Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Думаў памерці ад старасьці, а даводзіццца — ад сьмеху”


Агляд тэлефанаваньняў за ceраду 2 сьнежня. У сёньняшніх “Званках на Свабоду” слухачы разважаюць пра тое, што даюць Беларусі стасункі з Эўразьвязам, выказваюць сваю вэрсію падрыву цягніка “Неўскі экспрэс”, ацэньваюць самвыдатаўскія бюлетэні.


Стасункі Беларусі з Эўразьвязам заўсёды цікавілі нашых слухачоў, аднак пасьля візыту ў Менск прэм’ер-міністра Італіі спадара Бэрлюсконі гэтая праблема актуалізавалася яшчэ больш.

Спадар: “На пытаньне “Хто выйграў ад новых стасункаў з Эўропай?” хачу адказаць, што выйграла незалежнасьць Беларусі, бо ва ўмовах крызісу і міжнароднай ізаляцыі Беларусь аказалася б сам-насам з Расеяй. І нас за даўгі проста б купілі з вантробамі. Трэба памятаць, што незалежнасьць — гэта навекі, а дыктатары прыходзяць і сыходзяць”.

Размову працягвае спадарыня Ларыса. У яе свой погляд на складнікі беларускай незалежнасьці.

Ларыса Арцёмаўна, Менск: “Апошнім часам усе краіны ў госьці да нас наведваюцца. Гэта сьведчыць пра тое, што мы не на апошнім месцы. Гэта ўжо станоўча. Мы не слабая краіна, можам разважаць, што будзе з тымі дамовамі, якія падпісаны, а адбудзецца так, як яно павінна быць. А для таго, каб мы не былі ў пройгрышы, трэба працаваць на ўсіх узроўнях, як працоўным, так і кіраўнікам, бо чакаць, што пра нас будуць клапаціцца ці на Ўсходзе, ці на Захадзе, не выпадае”.

Сярод званкоў зь міжнародным, так бы мовіць, адценьнем і вось гэты, дзе выкладаецца незвычайная вэрсія тэракту на чыгунцы Масква — Пецярбург.

Спадарыня: “Чыгуначны элітны цягнік “Неўскі экспрэс” быў, верагодна, створаны для эліты, каб аддзяліцца ад простага народу. Практычна ўся расейская эліта — гэта электарат Пуціна. Падманным 75-адсоткавым рэйтынгам Пуцін усю народную злосьць і гнеў накіраваў на эліту Расеі. Выпадак зь “Неўскім экспрэсам” — нішто іншае, як помста эліце за падтрымку рэжыму Пуціна”.

А зараз — чарговы водгук на заяву ўладаў пра нібыта дэмакратызацыю выбарчага заканадаўства. Генадзь Кароль з Краснадворцаў:

Спадар: “Лукашэнка кажа: “У нас будзе дэмакратыя і зьмены ў выбарчай сыстэме”. Я думаў, памру ад старасьці, але калі гэта пачуў, падумаў: памру ад сьмеху”.

У сёньняшняй аўдыёпошце шмат таксама і званкоў з крытыкай на адрас апазыцыі. Вось адказ Ціны Сакаловіч тым дэмакратам, якія “ваююць” зь лідэрам руху “За свабоду” Аляксандрам Мілінкевічам.

Спадарыня Ціна: “Я хачу сказаць усім гэтым крытыкам Мілінкевіча, якія не асьмельваюцца нават назваць сваё імя, таму што баяцца за сваю задніцу, выбачайце. Дзе яны былі, калі Мілінкевіч сабраў народ, выйшаў на плошчу і абвясьціў фашызм фашызмам? І наогул хачу сказаць, што высокія мэты, і нават не дасягнутыя, нашмат даражэйшыя для нас за нізкія мэты”.

Нярэдка ў паштовых скрынях можна знайсьці самвыдатаўскія бюлетэні, газэты. Далёка не заўсёды яны задавальняюць шарагоўцаў — пра гэта сьведчыць меркаваньне спадара Івана зь Менску.

Спадар: “Азнаёміўся з газэтай вашай “Рабочы фронт”. Але ведаеце, уражаньне ніякае. Напісана на такой мове, на звыродлівай беларускай. Трэба перакладчык, каб разабрацца ў гэтым. І факты там такія незразумелыя. І вось чаму пішуць “Менск”, ды Радыё Свабода і журналісты выступаюць і кажуць “Менск”. Ну “Менск” жа выклікае ў людзей агіду. Трэба жыць сёньняшнім днём, ня тым, што некалі было”.

Гэты званок камэнтуе грамадзкі рэдактар тыдня — паэт Віталь Рыжкоў.

Віталь Рыжкоў
“Мне як літаратару прыемней і выгадней пісаць клясычнай правапіснай сыстэмай — тарашкевіцай. Бо тады мова найлепш адчуваецца: я гэта зразумеў на кантрасьце, бо ў 1990-я вучыўся ў школе на наркамаўцы, а пазьней пазнаёміўся ўжо і з клясычным варыянтам, які й дапамог насамрэч спасьцігнуць прыгажосьць, арганічнасьць, глыбіню роднага слова. Паверце: дастаткова тыдзень пачытаць сайт той самай “Свабоды” — і гэтая сыстэма стане яснай, як дзень. А наконт таго, што гісторыяй ня варта жыць, дык тут проста нейкі абсурдны момант. У 1939-м спрадвечны назоў Менск зьмянілі на Мінск — дык тое зусім ня значыць, што сёньня ня варта ўжываць гістарычны, аўтэнтычны варыянт”.

Нагадваем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG