Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесю Пушкіну дазволілі выставіць у Швэцыі толькі 3 з 17 малюнкаў


Міністэрства культуры дало дазвол на вываз у швэдзкі Кальмар толькі 3 з 17 малюнкаў мастака Алеся Пушкіна, якія швэдзкая камісія адабрала для ўдзелу ў выставе Музэю сучаснага мастацтва. Не атрымалі дазволу працы Алеся Пушкіна з сэрыі «Беларускія шпакоўні», «Сёньня», «Заўтра» ды іншыя, гэтак званыя «палітычныя».

Паводле закону Міністэрства культуры дае дазвол на вываз за мяжу культурных каштоўнасьцяў, у тым ліку малюнкаў, якія належаць іх аўтарам. Мастак Алесь Пушкін афіцыйна зьвярнуўся па такі дазвол у Міністэрства культуры Беларусі. Мастак прасіў дазволу на часовы вываз 17 сваіх малюнкаў, адабраных спэцыялістамі музэю сучаснага мастацтва гораду Кальмар у Швэцыі. Выстава мае адчыніцца 4 сьнежня. Сёньня, 1-га сьнежня, аўтар плянаваў выправіцца за мяжу разам з малюнкамі. Заяўку разглядала загадчыца аддзелу міністэрства Таісія Капыльская.

1 сьнежня чыноўніца перадала Алесю Пушкіну сэртыфікат на вываз толькі 3 з 17 малюнкаў. Дазволеныя для вывазу толькі пэйзажы. Лёс астатніх малюнкаў, як вынікае зь яе рэзалюцыі на заяве мастака, будзе вырашаны цягам 10 дзён. Алесь Пушкін лічыць такія дзеяньні цэнзурай, бо на адкрыцьцё выставы не трапляюць працы, у якіх мастак крытычна ставіцца да беларускіх рэаліяў.

«Яна так і сказала: гэтымі працамі праслаўляй Беларусь. А гэтымі чатырнаццацю працамі — нельга. Уражаньне, што яна гэта зрабіла паводле дазволу міністра Латушкі, паколькі яна ўчора была ў яго на прыёме з гэтымі працамі і сёньня раніцай. І вось табе міністар, які размаўляе па-беларуску, міністар, які беларусізуе міністэрства. Я гэтага не разумею», — сказаў Алесь Пушкін для «Свабоды».

Мастак перадаў нумар службовага тэлефону Таісіі Капыльскай зь Міністэрства культуры, але слухаўку, калі я туды патэлефанаваў, ніхто не падняў.

Гэтыя вядомыя творы Алеся Пушкіна дазволу на выезд не атрымалі.

Алесь Пушкін паведаміў, што зьбіраецца сёньня вечарам ехаць у Швэцыю і там папрасіць арганізатараў выставы зрабіць фотакопіі малюнкаў, якія Мінкультуры не дазволіла вывозіць разам з трыма пэйзажамі. «Хай будзе падпісана, што вось гэтыя працы дазваляюць, а гэтыя — не. Хай швэдам будзе лепш зразумела, якая ў нас лібэралізацыя», — кажа Алесь Пушкін.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG