Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы і трыадзіныя: 51,8 % на 41,9 %


У Менску адбылася прэзэнтацыя сацыялягічнага дасьледаваньня “Чым нам ганарыцца: гістарычная памяць, нацыянальныя героі і брэнды вачыма сучасных беларусаў”. Дасьледаваньне было праведзенае Беларускім інстытутам стратэгічных дасьледаваньняў (BISS) і аксіямэтрычнай лябараторыяй “Новак” на заказ агульнанацыянальнай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”.

Паводле дасьледаваньня, беларусамі як прадстаўнікамі асобнай нацыі з асобнай гісторыяй і культураю лічаць сябе 51,8%, тады як 41,9% прытрымліваюцца думкі, што ўваходзяць у склад трыадзінай славянскай нацыі беларусаў, украінцаў і расейцаў.

Крыніцаю паходжаньня беларускай дзяржаўнасьці 38,1% сучасных беларусаў лічаць Вялікае Княства Літоўскае. Полацкае з Тураўскім княствы і БССР назвалі адпаведна 17,7% і 12,4% рэспандэнтаў, Рэспубліку Беларусь – 9,2%, Беларускую Народную Рэспубліку – 5%.

Галоўным нацыянальным сьвятам для 56,9% рэспандэнтаў зьяўляецца 3-га ліпеня, а для 21,8% – 9-га траўня. 4,5% рэспандэнтаў адзначылі, што галоўнае сьвята – Новы год, 1,2% – 25-га сакавіка.

Што да нацыянальнай сымболікі, то 72,6% адказаў прыйшлося на чырвона-зялёны сьцяг і сучасны дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь, 7,7% – на бел-чырвона-белы сьцяг і “Пагоню”. Абодва сьцягі і абодва гербы ўспрымаюць аднолькава як нацыянальную сымболіку 11,2% апытаных. Зусім ня ведаюць і не вызначаюць для сябе нацыянальнай сымболікі Беларусі 8,2% апытаных.

Самымі папулярнымі гістарычнымі дзеячамі, паводле апытаньня, сталі Францыск Скарына (24,9%), Пётар Машэраў (12,7%), Кастусь Каліноўскі (7,1%) і Эўфрасіньня Полацкая (4,1%).

Найлепшым творам беларускага аўтара большасьць удзельнікаў дасьледаваньня лічыць “Людзей на балоце” Івана Мележа. Але найлепшымі пісьменьнікамі названыя Якуб Колас (28,2%) і Янка Купала (26,7%).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG