Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Голасаў: “ВІЧ-пазытыўных шкадаваць ня трэба”


Госьцем “Начной Свабоды: вынікаў дня” 1 сьнежня – ва Ўсясьветны дзень барацьбы са СНІДам – быў сябра Сьветлагорскай дабрачыннай грамадзкай арганізацыі “Альтэрнатыва”, прадстаўнік Беларускага таварыства людзей, якія жывуць зь ВІЧ, Андрэй Голасаў.


Сярод іншага госьць пракамэнтаваў апытаньне. Людзі ў Магілёве гаварылі пра тое, як яны ставяцца да хворых на СНІД.

Голасаў: Спачатку, калі я чуў словы, што такіх хворых трэба шкадаваць, што “яны бедныя і няшчасныя", мне думалася (а гэта, дарэчы, думка многіх ВІЧ-пазытыўных у Беларусі), што шкадаваць, напэўна, ня трэба. Патрэбныя падтрымка і разуменьне. Больш нічога ня трэба.

Як мы чулі ўжо ў іншых выказваньнях у апытаньні, ВІЧ-пазытыўныя – гэта такія самыя людзі, як і іншыя. Самае асноўнае, што я заўважыў, гэта тое, што ў Беларусі пакрыху-патроху пачало зьмяняцца стаўленьне да ВІЧ-пазытыўных людзей, таму што грамадзтва зразумела, што гэта ёсьць у Беларусі і ад гэтага нікуды ня дзенесься.

Другі момант, які мяне вельмі непакоіць, – што ўсё-такі яшчэ большасьць нашых людзей вельмі абыякава ставіцца да ўласнага здароўя. Вельмі шмат выступаючы ў школах, на прадпрыемствах, на розных акцыях, я чую, што, маўляў, ВІЧ-інфікаваныя ўва ўсім вінаватыя, вінаватыя за тое, што ВІЧ распаўсюджваецца. Але даруйце, людзі ж самі пра сябе не клапоцяцца. Калі пытаесься: “Вы дапускаеце, што вас можа закрануць праблема ВІЧ”, – чуеш, як правіла, адказ: “Не, не дапускаем”. Я пытаюся чаму. “А таму, – адказваюць, – што мы ня геі, не прастытуткі і не наркаманы. Таму нас гэта не закране”. А я пытаюся: “А калі вы апошні раз тэст на ВІЧ здавалі”. Гавораць: “А мы ніколі не здавалі”. Я кажу: “Так адкуль жа вы ведаеце тады, што ў вас ёсьць, якія ў вас кантакты былі або якія небясьпечныя паводзіны былі ў вашага партнэра?” І тады людзі пачынаюць задумляцца...

Сыстэма прафіляктыкі яшчэ даволі слабенькая. Яна пачала працаваць у Беларусі, але на даволі такім яшчэ зачаткавым узроўні. І калі мы, грамадзкія арганізацыі, здолеем дамовіцца зь дзяржаўнымі структурамі, зь Міністэрствам адукацыі, з мэдыкамі, калі мы знойдзем кантакт і ўзаемаразуменьне, тады будзе вельмі добра, і тады, я думаю, магчыма, у нас пойдзе работа далей. Але пакуль што яшчэ вельмі-вельмі складана пра такое ўзаемадзеяньне гаварыць.

СЛУХАЦЬ ГУТАРКУ ЦАЛКАМ:
  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

XS
SM
MD
LG