Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абама патлумачыў, чаму Аўганістан не Віетнам


Прэзыдэнт ЗША пасылае дадаткова 30 тысяч вайскоўцаў у Аўганістан. Выступаючы перад курсантамі і выкладчыкамі Вайсковай акадэміі у Вэст-пойнце, Абама прызнаўся, што гэтае рашэньне далося яму нялёгка, але ягоны крок прадыктаваны “жыцьцёвымі інтарэсамі” Амэрыкі.


Прэзыдэнт ЗША выказаў перакананьне, што пагроза амэрыканскай бясьпецы зыходзіць з Аўганістану і Пакістану – менавіта гэтыя краіны ён назваў эпіцэнтрам гвалтоўнага экстрэмізму “Аль-Каіды”, якая напала на Амэрыку адтуль і там жа задумляе новыя напады. Паводле Абамы, пагрозы будуць толькі расьці, калі Вашынгтон не ўжыве рашучых захадаў для ліквідацыі “Аль-Каіды” і не прадухіліць вяртаньня талібаў да ўлады ў Аўганістане.

Прэзыдэнт ЗША мяркуе, што адказнасьць за бясьпеку рэгіёну ня будзе толькі справаю амэрыканцаў. Калі да вясны наступнага году кантынгент ЗША ў Аўганістане вырасьце да 100 тысяч, НАТО магло б павялічыць сваю прысутнасьць зь цяперашніх 40 да 45 ці нават 50 тысяч вайскоўцаў. Цяжар выдаткаў і адказнасьці, паводле Барака Абамы, павінны падзяляць і самі аўганцы. “Амэрыка – ваш партнэр, а не патрон”, – сказаў Абама, падкрэсьліўшы, што ЗША не зацікаўленыя акупаваць Аўганістан. Вывад амэрыканскіх войскаў павінен пачацца праз паўтара году, у ліпені 2011-га.

Абама ў Вайсковай акадэміі у Вэст-пойнце
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:45 0:00


Між тым аўганскую стратэгію кіраўніцтва падтрымлівае ўсё менш амэрыканцаў. Абаму крытыкуюць як справа, так зьлева, гучаць галасы, што Аўганістан нішто іншае, як вэрсія віетнамскай вайны ў XXI стагодзьдзі. Абама на гэта адказвае прынамсі трыма аргумэнтамі: аўганскую апэрацыю праводзяць супольна 43 нацыі, аўганскія ваеўнікі ня маюць падтрымкі і папулярнасьці і, урэшце, на Амэрыку ніхто зь Віетнаму не нападаў.

Марына Отавэй з вашынгтонскага Фонду Карнэгі лічыць, што ў асноўным з аргумэнтамі Абамы можна пагадзіцца. Акрамя аднаго пункту: большая колькасьць вайсковых сілаў ня можа гарантаваць посьпеху ў такой племянной краіне, як Аўганістан. Майкл Рубін, які вывучае ісламскі сьвет у Амэрыканскім інстытуце прадпрымальніцтва, выказаў заклапочанасьць тым, што амэрыканцы пакінуць Аўганістан зарана. Калі ў 2011-м ЗША выйдуць адтуль, суседнія краіны, праўдападобна, будуць хацець запоўніць вакуўм і такім чынам гэтая стратэгія акажацца контрапрадуктыўнай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG