Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада выканаўчых дырэктараў Сусьветнага банку зацьвердзіла выдзяленьне Беларусі пазыкі на 200 млн. даляраў ЗША на падтрымку эканамічнай праграмы ўраду. На 1 кастрычніка 2009 году зьнешні дзяржаўны доўг склаў 6,191 млрд. даляраў ЗША (пры зацьверджаным ліміце 8 млрд. даляраў).






Яраслаў Раманчук
Кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук бачыць у новых пазыках вялікую небясьпеку:

“Безумоўна, мы залазім у даўгавую яму. І, на жаль, гэта робіцца з падачы МВФ і Усясьветнага банку. Ёсьць і намер Эўрапейскай камісіі даць Беларусі 200 мільёнаў эўра. На мінулым тыдні Нацыянальны банк паведаміў, што грашовую масу ў наступным годзе трэба павялічыць амаль на 40%. Дэфіцыт ліквіднасьці банку ў сыстэме перавышае 40 трыльёнаў рублёў. А гэта значыць, што тыя крэдыты, якія нам даюцца, праядаюцца”.


Старшыня камісіі ПП: “Сытуацыя з пазыкамі некрытычная”


Яўген Арцюшэнка
Старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў у грашова-фінансавай палітыцы і банкаўскай дзейнасьці Яўген Арцюшэнка лічыць, што небясьпекі ад замежнага крэдытаваньня для Беларусі на гэты час няма:

“Можна браць. Таму што пытаньні запазычваньня вызначаюцца спэцыяльнымі нарматывамі. А яны ёсьць у кожнай краіне. Сума зьнешняга доўгу у нас сёньня некрытычная адносна памераў Валавага ўнутранага прадукту. У прынцыпе, гэта некрытычная моманты".


Багданкевіч: “Сукупны доўг наблізіўся да $20 мільярдаў”


Станіслаў Багданкевіч
Паводле афіцыйных дадзеных, беларуская дзяржава пазычыла ўжо больш за 6 мільярдаў даляраў. Але ў гэтую лічбу не ўваходзяць даўгі банкаўскай сыстэмы краіны. Калі ўлічыць і іх, то сукупны доўг наблізіўся да 20 мільярдаў даляраў. Такія дадзеныя прывёў сёньня ў размове са “Свабодай” прафэсар, былы старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч.

Ён сказаў, што хаця бальшыня пазыкаў доўгатэрміновая, але ж аддаваць грошы давядзецца ў любым выпадку. Паводле прафэсара, пачынаючы ўжо ад 2011 году зь бюджэту краіны давядзецца выдаткоўваць мільярд даляраў толькі на абслугоўваньне пазыкаў. І з кожным годам гэтая лічба будзе расьці.

На пытаньне “Свабоды”: “Куды трацяцца крэдыты, якія атрымлівае Беларусь?” — прафэсар, былы старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч адказаў таксама пытаньнем: “А ці бачылі вы апошнія дадзеныя пра сальда зьнешняга гандлю Беларусі?” Прафэсар згадаў, што яно адмоўнае і дасягнула ўжо 5,7 мільярда даляраў. І дадаў: “Вось туды яны і ідуць, на аплату дэфіцыту гандлёвага балянсу”.

Асноўныя крэдыторы Беларусі




Крэдыты ад замежных дзяржаваў



Крэдыты ад Міжнароднага валютнага фонду


Агульная сума крэдытаў Міжнароднага валютнага фонду па праграме stand-by для Беларусі перавысіла 2,2 мільярда даляраў ЗША. Пад праграму эканамічных рэформаў, разьлічаную да красавіка 2010 году, Беларусь павінна атрымаць агулам 3,6 млрд.

Паводле разьлікаў экспэртаў МВФ, Беларусі ў 2009 годзе спатрэбіцца 6,8 мільярда даляраў, а ў 2010 годзе — 4,2 мільярда фінансавай дапамогі. Сама Беларусь можа кампэнсаваць свае патрэбы на 3,845 мільярда даляраў.

Беларусь уваходзіць у МВФ ад 1992 году. За гэты час яна атрымала два траншы крэдыту па праграме сыстэмных рэформаў: у жніўні 1993 году (98 млн. даляраў) і ў лютым 1995 году (101,7 млн. даляраў), а таксама адзін транш крэдыту stand-by у верасьні 1995 году (101,7 млн. даляраў). Пазьней фонд спыніў выдзяленьне Беларусі крэдытаў, бо эканамічная палітыка ўраду не адпавядала рэкамэндацыям МВФ.

Крэдыты ад Усясьветнага банку


У верасьні 2009-га Аляксандар Лукашэнка зацьвердзіў пагадненьне з Усясьветным банкам пра пазыку на 125 мільёнаў даляраў. Сродкі выдаткаваныя на праект “Павышэньне энэргаэфэктыўнасьці”. Асноўная задача праекту — пераабсталяваньне дзеючых ацяпляльных кацельняў у шэрагу гарадоў Беларусі.

Беларусь павінна вярнуць пазыку цягам 16 гадоў з адтэрміноўкай выплатаў асноўнай сумы доўгу на 6 гадоў.

Праект пачынае дзейнічаць у 2009 годзе. Ён будзе цягнуцца 5 гадоў. Агульны яго кошт — 193,1 мільёна даляраў.

Беларусь стала сябрам Усясьветнага банку ў 1992 годзе.

За гэты час краіне было выдзелена 443 мільёны даляраў.

Крэдыты ад Расеі


За апошнія два гады Расея выдала Беларусі крэдытаў на суму 3 мільярды даляраў.

Пры канцы 2008-га Масква вырашыла выдаць 2 мільярды даляраў крэдыту. З гэтай сумы Беларусь атрымала 1,5 млрд.

На пачатку кастрычніка 2009-га міністар фінансаў Расеі Аляксей Кудрын заявіў, што Расея ня дасьць Беларусі апошнюю частку крэдыту. Кудрын патлумачыў, што неабходна ўважліва ацаніць пэрспэктывы вяртаньня крэдыту.

Разам з гэтым кіраўнік Мінфіну Расеі паведаміў, што пытаньне пра выдачу Беларусі крэдыту на будоўлю АЭС будзе вырашанае бліжэйшымі месяцамі. Памер гэтай пазыкі ён не ўдакладніў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG