Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Сьветлагорску дамагаюцца зьменаў у заканадаўстве пра ВІЧ


Сёлета ўвосень Сьветлагорскі райвыканкам зьвярнуўся ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу з хадайніцтвам, каб зьмяніць заканадаўства пра ВІЧ. Мясцовая ўлада прапануе ўключыць СНІД у пералік сацыяльна небясьпечных захворваньняў, што пашырыць мажлівасьці яго прафіляктыкі. У прыватнасьці, прапануецца ўвесьці абавязковы тэст на ВІЧ для маладых людзей, якія ўступаюць у шлюб, для мужоў цяжарных жанчын, а таксама для кантактных асобаў інфікаванага.

Колькасьць ВІЧ-інфікаваных у 70-тысячным горадзе амаль за паўтара дзясятка гадоў пасьля першых масавых выяўленьняў хворых няўхільна павялічваецца і перавысіла зараз дзьве з паловай тысячы. Прычым статыстыка сьведчыць, што полавы шлях распаўсюду небясьпечнай інфэкцыі дасягнуў 86 адсоткаў. Група найбольшай рызыкі — гэта людзі ва ўзросьце ад 25 да 40 гадоў. Сярод іх нямала і наркаманаў, у тым ліку й ВІЧ-інфікаваных.

Лекар-нарколяг са Сьветлагорску кажа на гэта:

У Беларусі ніхто не гарантаваны ад гэтай хваробы! Ніхто!
«Наркаманы — яны адлюстроўваюць нашу грамадзкасьць, прыкладна ў такіх жа суадносінах. Гэта дзеці і багатых, і бедных. Наша грамадзтва ня мае імунітэту на наркотыкі. Мы ўсе жывем у адным асяродзьдзі. У адным пад’езьдзе выхоўваецца сын бізнэсоўца, начальніка й апошняга п’яніцы. Усе яны ў адной клясе вучацца, у адным пад’езьдзе сустракаюцца і ўплываюць адзін на аднаго, не заўсёды добра. Таму ніхто не гарантаваны ад гэтай хваробы. Ніхто!»

35-гадовы жыхар Сьветлагорску спадар Валер колісь быў спартоўцам. Празь сяброў прызвычаіўся да наркотыкаў. Як заразіўся ВІЧ-інфэкцыяй, ня ведае. Лічыць, што гараджане да такіх, як ён, ставяцца варожа, з насьцярогаю:

«Большасьць людзей настроены агрэсіўна супраць наркаманаў. А тым больш, што цяпер існуе праблема зь ВІЧ. Для людзей як — калі наркаман, значыць, і ВІЧ-інфікаваны. Такога чалавека стараюцца абмінаць і асьцерагаюцца. У мяне стаіць дыягназ: ВІЧ-інфікаваны. У мяне нічога не зьмянілася ў жыцьці. Я імкнуся пра гэта ня думаць. Жыву сваім жыцьцём — і ўсё».

Паводле суразмоўцы, наркаманы між сабою таксама ня надта сябруюць:

«Наркаман ёсьць наркаман. Кожны імкнецца сам сабе здабыць дозу. Іншым разам імкнецца нават ашукаць бліжэйшага сябра, каб самому ўкалоцца. Каб дапамагаць, такога сярод наркаманаў няма».

Павялічваецца колькасьць ВІЧ-інфікаваных ня толькі ў Сьветлагорску, але і ў іншых гарадах рэгіёну. У абласным цэнтры, у прыватнасьці, зарэгістравана 637 такіх хворых — на 68 чалавек больш, чым летась.

Каардынатар Аб’яднанай праграмы ААН па ВІЧ/СНІДу ў Беларусі Элеанора Гвозьдзева канкрэтызуе лічбы фінансавых выдаткаў на прафіляктыку хваробы і барацьбу зь ёй:

«Былі атрыманыя зь Глябальнага фонду каля 24 мільёнаў эўра і 14 мільёнаў даляраў на наступныя 6 гадоў. А агулам на забесьпячэньне правоў грамадзянаў на догляд, лекаваньне, падтрымку і прафіляктыку, а таксама на інфармацыю краіна патраціла каля 70 мільярдаў беларускіх рублёў».
XS
SM
MD
LG