Лінкі ўнівэрсальнага доступу

200 мільёнаў даляраў, якія Ўсясьветны банк выдзеліў Беларусі на падтрымку эканамічнай праграмы ўраду, паступяць у бюджэт краіны цягам бліжэйшага тыдня. Пра гэта сёньня падчас сустрэчы з журналістамі заявіў Марцін Райзэр — дырэктар аддзелу Беларусі, Малдовы і Ўкраіны ва Ўсясьветным банку. Ён ня выключыў нейкіх тэхнічных затрымак, але запэўніў: нават калі нешта і здарыцца, да Новага году сродкі ў Менск дойдуць абавязкова.

Адказваючы на пытаньні журналістаў, Марцін Райзэр і Пабла Сааведра — старшы эканаміст і кіраўнік групы спэцыялістаў па падрыхтоўцы пазыкаў на мэты разьвіцьця — адзначылі: гэты крэдыт вельмі выгадны для Беларусі. Па-першае, ён выдаецца на вельмі працяглы тэрмін — ажно на 16 гадоў. Па-другое, што тычыцца працэнтнай стаўкі, то яна значна ніжэйшая за рынкавую.

200 мільёнаў даляраў — сума параўнальна невялікая. Але, як падкрэсьліў Марцін Райзэр, “тое, што мы робім для Беларусі, вымяраецца найперш ня колькасьцю даляраў”:

“Нашмат важней, што мы стараемся дапамагчы ўладам краіны, самой краіне распрацаваць такую стратэгію рэформаў, такую стратэгію эканамічнага разьвіцьця, якія дадуць станоўчыя вынікі”.
Далей рух Беларусі будзе абапірацца на дзьве “нагі” — дзяржаўны і прыватны сэктары

Пэрспэктывы беларускай эканомікі абодва спэцыялісты Ўсясьветнага банку зьвязваюць перадусім з павелічэньнем інвэстыцыяў у прыватны сэктар. Спадар Райзэр падкрэсьліў:

“Калі Беларусь раней рухалася на адной “назе”, вельмі моцнай “назе” — дзяржаўным сэктары, то далей яе рух будзе абапірацца на дзьве “нагі” — дзяржаўны і прыватны сэктары... За кошт грошай, атрыманых ад міжнародных структураў, можна разьвіваць малы і сярэдні бізнэс, сэктар паслугаў, будаваць прыватныя прадпрыемствы. Можна паскорыць прыватызацыю ў краіне за кошт прыватызацыі дзяржаўных кампаній, якія ў такім разе працавалі б яшчэ больш эфэктыўна. Яны б забясьпечвалі большыя паступленьні ў бюджэт і стваралі б дадатковыя працоўныя месцы. І таму пытаньню прыватызацыі мы таксама будзем надаваць вялікую ўвагу”.
Ніхто ў Беларусі асабліва не патрабуе разьвіцьця прыватнага сэктару

Кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка лічыць: нельга пераацэньваць значэньне як самога гэтага крэдыту, так і камэнтароў міжнародных чыноўнікаў:

“Шчыра кажучы, гэта проста выказваньні для журналістаў. Ніхто ў Беларусі асабліва не патрабуе разьвіцьця прыватнага сэктару. Грошы на рэструктурызацыю эканомікі даваліся яшчэ 15 гадоў таму. Пасьля гэта спынілася.

Цяпер крытыка на адрас Усясьветнага банку як аднаго з арганізатараў усясьветнага фінансавага крызісу вельмі вялікая. Расея, напрыклад, яго грашыма не карыстаецца. Да Банку зьвяртаюцца Ўкраіна, Беларусь, Малдова, Грузія, якіх называюць “дзяржавамі, якія не адбыліся”. За 200 мільёнаў даляраў — гэта палова яхты Абрамовіча — ніхто тут ня будзе будаваць новую эканоміку”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG