Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы віцэ-прэм'ер Беларусі Ўладзімер Сямашка і старшыня праўленьня "Газпрому" Аляксей Мілер абмеркавалі папярэднія ўмовы працы ў 2009 годзе ў сфэры паставак і транзыту газу. Рабочая сустрэча адбылася 2 сьнежня ў Маскве.

Падчас сустрэчы абмяркоўваліся пытаньні далейшага супрацоўніцтва, паведамілі ў прэс-службе "Газпрома".

У гэтым годзе беларускі бок аплачвае расейскі газ па сярэднегадавой цане ў 150 даляраў за тысячу кубамэтраў. Прычым разьлічваецца паводле графіку, які афіцыйны Менск стварыў сам для сябе, спасылаючыся на вусныя дамоўленасьці паміж кіраўнікамі Беларусі і Расеі. Гэтыя дамоўленасьці не былі пісьмова замацаваныя ў пагадненьні з “Газпромам”. Пасьля пэўных пярэчаньняў Расея пагадзілася на такія паводзіны афіцыйнага Менску.

Падчас сустрэчы з беларускімі журналістамі прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў сказаў, што ў 2010 годзе кошт расейскага газу для Беларусі будзе на 30-40% ніжэйшы, чым для аналягічных краінаў.

Ён удакладніў, што Менск заўсёды атрымліваў газ па ільготных цэнах. Прыкладам, у чацьвёртым квартале 2009-га цана на газ для Беларусі складзе 122 даляры за тысячу кубамэтраў.

Паводле Дзьмітрыя Мядзьведзева, з 1991 году Расея ўклала ў разьвіцьцё эканомікі Беларусі 50 мільярдаў даляраў у якасьці інвэстыцый і прэфэрэнцыяў.

Першы віцэ-прэм'ер Уладзімер Сямашка падчас сваёй паездкі ў Екацярынбург 6 кастрычніка заявіў, што Беларусь будзе дамаўляцца з “Газпрамам” так, каб пазьбегчы“ўсплёску цаны”. Прэм'ер-міністар Сяргей Сідорскі даў даручэньне міністру энэргетыкі Беларусі Аляксандру Азярцу правесьці перамовы з улікам таго, што склаліся “форс-мажорныя абставіны ў зьвязку з крызісам”.

У.Сямашка заявіў, што Беларусь прапануе “прымарозіць рух па цэнах на 2010 год і пакінуць умовы 2009 года".

Між тым кіраўнік “Газпрома” Аляксей Мілер яшчэ ў кастрычніку зазначыў: цана на газ для Беларусі будзе падвышацца ў адпаведнасьці з кантрактам, які прадугледжвае паэтапны рост коштаў. І гэты кантракт беларускі бок мусіць выконваць у поўным аб’ёме.

Нагадаем, 31 сьнежня 2006 года «Газпром» і «Белтрансгаз» падпісалі кантракт на пастаўку і транзыт газу ў 2007-2011 гадах. Ім вызначана формула цаны ад 1 студзеня 2008 года (яна адпавядае формуле цаны пры пастаўках расейскага газу ў Эўропу), а таксама паніжаючыя каэфіцыэнты на 2008-2010 гады (0,67,0,8 і 0,9 адпаведна). Згодна з кантрактам з 2011 года Беларусь выйдзе на роўнадаходныя цэны з пастаўкамі ў Эўропу. У траўні 2007 года «Газпром» і Дзяржаўны камітэт па маёмасьці Беларусі падпісалі дамову куплі-продажу 50% акцый «Белтрансгазу» за 2,5 мільярда даляраў роўнымі часткамі цягам чатырох гадоў. Цяпер «Газпром» валодае 37,5% акцый «Белтрансгазу», а ў 2010 годзе зьдзелка завершыцца.
XS
SM
MD
LG