Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цягам апошняга тыдня ў Беларусі пачаў прыкметна мяняцца курс беларускага рубля. Зноў падаражэлі эўра і даляр.

Беларускі рубель, прывязаны да кошыка валют з эўра, даляра і расейскага рубля, зноў пачаў таньнець. За апошнюю дэкаду лістапада ён упаў на 2%, а ад пачатку году — на 8%. Аднак да канца году, як абяцаў Нацбанк, курс рубля ня можа вырасьці або ўпасьці больш як на 10% адносна кошыка валют. Начальнік упраўленьня інфармацыі Нацыянальнага банку Анатоль Драздоў пагаджаецца, што курс рубля зьменшыўся, і супакойвае:

«Калі кошт зьмяншаецца, то, канечне, гэта дэвальвацыя. Але нязначная. Рубель застанецца ў рамках абвешчанага калідору плюс-мінус 10%. Нічога экстраардынарнага не адбываецца. Зьмяншаецца курс, значыць — зьмяншаецца, але застанецца ў калідоры. Кошт кошыка абвешчаны на пачатку гэтага году — 960 рублёў плюс-мінус 10%. Кожны можа падлічыць і вызначыць гранічнае значэньне кошту кошыка».

Сёньня ў Менску абменьнікі прадавалі эўра за 4210 рублёў, а даляр — за 2795 рублёў. Паводле курсу Нацбанку на 3 лістапада, эўра зноў падрос.

Сяргей Чалы
Фінансавы аналітык Сяргей Чалы пакуль ня бачыць небясьпекі ў цяперашняй сытуацыі, бо рэзэрваў яшчэ хапае.

«Афіцыйных жа камэнтароў няма. Відаць, статыстыка па зьнешнім сэктары, якая прыйшла за кастрычнік, ня самая добрая. Таму робіцца спроба скарыстаць вызначаны калідор па максымуме, каб прастымуляваць экспарт».

Эканаміст Аляксандар Чубрык не прагназуе абвалу рубля, які быў на пачатку году. Бо гэта павінна быць палітычнае рашэньне, якое для цяперашняй сытуацыі непрымальнае:

Аляксандар Чубрык
«І з эканамічнага гледзішча, бо гэта можа пацягнуць за сабой вельмі сур’ёзныя праблемы ў банкаўскай сыстэме, а значыць, ва ўсёй эканоміцы. І з палітычнага гледзішча, бо за год да выбараў ніхто не зацікаўлены, каб рабілася такая дэвальвацыя».

У праекце бюджэту на наступны год сярэднегадавы курс даляра заплянаваны на ўзроўні 3100 рублёў. Наколькі абгрунтаваны цяперашні курс рубля да даляра?

Чубрык: «Дэфіцыт бягучага рахунку і зьнешнегандлёвы дэфіцыт захоўваецца, і ён вялікі. То бок падставы для таго, каб лічыць беларускі рубель пераацэненай валютай, ёсьць. Але ж цяпер у Нацбанку дастаткова грошай, каб утрымліваць у кароткім пэрыядзе адносную стабільнасьць валютнага курсу. А калі попыт на валюту задавольваецца, значыць, курс адэкватны. Але ў доўгатэрміновым пэрыядзе Беларусь мусіць неяк скараціць свой зьнешнегандлёвы дэфіцыт. А гэта можна рабіць рознымі спосабамі, і не абавязкова дэвальвацыяй».
XS
SM
MD
LG