Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ганчарэнка: “Тое, што сёлета БАТЭ заробіць меней, не засмучае”


Сёньня на менскім стадыёне “Дынама” адбудзецца чарговы матч групавой стадыі Лігі Эўропы паміж барысаўскім БАТЭ і лісабонскай “Бэнфікай”. Сустрэча для беларусаў шмат у чым вырашальная. Калі партугальцы фактычна забясьпечылі сабе выхад у наступны раўнд спаборніцтваў, то выхаванцам трэнэра Віктара Ганчарэнкі дзеля запаветнага другога месца патрэбная перамога. Пакуль што БАТЭ з 4 ачкамі знаходзіцца на трэцяй пазыцыі, апярэджваючы толькі афінскі АЕК.


Шасьціразовы чэмпіён Беларусі – БАТЭ – сёньня правядзе апошні хатні матч у рамках групавога раўнду Лігі Эўропы. Застанецца выязная гульня супраць лівэрпульскага “Эвэртану” 17 сьнежня, пасьля чаго будуць сфармаваныя пары 1/8 фіналу. Аднак ніхто ня хоча чакаць да апошняга і намагаецца вырашыць задачу-максымум ужо ў сёньняшняй сустрэчы. Галоўны трэнэр БАТЭ Віктар Ганчарэнка гаворыць: калі падчас леташняга пападаньня ў Лігу чэмпіёнаў з прагнозамі яшчэ можна было асьцярожнічаць, то сёлета упэўненасьці паболела:

“Калі ў такіх спаборніцтвах мы паступова набіраемся досьведу – каманда атрымлівае вопыт, трэнэрскі штаб набірае вопыт – то, вядома, на многія рэчы пачынаеш глядзець пад іншым вуглом. І калі леташні выхад у Лігу чэмпіёнаў можна было параўнаць з чаканьнем, так бы мовіць, вылету ў космас, то ў гэтым годзе ужо зьяўляецца нейкая упэўненасьць і ў сабе, і ў камандзе. Зьяўляецца разуменьне, што можна перамагаць любую каманду”.

Паўабаронца барысаўскага БАТЭ Павел Няхайчык таксама арыентаваны на станоўчы вынік. Прынамсі, кажа, што трэба было б пачаць адлік уласным галам у Лізе Эўропы – як летась у Лізе чэмпіёнаў:

Але калі нават гол не заб’ю, а каманда пераможа, асабліва не расстроюся, буду толькі задаволены
“Натуральна, што, выходзячы на кожны матч, намагаесься прынесьці задавальненьне заўзятарам. І зразумела, што самая вяршыня гэтага задавальненьня – гэта забіты гол. Але гэта не азначае, што на некаторыя гульні ты выходзіш, апусьціўшы рукі. Вядома, заўсёды прыемна забіваць галы, асабліва пераможныя, таму буду намагацца імкнуцца да перамогі. Але калі нават голу не заб’ю, а каманда пераможа, асабліва не засмучуся, буду толькі задаволены”.

Адным са сваіх саюзьнікаў барысаўцы бачаць надвор’е – досыць халоднае для цеплалюбівых партугальцаў. Дый падчас прэсавай канфэрэнцыі бразыльскі паўабаронца Рамірэс, які выступае за “Бэнфіку”, прызнаўся: у Беларусі яму зімна. Але пры гэтым зазначыў, што давядзецца больш рухацца і, адпаведна, нэрваваць супэрніка актыўнасьцю.

Але пры любым раскладзе відавочна іншае: у цяперашнім эўракубкавым цыклі БАТЭ заробіць істотна меней, чым падчас мінулагодняй Лігі чэмпіёнаў. І гэта нягледзячы на тое, што ў актыве барысаўцаў ёсьць перамога над грэцкай камандай АЕК (у Лізе чэмпіёнаў БАТЭ тройчы згуляў унічыю). Аднак другі паводле значнасьці статус Лігі Эўропы прадугледжвае і іншыя, больш сьціплыя бонусы. Адпаведна, гэта адаб’ецца ня толькі на трэнэрскім штабе і гульцах, але й на фінансавых магчымасьцях набываць больш моцных футбалістаў. Ці не засмучаюць такія абставіны галоўнага трэнэра Віктара Ганчарэнку?

“Ну, засмучаць мяне гэта дакладна не засмучае. Але, натуральна, трапіўшы ў групавую стадыю Лігі чэмпіёнаў, атрымаўшы нейкія грошы, можна было б надалей удасканальваць нашу інфраструктуру, а гэта адназначна прыцэл на будучыню і інвэстыцыі ў будучыню. Гэта, само сабой, немалаважна. Але ў той жа час скажу: цяперашні статус таксама не засмучае, настрой ад гэтага не падае. І я лічу, што мы як мелі магчымасьць запрашаць добрых гульцоў, так і будзем яе мець надалей”.

Падчас нядаўняга паседжаньня выканкаму Беларускай фэдэрацыі футболу былі агучаныя вынікі апытаньня, якое вызначыла б найлепшага трэнэра Беларусі. Такое апытаньне фэдэрацыя традыцыйна праводзіць сумесна з газэтай “Все о футболе”. Па выніках 2009 году найлепшым названы Віктар Ганчарэнка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG