Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У нашай краіне інвалідаў многія за людзей ня лічаць”


Агляд тэлефанаваньняў за чацьвер, 3 сьнежня


У сёньняшніх “Званках на Свабоду” слухачы выказваюцца з нагоды Міжнароднага дня інвалідаў, рэагуюць на павелічэньне кантынгенту амэрыканскіх войскаў у Аўганістане, разважаюць над праблемай аўтамабілізацыі краіны.

Сёньня — дзень інвалідаў. Іх у Беларусі больш за паўмільёна, прычым штогод гэтая армія павялічваецца на 50 тысяч чалавек. Як жывецца гэтым людзям? Слухач Леанід Пліско з Гомелю:

Спадар: “Я пэнсіянэр, інвалід 3-й групы. З кожным годам выяўляюцца ўсё новыя балячкі. Вось зламаўся зубапратэз, прыйшоў да доктара, заклеілі, заплаціў 20 тысяч. Але доктар сказаў, трэба мяняць два пратэзы на новыя. Гэта каштуе 300 тысяч рублёў, а пэнсія ў мяне 400 тысяч. Выходзіць так: хочаш новыя пратэзы — жыві месяц бязь ежы”.

Званок ад спадарыні Валянціны з Бабруйску, якая мае другую групу захворваньня апорна-рухальнай сыстэмы.

Спадарыня:
“У нашай краіне інвалідаў за людзей многія ня лічаць. А калі няма іх, людзей, то і праблем няма. Беды інвалідаў не вырашаюцца ці вельмі кепска вырашаюцца. Пачынаючы з самага высокага ўзроўню — ураду. Гледзячы на вярхі, і нізы нічога ня робяць. Адміністрацыя аўтобуснага парку г. Бабруйску, куды я зьвярталася 3 разы, ніяк ня можа абазначыць месцы для інвалідаў у аўтобусах: так, каб яны былі бачныя і даступныя. І вынікае, што месца ёсьць, а на яго многія сесьці ня могуць”.

Выказваецца на гэтую тэму й інвалід Валер Курневіч зь Печаў.

Спадар: “Пандусаў нідзе няма. Каля крамы, каб купіць бохан хлеба, ля аптэкі, каб купіць лекі. Я ўжо не кажу пра грамадзкі транспарт, у якім няма ніводнай пад’ёмнай плятформы. Маем надзею, можа, і да інвалідаў-вазочнікаў некалі дойдзе рэформа”.

Па-ранейшаму мы атрымліваем развагі пра тое, як трэба дэмакратызаваць выбарчае заканадаўства.

Спадар: “Калі няма скасаваньня 5-дзённага датэрміновага галасаваньня — няма дэмакратызацыі самога выбарчага заканадаўства. Навошта нас падманваць, расказваць байкі, спадарыня Ярмошына?”

Палітычны блёк працягвае наступнае тэлефанаваньне:

Спадар: “Як жа так, ляўрэат прэміі міру пасылае на разбой у Аўганістан яшчэ 30 тысяч? Аўганцы ня хочуць гэтага. І ён цынічна заяўляе, што пасылае гэтых людзей, каб яны навучылі аўганцаў, як трэба змагацца зь іншымі. Дык там дастаткова, каб навучыць салдат аўганскіх супраць Аль-Каіды. Вось так, і прэміі, і ўсё такое”.

Камэнтар лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі.

Анатоль Лябедзька:
“Як і ў Беларусі, значная частка аўганцаў хоча жыць у міры і спакоі. Аднак хапае і тых, хто жыве на чужым няшчасьці: вырошчваюць опіюм, захопліваюць і прадаюць людзей… Гэта — рэаліі. Таму калі й фармуляваць прэтэнзіі да Абамы, то, на вялікі жаль, яму нестае менавіта жорсткасьці дзеяньняў. Часьцей справа абмяжоўваецца толькі рыторыкай. Вось многія і ўздымаюць галовы, разумеюць: ім за іхныя злачынствы не дастанецца. Ад гэтага колькасьць загіблых у сьвеце людзей не зьмяншаецца. Таму ў мяне ёсьць прэтэнзіі да Абамы, але яны іншага кшталту”.

І напрыканцы — меркаваньне пра выдаткі імклівай аўтамабілізацыі краіны.

Спадарыня Арцёмаўна, Менск:
“Зараз толькі лянівы ня мае аўтамабіль. У кожным двары стаіць па 15—20 машын. Праходзіш — як па лябірынце. Мыюць машыны проста ў двары. Загазаванасьць вялікая, пах уражвае. Так што невялікая бяда, што будуць зьмяншаць імпарт. Трэба паляпшаць якасьць”.

Тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG