Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Полацку аднаўляюць помнік, нягледзячы на грамадзкі пратэст


За новым помнікам — манумент, які будуць зносіць.
За новым помнікам — манумент, які будуць зносіць.

Недалёка ад Полацкага гарвыканкаму пачаўся мантаж помніка ўдзельнікам вайны 1812 году, супраць узьвядзеньня якога пратэставалі гараджане.

Колькі месяцаў таму ў Полацку быў распаўсюджаны зварот дэмакратычных актывістаў да грамадзкасьці горада, дзе гаварылася пра тое, што ўлады зьбіраюцца рэканструяваць помнік у гонар перамогі расейскага войска над францускім, зруйнаваны ў 1932-м годзе.

«У Расеі ўжо ёсьць помнікі, якімі ўшанаваны яе вайскоўцы часоў вайны 1812 году. За грошы расейскага ваеннага ведамства і беларускага падаткаплатніка адбудоўваецца такі ж і ў Полацку. Аднаўленьне яшчэ аднаго такога помніка на тэрыторыі незалежнай Беларусі не нясе гістарычнай справядлівасьці ў адносінах да беларускага народу. Тут даўно ўжо не тэрыторыя Расейскай імпэрыі», — гаварылася ў звароце, які набыў шырокі розгалас у горадзе.

Мантаж помніка ўдзельнікам вайны 1812 году.

Прыцягнуўшы ўвагу грамадзкасьці, полацкія актывісты меркавалі спыніць аднаўленьне помніка, ініцыяванае гарадзкімі ўладамі. Але дамагчыся гэтага не ўдалося. Помнік-капліца з купалам і залачоным крыжам наверсе ў атачэньні калёнаў зь дзьвюхгаловымі арламі паўстане недалёка ад будынка гарвыканкаму. Прычым для гэтага будзе перабудаваны мэмарыял удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, які знаходзіцца паблізу: яго падзеляць на дзьве часткі, разьмясьціўшы паабапал дарогі да новага помніка.

Жыхарам Полацку прапануюць паглядзець праект

Тое, што давядзецца руйнаваць пахаваньне абаронцаў Радзімы ад фашызму, кажа полацкі сябар КХП БНФ Мікола Шарах, гарадзкія ўлады нібыта не хвалюе. Вэтэранскія арганізацыі маўчаць таксама.

Колішні помнік удзельнікам вайны 1812 году ў Полацку. Фота Здымак Сяргея Пракудзіна-Горскага, 1912 год.
Спадар Шарах разам зь іншымі полацкімі актывістамі прапаноўваў полацкаму гарвыканкаму замест помніка ўдзельнікам вайны 1812 году ўзьвесьці Помнік беларускім героям — тым, хто змагаўся за незалежнасьць беларускіх земляў у розныя часы. Але і гэтая прапанова ва ўладаў не знайшла водгуку.

На аднаўленьне помніка ўдзельнікам вайны 1812 году выдаткавана 44 мільёны расейскіх рублёў зь бюджэту Саюзнай дзяржавы. Дэталі манумэнту выраблялі на Менскім скульптурным камбінаце і ААТ “Тэхналіт Полацак”. Ён будзе адноўлены ў такім самым выглядзе, у якім існаваў паводле праекту архітэктара Фіксена. Аналягічныя манумэнты былі ўзьведзеныя ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя ў сямі расейскіх гарадах і драбнейшых паселішчах, дзе былі значныя баі з францускімі войскамі. Да нашых дзён захаваўся толькі манумэнт у Смаленску. Аднавіць помнік плянуецца ня толькі ў Полацку, але і ў горадзе Малаяраслаўцы Калускай вобласьці, і ў мястэчку Краснае на Смаленшчыне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG