Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці можна лічыць візыт Бэрлюсконі дыпляматычнай перамогай афіцыйнага Менску?


Прэм’ер-міністар Італіі Сыльвіё Бэрлюсконі наведаў Беларусь з афіцыйным візытам. У чым сымбалічнасьць гэтай падзеі? Чаму італьянскі кіраўнік хваліў Аляксандра Лукашэнку? Якія практычныя вынікі візыту Сыльвіё Бэрлюсконі ў Беларусь?

Удзельнікі: галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты «Мы» Кірыла Пазьняк і кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.

Аляксандар Класкоўскі
Кірыла Пазьняк
Валер Карбалевіч


У чым сымбалічнасьць візыту Бэрлюсконі?


Валер Карбалевіч: «Упершыню за 15 гадоў, за ўвесь час кіраваньня Лукашэнкі, краіну наведаў зь візытам лідэр заходнеэўрапейскай краіны — прэм’ер Італіі Сыльвіё Бэрлюсконі. Італія — адна з буйных дзяржаваў ЭЗ, яна ўваходзіць у васьмёрку найбольш уплывовых дзяржаваў сьвету, якія кожны год зьбіраюцца на саміт. У чым сымбалічнасьць гэтага візыту? Ці азначае ён, што ізаляцыя афіцыйнага Менску на эўрапейскім кірунку прарваная? Вось Лукашэнка падчас сустрэчы казаў, што візыт Бэрлюсконі — гэта «жэст падтрымкі Беларусі на міжнароднай арэне».

Кірыла Пазьняк: «Так, сам факт візыту сымбалічны. Гэта візыт у адказ на вясновае гасьцяваньне Лукашэнкі ў Рыме. Калі дадаць візыты Лукашэнкі ў Літву і Ўкраіну, візыты ў Менск эўрачыноўнікаў высокага ўзроўню, то можна казаць пра выхад Беларусі з ізаляцыі. Пра гэта піша сёньня афіцыйная газэта „Советская Белоруссия“. Маўляў, выступалі яны на фоне сьцягоў Беларусі, Італіі і ЭЗ. Бэрлюсконі — безумоўны праваднік беларускага эўратрэнду. А вось ці зьяўляецца ён пасланьнікам ЭЗ — то гэта пытаньне».

Аляксандр Класкоўскі: «Гэты візыт можна разглядаць як зьвяно таго працэсу, які пачаўся больш за год таму. То бок новай палітыкі ЭЗ адносна Беларусі. Бэрлюсконі найболей выразна ўвасабляе прагматычны чыньнік палітыкі ЭЗ, калі на першы плян выходзяць геапалітычныя ды эканамічныя інтарэсы. Як вядома, Бэрлюсконі называюць „палітыкам-бізнэсоўцам“. Гэта адзін з самых багатых у Італіі людзей, мэдыямагнат.

Думаю, Бэрлюсконі ўзгадняў свой візыт у Брусэлі. Кіраўніцтва ж ЭЗ, з аднаго боку, згаджаецца на візыт, які грае ролю нейкай цукеркі для Менску. А зь іншага боку, Брусэль дыстанцуецца ад Бэрлюсконі, калі той робіць камплімэнты Лукашэнку. Гэта можна сьпісаць на экстравагантнасьць Бэрлюсконі».

Прагматызм і каштоўнасьці


Карбалевіч: «Гэты візыт вядомага эўрапейскага палітыка мае сваю адметнасьць. Звычайна, калі заходнія палітыкі прыяжджаюць у Менск, яны сустракаюцца ня толькі з афіцыйнымі асобамі, але і з прадстаўнікамі апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці, гавораць пра важнасьць дэмакратыі і правоў чалавека. Бэрлюсконі ня толькі не сустракаўся з прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў, не казаў пра правы чалавека, але нават выказаў Лукашэнку такі камплімэнт: „Я жадаю ўдачы асабіста вам, спадар прэзыдэнт, вашаму народу, народу, які вас па-сапраўднаму любіць, сьведчаньнем чаму зьяўляюцца вынікі выбараў, якія перад вачыма ўва ўсіх нас“. Такіх словаў Лукашэнку не казаў ні Назарбаеў, ні Аліеў, ніякі іншы аўтарытарны кіраўнік. Як вы гэта пракамэнтуеце?»

Пазьняк: «Гэтая заява Бэрлюсконі выглядае скандальнай. Ён паказаў, што гатовы да супрацоўніцтва з Лукашэнкам безь ніякіх агаворак і абумоўленасьцяў.

Адбываецца пэўны падзел працы паміж эўрачыноўнікамі і лідэрамі асобных дзяржаў ЭЗ. Эўрачыноўнікі прасоўваюць працэс дэмакратызацыі, а кіраўнікі дзяржаваў кіруюцца нацыянальнымі інтарэсамі сваіх краінаў. Вось як Бэрлюсконі. Безумоўна, гэта задавальняе Менск, які імкнецца зрабіць пытаньне дэмакратызацыі факультатыўным».

Класкоўскі: «Сапраўды, кіраўнікі ЭЗ паводле пасады вымушаны агучваць эўракаштоўнасьці, на якіх грунтуецца Эўразьвяз. А Бэрлюсконі — кіраўнік асобнай краіны, таму фармальна ад яго не патрабавалася чытаць „маралітэ“. Дарэчы, увесну Лукашэнка, паехаўшы ў Рым, расхвальваў Бэрлюсконі. Ён казаў, што Бэрлюсконі называюць таксама дыктатарам, а за яго галасуе 75% італьянцаў. Таму цяпер італьянскі прэм’ер зрабіў камплімэнт у адказ».

Карбалевіч: «Ня ўпэўнены, што сам Бэрлюсконі ўспрыняў гэта як камплімэнт, што яго абазвалі „дыктатарам“».

Якія практычныя вынікі візыту Бэрлюсконі ў Беларусь?


Карбалевіч: «Якія практычныя вынікі візыту Бэрлюсконі ў Беларусь? Ці адчыніць ён новыя пэрспэктывы ў эканамічным супрацоўніцтве, іншых сфэрах? Пакуль узаемны гандаль ня надта вялікі: 1,2 млрд. даляраў мінулым годам. Гэта ў тры разы больш, чым у гандлі Беларусі з Казахстанам, зь якім ствараецца Мытны саюз, але менш, чым у гандлі зь іншымі эўрапейскімі краінамі.

У тэлеперадачы „Панарама“ прагучала, што Бэрлюсконі абяцае прывезьці дэлегацыю бізнэсоўцаў, якія прадстаўляюць сярэдні і дробны бізнэс Італіі. Але кіраўніцтву Беларусі патрэбны буйныя інвэстары, якія б маглі выратаваць буйную беларускую прамысловасьць».

Пазьняк: «Магчыма, у гэтым візыце быў і асабісты бізнэс-інтарэс Бэрлюсконі, пра што пішуць італьянскія мэдыі. Думаю, гандаль у выніку візыту павялічыцца».

Класкоўскі: «Эканомікі Беларусі і Італіі цяжка састыкаваць. Няма на італьянскім рынку нішы для прадукцыі нашай прамысловасьці. Да таго ж прэм’ер Італіі ня можа загадаць сваім бізнэсоўцам ісьці ў тую ці іншую краіну. Узровень падпісаных у Менску дакумэнтаў не патрабаваў прысутнасьці лідэраў краін. Калі казаць увогуле, то ЭЗ гуляе цяпер у гульню зь Беларусьсю без гарантаванага выніку».

Карбалевіч: «Бэрлюсконі прыехаў у Менск на 3—4 гадзіны. З улікам урачыстай сустрэчы, ускладаньня вянкоў на перамовы часу засталося мала. Тым ня менш візыт назвалі афіцыйным. Тут вялікі складнік фармалізму, піяру. Зразумела, навошта гэта патрэбна Лукашэнку. Але навошта гэта Бэрлюсконі?»

Класкоўскі: «Бэрлюсконі цяпер адбіваецца ад судоў, мэдыяў. Магчыма, такім чынам, з дапамогай гэтага візыту ён хоча прадэманстраваць сваю сілу, крутасьць».

Пазьняк: «Бэрлюсконі яшчэ пасьпеў зайсьці ў менскія крамы, купіць нейкія вазы».

Класкоўскі: «Прагматычны падыход ЭЗ праяўляецца нават у такіх дробязях».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG