымаўся нашмат спакайнейшы паводле танальнасьці. Гэта тлумачыцца рознымі характарамі двух палітыкаў і прафэсійнай падрыхтоўкай:

“Мы ведаем, зь якога ведамства Пуцін, а гэта тое ведамства, дзе лічаць за лепшае меней гаварыць і болей рабіць. І маюць у сваім распараджэньні адмысловыя вагары ўзьдзеяньня… Пуцін у сваім адказе згадаў пра газ, пра нафту”.

Прапанову У. Пуціна А. Лукашэнку паглыбляць інтэграцыю ў абмен на матэрыяльную падтрымку і ўнутрырасейскія цэны на энэрганосьбіты спадар Класкоўскі расцаніў наступным чынам:
Глыбейшая інтэграцыя значыць фактычную інкарпарацыю ў склад Расеі.

“Гэта Пуцін проста больш дыпляматычна агучвае тое, што ён сказаў Лукашэнку яшчэ ў 2002 годзе — той знакаміты пасаж пра мухі і катлеты. То бок глыбейшая інтэграцыя значыць фактычную інкарпарацыю ў склад Расеі”.

Такая ўмова непрымальная для беларускага кіраўніцтва — перакананы А. Класкоўскі. Гэтую думку фактычна пацьвердзіў і сам А. Лукашэнка, які сёньня, размаўляючы з расейскімі губэрнатарамі, сказаў: “Расея павінна разумець, што мы — дзяржава”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG