Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Шыльда Свабоды
Менск, вуліца Валадарскага, 2
У гэтай турме ў 1990-я — 2000-я гады ўтрымліваліся дзясяткі палітычных зьняволеных — актывістаў нацыянальна-дэмакратычнага руху.
Палітык Павал Севярынец правёў на Валадарцы ў 1998 годзе крыху болей за два месяцы. Трапіў туды пасьля акцыі ў дзень гэтак званага яднаньня Беларусі і Расеі, нібыта за зрыў канцэрту. Сядзеў у камэры № 180. Нары ў два ярусы, сьпёртае паветра, 24 гадзіны на суткі гарыць сьвятло, вельмі кепская ежа. Камэра перапоўненая, спалі па чарзе. Грубасьць і хамства абслугі. Вязьні-правакатары са сваімі «шчырымі» размовамі, каб выцягнуць інфармацыю для сьледчага. Забойцы і палітычныя разам.

Такі мікраклімат вельмі цяжкі для непадрыхтаванай псыхікі — кажа палітвязень Севярынец. Але —

«Валадарка — гэта своеасаблівае гарніла, дастаткова сур’ёзнае месца, дзе беларускі нацыянальна-дэмакратычны рух выпрабоўваўся. Шмат хто прайшоў праз гэтую турму — ад Якуба Коласа да Юр’я Хадыкі, Аляксея Шыдлоўскага, Андрэя Клімава. І я не сустракаў чалавека, для якога б Валадарка была прагулкай ці проста нейкім звычайным этапам жыцьця. Яна заўсёды была выпрабаваньнем на злом. І людзі яго вытрымлівалі. Калі толькі туды трапляеш, пачынаеш сумнявацца, ці выстаіш, ці вытрымаеш. Разам са шляхам Бог дае сілы. Гэта як з мэталам, які гартуюць спачатку ў полымі, потым у вадзе. Гэта таксама трэба прайсьці, каб пасьля цябе не палохалі пагрозы, допыты, калёніі. Гэта месца, дзе гартуюцца».

Збудаваны паводле праекту архітэктара Пішчалы ў 1825 годзе ў якасьці Менскай губэрнскай турмы, замак вельмі хутка здабыў славу палітычнага астрогу, дзе сядзелі ўдзельнікі паўстаньняў 1831 і 1863 гадоў, пазьней — клясыкі беларускай літаратуры Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Карусь Каганец, Алесь Гарун, Якуб Колас.

І хоць у сучаснай «Валадарцы» ўтрымліваюць да сьледзтва перадусім меркаваных злачынцаў, яна і сёньня захоўвае славу палітычнай турмы. Празь яе прайшлі самыя небясьпечныя з гледзішча рэжыму яго апанэнты — прэм’ер-міністар Міхаіл Чыгір і прафэсар Юры Хадыка, міністар Васіль Лявонаў і надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Міхаіл Марыніч, мастак Рыгор Кійко і бізнэсовец Андрэй Клімаў, марскі афіцэр Валеры Шчукін і студэнт Андрэй Кім, яшчэ дзясяткі актывістаў апазыцыі.

У цэнтры Менску свабоднай думцы і сумленьню заўсёды знаходзіцца месца за кратамі і калючым дротам.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG