Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заробак мэханізатара — 1800 рублёў


Нізкія заробкі ў саўгас-камбінаце «Горкі», што на Магілёўшчыне, сталіся прычынай канфлікту працаўнікоў з кіраўніцтвам. Людзі пагражаюць ня выйсьці на працу, бо лічаць, што зь іхніх заробкаў незаконна вылічваюць грошы. У Горацкім райвыканкаме ведаюць пра канфлікт і сьцьвярджаюць, што ўсё заробленае цалкам выплачваецца.

У верасьні мэханізатару Аляксандру Шыкаву выплацілі за месяц 1800 рублёў. Пасьля пагрозаў зьвярнуцца ў кантрольныя органы раёна даплацілі яшчэ 300 тысяч.

«Астатнія пяцьсот тысяч мне ня выплацілі. Акрамя таго, мяне пазбавілі зерня — за тое, што я на бюлетэні два месяцы сяджу. Цярпець я больш ня буду далей. Буду ў суд падаваць. За тысячу васемсот яшчэ яму буду працаваць! Палова трактарыстаў ужо пазвальняліся. Мо чалавек якіх дзесяць засталося. А хто за такія грошы хоча працаваць?»

500 тысяч у мэханізатара ўтрымалі нібыта за перарасход паліва.

«Дык яны ж лічаць толькі гектары. Перагоны ня лічаць. Ня лічаць і тое, што па брудзе едзеш альбо па сухім полі. Я паеду на працу, там зараблю трыццаць тысяч, а ў мяне вылічаць шэсьцьдзесят за перапал. Я тады адмаўляюся працаваць».

Недаплату ў 300 тысяч кіраўніцтва патлумачыла недасьведчанасьцю бухгальтараў.

Ня лепшая сытуацыя з заробкамі і ў даярак:

«Самы вялікі заробак у нас — трыста тысяч рублёў. Расцэнкі нам ніхто не падымае. У 2007 годзе ў нас заробак быў па 700-900 тысяч. Мы пісалі ў Магілёў. Нам адтуль адказ прыйшоў, але на ніводнае пытаньне канкрэтна не адказалі», — кажа адна з даярак.

Пагаварыць з дырэктарам гаспадаркі Уладзімерам Байгалавым не ўдалося. У прыёмнай паведамілі, што ён на паседжаньні ў райвыканкаме. Тое, што людзі адмаўляюцца выходзіць на працу з-за нізкіх заробкаў, сакратарка не пацьвердзіла, аднак зазначыла, што незаконна ўтрыманыя грошы пачалі ўжо выплачваць.

У аддзеле эканомікі райвыканкаму прызнаюць факты скаргаў працаўнікоў саўгасу «Горкі».

«Той, хто працуе, той і атрымлівае нармальны заробак. І па паўтара мільёна, і па мільёне. Усякія заробкі ёсьць. А хто ня хоча працаваць, то й не атрымлівае», — зазначыў супрацоўнік управы.

Знайсьці мэханізатараў зь мільённым заробкам у саўгасе не ўдалося.

Перадавік гаспадаркі, якога ў 2006 годзе легкавым аўтамабілем уганараваў сам Лукашэнка, адзін зь першых напісаў заяву на звальненьне.
Дэпутат Горацкага райсавету Мікалай Еленеў таксама працаваў у гэтым саўгасе. Ён быў перадавіком гаспадаркі. У 2006 годзе яго легкавым аўтамабілем уганароўваў сам Аляксандар Лукашэнка.

Спадар Еленеў заяўляе, што ў гаспадарцы вялікая цякучасьць кадраў. Два гады таму ён адным зь першых напісаў заяву на звальненьне.

«Тут дзяржава ў дзяржаве. Вось зараз мы склалі дакумэнт, у ім пазначана, што за пэрыяд працы гэтага дырэктара звольнілася 56 чалавек, якія працавалі тут ад дня заснаваньня гэтага саўгаса. Засталіся людзі працаваць, якія атрымалі дамкі новыя. Ім няма куды падзецца».

Каб знайсьці праўду, людзі пішуць скаргі. Два месяцы таму зьвярнуліся ў дзяржкантроль. Днямі атрымалі адказ, што факты, выкладзеныя ў скаргах, будуць правярацца да 20 сьнежня. Пры канцы сьнежня чакаецца візыт Лукашэнкі ў Горацкі раён.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG