Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мазырскі раённы суд прызнаў былога генэральнага дырэктара ААТ “Мазырдрэў” вінаватым у выманьваньні крэдыту. Ён пакараны двума гадамі абмежаваньня волі, але без накіраваньня на так званую “хімію”.

Залічылі кіраўніку тое, што крэдыт ён браў не дзеля асабістай нажывы, а на выплату заробкаў і разьлікі за электраэнэргію. Да таго ж, пакуль вялося сьледзтва, былы гендырэктар, які быў экстрадыраваны з Расеі, восем месяцаў правёў у сьледчым ізалятары.

Папярэдніку пакаранага гендырэктара Валерыю Стральцову не пашчасьціла яшчэ больш. Ня так даўно яго асудзілі на 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці — за злоўжываньне ўладай, крадзёж і хабар. Гендырэктар Стральцоў на шкоду мэблеваму прадпрыемству заключаў дамовы з камэрцыйнымі структурамі на пастаўку нафтапрадуктаў, а таксама на адгрузку ім у якасьці аплаты драўнянастружкавых пліт па заніжаных коштах.

ААТ “Мазырдрэў” цяпер знаходзіцца на санацыі, кіруе ім крызісны ўпраўляючы.
XS
SM
MD
LG