Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцслужбы ціснуць на заснавальнікаў БХД


Сустаршыні БХД Аляксей Шэін, Віталь Рымашэўскі, Георгі Дзьмітрук

Сустаршыні БХД Аляксей Шэін, Віталь Рымашэўскі, Георгі Дзьмітрук

Сустаршыні аргкамітэту дзеля стварэньня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі распавялі пра ціск на заснавальнікаў партыі. Людзей выклікаюць у кабінэты начальства на працы, у выканкамы. Перад камэрамі БТ патрабуюць адклікаць свае подпісы ў дакумэнтах на рэгістрацыю. Пры гэтым ім пагражаюць звальненьнем і нават высяленьнем з дамоў.

Сустаршыня аргкамітэту дзеля стварэньня БХД Віталь Рымашэўскі пералічыў больш за два дзясяткі найбольш яскравых выпадкаў ціску на заснавальнікаў партыі. Толькі ў Бабруйску ў мясцовыя органы і ў адміністрацыю прадпрыемстваў выклікалі каля дзясятка чалавек.

Тамару Фёдараву, якая працуе на бабруйскім мясакамбінаце, тройчы выклікалі ў адміністрацыю і ў прысутнасьці супрацоўніка КДБ Алега Ахрэменкі і групы БТ патрабавалі, каб яна адмовілася ад свайго подпісу ў дакумэнтах.

Супрацоўніцу гатэлю «Бабруйск» Анжэлу Дашчынскую пасьля таго, як яна адмовілася адклікаць свой подпіс, папярэдзілі пра шматлікія непрыемнасьці, якія адбудуцца ў яе жыцьці бліжэйшым часам.

У часе прэсавай канфэрэнцыі. Гаворыць Віталь Рымашэўскі.

Таісе Кабанчук прапанавалі даць справаздачу пра ўсе даходы, якія яна атрымала за апошнія 10 гадоў. Ад яе сына, які ня мае ніякага дачыненьня да яе дзейнасьці, запатрабавалі падаць дэклярацыю за апошнія пяць гадоў.

Кіраўнікі тлумачаць, што менавіта грамадзкая і палітычная дзейнасьць і ёсьць амаральнай для нармальнага грамадзяніна краіны.
Некаторых актывістаў на працы выклікаюць на сходы і там перад калектывам абвінавачваюць у амаральных паводзінах. Кіраўнікі тлумачаць, што менавіта грамадзкая і палітычная дзейнасьць і ёсьць амаральнай для нармальнага грамадзяніна краіны.

Галіна Ярашэвіч з Баранавічаў распавяла, што працавала ў аддзеле рэклямы раённай паліклінікі. Калі быў першы ўстаноўчы зьезд, то Галіна ў дакумэнтах пазначала, што зьяўляецца пэнсіянэркай. А пасьля другога напісала, што працуе ў паліклініцы. Жанчына распавяла, што 20 лістапада яе выклікалі на сход мэдыкаў, на які раней ніколі не запрашалі.

«Мяне „кляймілі ганьбай“. На сходзе я не была, і мне гэта перадалі. Потым мяне выклікалі да начальства і паведамілі, што мне трэба будзе цяпер, апроч маёй асноўнай працы, рабіць дадатковую — па сутнасьці, працаваць яшчэ й дворнікам. Ну, відавочна, што я адмовілася. Яны на гэта разьлічвалі.

У мяне ёсьць пацьверджаньне, што са мной падоўжылі кантракт на наступны год на тых жа ўмовах. Я спытала: „На якіх умовах вы са мной працягваеце кантракт, калі кажаце, што я дрэнна працую?“ Мне адказалі, што больш ніякага кантракту ня будзе, і дадалі: «Калі вы думаеце, што гэта зьвязана з тым, што вы былі заўважаны ў апазыцыйных колах...“ Мне адразу ўсё стала зразумела, што гэта й стала сапраўднай прычынай».

Гаворыць Галіна Ярашэвіч з Баранавічаў.

Падчас прэсавай канфэрэнцыі, якую ладзілі сустаршыні аргкамітэту БХД, Віталь Рымашэўскі заявіў:

Яны прыходзяць на працу і размаўляюць з кіраўніцтвам, ці можна на чалавека аказаць ціск.
«Пераважна КДБ аналізуюцца ўсе сьпісы заснавальнікаў БХД. Яны прыходзяць на працу і размаўляюць з кіраўніцтвам, ці можна на чалавека аказаць ціск. Выбіраюць людзей найменш сацыяльна забясьпечаных, для якіх праца зьяўляецца адзінай крыніцай існаваньня. Ужываюць і маральны ціск, калі людзей кляймяць ганьбай і называюць ледзь не злачынцамі.

Мы маем маштабную кампанію рэпрэсій і дыскрэдытацыі БХД, кшталту тых кампаній, якія праводзіў КДБ у дачыненьні да незалежніцкіх арганізацый у 80-90-я гады».

Юрыст Мікола Арцюхоў, сузаснавальнік БХД Аляксей Шэін
Аляксей Шэін зьвярнуў увагу на тое, што раней БТ дэманстравала фільм, у якім гучалі абразы на адрас сяброў арганізацыі. У бацькі Паўла Севярынца пасьля прагляду фільму здарыўся інфаркт. Пазоў да БТ днямі накіравалі ў суд. Тым часам у інтэрнэце зьявіўся аўдыёзапіс, на якім нібыта зафіксавана тэлефонная гутарка трох прастытутак з Георгіем Дзьмітруком. Сам сустаршыня БХД называе гэта правакацыяй спецслужбаў.

Аляксей Шэін лічыць, што кампанія ціску на заснавальнікаў партыі праводзіцца ўладамі адмыслова, каб прадухіліць жаданьне іншых грамадзянаў ствараць грамадзкія аб’яднаньні і браць актыўны ўдзел у грамадзкім жыцьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG