Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Мсьціславе акрэдытацыя “Ўзгорка” немэтазгодная


Рэдактара газэты "Узгорак" Эдуард Брокараў
Рэдактара газэты "Узгорак" Эдуард Брокараў

Горацкай недзяржаўнай газэце “Узгорак” адмоўлена ў акрэдытацыі пры Мсьціслаўскім райвыканкаме. У адказе за подпісам старшыні раённай выканаўчай улады Васіля Віцюнова гаворыцца, што на Мсьціслаўшчыне ў выданьня замала падпісчыкаў, таму акрэдытацыя ня мэтазгодная.

Рэдактар выданьня Эдуард Брокараў пазыцыю мсьціслаўскіх чыноўнікаў лічыць незаконнай і заяўляе, што будзе абскарджваць іх рашэньне ў Магілёўскім аблвыканкаме:

“Яны напісалі, што пры райвыканкаме акрэдытаваныя карэспандэнт мясцовай раённай газэты “Святло Кастрычніка” ды карэспандэнты абласнога тэлебачаньня. Гэтага на іхную думку дастаткова, для таго, каб інфармаваць людзей пра падзеі у раёне. Я ўжо адправіў падобную скаргу на горацкі райвыканкам. У ёй я прашу адмяніць пастанову чыноўнікаў аб ня мэтазгоднасьці маёй акрэдытацыі”.

Эдуард Брокараў прызнае, што на Мсьціслаўшчыне пакуль ня шмат распаўсюджваецца яго выданьня - каля сотні асобнікаў, аднак павелічэньне колькасьці падпісчыкаў пытаньне часу:

“Мы заключылі індывідуальныя дамовы зь Белпоштай і цяпер самі будзем падпісваць людзей на “Узгорак”. Ад сёньня мы пойдзем па кватэрах, па арганізацыях. Тое ж будзем рабіць і ў Мсьціславе. За паўгода я бачу, што аддзяленьні Белпошты не асабліва рвуцца нас падпісваць. У іх задача падпісваць на дзяржаўныя выданьні”.

Газэту “Ўзгорак” зарэгістравалі сёлета 24 красавіка. Выдае яе аднайменнае прыватнае прадпрыемства. Наклад -- 1000 асобнікаў. Распаўсюджваецца ў трох раёнах -- Горацкім, Мсьціслаўскім ды Дрыбінскім.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG