Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ 200 мільёнаў ад Сусьветнага банку


Рада выканаўчых дырэктараў Сусьветнага банку зацьвердзіла выдзяленьне Беларусі пазыкі на мэты разьвіцьця у 200 млн. даляраў ЗША на падтрымку эканамічнай праграмы ўраду, скіраванай на зьняцьцё сацыяльных наступстваў крызісу і паглыбленьне структурных рэформаў, якія забясьпечваюць аснову для аднаўленьня ўстойлівага эканамічнага росту, паведамляе БелаПАН.

Гэтая аднатраншавая пазыка выдзяляецца тэрмінам на 16 гадоў і прадугледжвае адтэрміноўку пачатку пагашэньня на шэсьць гадоў.

«Да гэтага часу Беларусьсю назапашаны станоўчы вопыт рэалізацыі праектаў з Групай Сусьветнага банку. Для Сусьветнага банку адкрылася акно магчымасьці падтрымаць паглыбленьне структурных рэформаў у Беларусі, — сказаў дырэктар аддзелу Беларусі, Малдовы і Ўкраіны Марцін Райзэр. — Мы спадзяемся, што дамоўленасьць, дасягнутая з уладамі Беларусі, таксама паслужыць сыгналам для прыватных інвэстараў аб тым, што Беларусь становіцца больш адкрытай».

Пазыка на мэты разьвіцьця падтрымлівае праграму рэформаў, згрупаваных па дзьвюх кірунках. Першы зь іх арыентаваны на ўмацаваньне праграм сацыяльнай дапамогі за кошт узмацьненьня іх адраснай скіраванасьці на бедныя слаі насельніцтва, якія могуць больш за ўсё пацярпець ад уплыву глябальнага эканамічнага і фінансавага крызісу на эканоміку Беларусі. Другі — падтрымлівае праграму ўрадау па лібэралізацыі для стымуляваньня інвэстыцый і стварэньня працоўных месцаў. Гаворка ідзе ў тым ліку пра такія меры, як указ аб удасканаленьні кантрольнай дзейнасьці, які дазволіць значна аблегчыць нагрузку для прадпрыемстваў; лібэралізацыя цэн (уключаючы адмену абмежаваньняў гандлёвых надбавак у адносінах да большасьці відаў прадукцыі); паступовая адмена абаротных падаткаў і падрыхтоўка заканадаўчай базы для пачатку працэсу прыватызацыі.

Старшы эканаміст Сусьветнага банку і кіраўнік групы спэцыялістаў па падрыхтоўцы пазыкі на мэты разьвіцьця Паблё Саавэдра адзначыў: «Апошнімі гадамі Беларусь скараціла абмежаваньні для бізнэсу, і ў рамках згаданай апэрацыі падтрымліваюцца далейшыя захады ў галіне лібэралізацыі цэн, скарачэньні рэгуляваньня і падатковай палітыкі. Крызіс ня толькі ўзмацніў актуальнасьць гэтых рэформ, але і падкрэсьліў неабходнасьць паглыбіць рэформы для забесьпячэньня аднаўленьня ўстойлівага росту».

Беларусь стала членам Сусьветнага банку ў 1992 годзе. За гэты час краіне было выдзелена 643 млн. даляраў ЗША на рэалізацыю дзевяці праектаў; прыкладна 30 нацыянальных праграм атрымалі грантавую падтрымку на агульную суму 18 млн. даляраў ЗША. Цяпер Беларусь выкарыстоўвае сродкі Сусьветнага банку для фінансаваньня чатырох праектаў па разьвіцьці інфраструктуры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG