Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Скульптура ахвярам канцлягеру знаходзіцца ў падвале


Жыхары дамоў № 30 і 32 на вуліцы Калініна ў Менску патрабуюць не пачынаць будоўлі на парэштках людзей, расстраляных у часе вайны

Жыхары дамоў № 30 і 32 на вуліцы Калініна ў Менску патрабуюць не пачынаць будоўлі на парэштках людзей, расстраляных у часе вайны

На скрыжаваньні вуліц Якуба Коласа і Калініна, дзе заплянавана будаўніцтва новага шматпавярховага дому, у зямлі дагэтуль ляжаць парэшткі сотняў загінулых ваеннапалонных і вязьняў канцлягеру. 10 гадоў таму вайскоўцы пахавалі там больш за дзьве сотні салдатаў, парэшткі якіх знайшлі на месцы земляных работ. На брацкай магіле ўстанавілі камень. Высьветлілася, што яшчэ ў 1980-я на гэтым месцы плянавалі паставіць помнік. Але ён дагэтуль знаходзіцца ў падвале.


Трагедыя ваеннага часу набыла галоснасьць выпадкова. У раёне скрыжаваньня вуліц Калініна і Якуба Коласа, на месцы, дзе ў зямлі ляжаць парэшткі сотняў салдатаў і вязьняў канцлягеру, пачалася падрыхтоўка да пабудовы шматпавярховага дому. Абураныя жыхары чатырохпавярховак прыгадалі, што нават у 1970-я, калі раставаў сьнег, з-пад зямлі паказваліся чалавечыя косткі і чарапы.

У часе вайны на гэтым месцы знаходзіўся канцлягер пад адкрытым небам. Туды трапілі савецкія палонныя салдаты ў першыя дні вайны. Яны паміралі ад ранаў, эпідэміяў і ад голаду. Такіх месцаў у Менску было некалькі. Галоўны і самы вялікі лягер знаходзіўся ў Масюкоўшчыне.

Пазьней у раён ад вуліцы Калініна да вуліцы Кедышкі звозілі расстраляных зь іншых месцаў. Супрацоўніца аддзелу культуры Першамайскага райвыканкаму Любоў Селівон распавяла:
Там, дзе бульвар Талбухіна, фактычна на касьцях стаяць дамы...


“Вось там, дзе бульвар Талбухіна, фактычна на касьцях стаяць дамы. Там рылі вялізныя равы, і туды ў неабмежаванай колькасьці звозілі трупы. Ніхто не лічыў. Там напісана, што больш за 10 тысяч. Не. Там можа быць сотні тысяч... Там на Калініна быў буйны лягер “Шталяг”.

Кіраўніца аддзелу культуры выканкаму Першамайскага раёну Натальля Каралёва расказала, што вайскоўцы, калі капалі траншэю, адразу наткнуліся на парэшткі салдатаў:

“Там былі салдацкія мэдальёны, але прачытаць здолелі толькі адзін. Гэта быў радавы, паводле нацыянальнасьці расеец. Там было парэшткаў больш за 200 чалавек. Зрабілі такую брацкую магілу”.

Карэспандэнтка: “А колькі там яшчэ засталося?”

Каралёва: “Ніхто не лічыў”.

Калі вызвалялі Менск, асноўныя баі ішлі на ўсходзе гораду. Большасьць прыпала на Астрашыцкі гарадок, Уручча і цяперашнюю вуліцу Каліноўскага. На 8-м кілямэтры немцы падбілі першы танк у часе выведкі боем. На сучаснай плошчы Талбухіна быў падбіты другі танк. Трэці танк дайшоў да цэнтру, і ён сёньня на пастамэнце. У брацкіх магілах ляжаць парэшткі тых, каго падабралі і паклалі ў адну вялізную яму. Сотні засталіся ляжаць непахаванымі, зьлёгку прысыпанымі зямлёй.

У двары на вуліцы Калініна заплянавана будаўніцтва новага дому

На месцы каменя на скрыжаваньні Якуба Коласа і Калініна заплянавана нарэшце ўсталяваць помнік – скульптуру “Расстрэл ваеннапалонных”. Гэта праца выпускніка ранейшага тэатральнага інстытуту, якая на пачатку 1980-х заняла першае месца на конкурсе ў Ленінградзе. Дагэтуль бронзавая статуя не запатрабаваная. Нядаўна ўлады хацелі ўсталяваць яе ў парку Чалюскінцаў, але прынялі рашэньне паставіць на месцы лягеру для ваеннапалонных.

Што ж да будаўніцтва дому на месцы гібелі сотняў салдатаў, то на правядзеньне любых будаўнічых работ дае дазвол Менгарвыканкам. Супрацоўнікі Зеленбуду, каб падрыхтаваць пляцоўку, сьпілавалі дрэвы на загад уладаў. Жыхары дамоў ня вераць, што ў камітэце архітэктуры нічога ня ведаюць пра гэтае месца. Яны запэўнілі, што будуць зьвяртацца ў розныя ўстановы, у тым ліку ў міжнародныя арганізацыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG