Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мы чужыя на іхніх эўрапейскіх сьвятах: зьнішчэньня межаў з калючым дротам, яднаньня ў агульнай грамадзе, іхні сіні сьцяг з мноствам зорачак—чырвоная ануча для нашага быка. Нам, беларусам, утульней было, пакуль стаяў Бэрлінскі мур, пакуль мы былі адгароджаны ад іх цэлым пасам сацыялістычнага лягеру. Пакуль існавала “Братэрства па клясе, братэрства па зброі”. Пакуль усім было прыблізна аднолькава, не па-эўрапейску, пакуль кіравала “наш стырнавы”-партыя...

Беларусы як каты і сабакі

Мы нарадзіліся ў гэтых умовах, нам яны здаваліся збольшага ніштаватымі, больш-менш камфортнымі, бо — знаёмымі, звыклымі. Мы пачуваліся ў іх амаль як рыба ў вадзе, праўда корму не заўжды хапала, але нам былі вядомыя сьцежкі-дарожкі пошукаў і здабычы ежы фізычнай. Калі прылаўкі напоўніліся, мы адчулі пэўны дыскамфорт, раздвоенасьць у галаве паміж — “шмат усяго”, але ж “замала грошай”, такія нараканьні ля каўбасных вітрынаў я чуў не аднойчы. Мы, беларусы, спалучаем у сабе пэўным чынам уласьцівасьці хатніх жывёлаў: звычку да месца, узятую ад катоў, і звычку да гаспадара, пазычаную, вядома, у сабак.

Мы нават не спазьняемся, бо нікуды не імкнемся, у лепшым разе нагадваем таго зайца з показкі, які наважыўся набыць білет (у нашым разе ў эўрапейскую дэмакратыю), але ўсё роўна не паехаў. Не хапіла пораху. За сваім плотам хавацца хоць не заўжды ўежна, дык улежна. Наш цягнік натрывала апынуўся “на запасным пуці”, як той славэтны браняпоезд са шлягеру сталінскіх часоў. Нездарма ж у новым тэксьце беларускага савецкага гімну зьявіліся словы пра тое, што мы — “мірныя людзі” — з таго самага “шлягеру”. Цытата, запазычаньне, ці звычайны плягіят? Ды хутчэй проста савецкі шаблён. Ёсьць жа ў гімне і пра братні саюз і пра дружбу народаў — аскомныя савецкія газэтныя штампы.

Ты — гарадзенскі беларус, ты жывеш зусім блізка ад межаў Польшчы і Літвы, у паўночна-заходнім куце краіны. І ты адчуваеш сябе сапраўды ў куце, а не на эўрапейскім, скажам, фарпосьце Беларусі. Горадня — горад, адкуль няма цягнікоў і самалётаў у Эўропу, адно да польскай мяжы ходзіць раскручаная кантрабандыстамі, расхістаная электрычка-сьпіртавоз. Ты ўстаеш і вызіраеш у вакно: на гмаху ўлады два сьцягі — чырвоны, але, дзякаваць Богу, з залатым зубрам у кароне, побач — традыцыйны чырвона-зялёны. На суседняй, ніжэйшай уладнай установе таксама два штандары, адзін — сіні з аленем сьвятога Губэрта. Гэта яшчэ больш падкрэсьлівае стан краіны — эўрапейскую традыцыю спрабуюць прышчапіць да ўтрываленай савецкай, якая пануе, таму знак сьвятога Губэрта выглядае экзатычна, як неадпаведныя гузікі або, скажам, ордэн Ганаровага Легіёну на сталінскім кіцеле.

Падзеленая галава


Уласна кажучы, галава беларусаў падзеленая нібы той Бэрлін — на два сэктары. Скажам, у заходняй частцы ў нас захоўваецца герб “Пагоня”, бел-чырвона-белы сьцяг і беларуская мова, якая ў савецкім сэктары заўжды пачувалася пэрсонай нон грата. Ва ўсходнім сэктары мова беларусаў ў лепшым разе проста пыліцца ў архіве, ці ў музэйнай вітрыне, а рэальна —выкінута на сьмецішча, самыя прагматычныя ёй шукаюць месца на могілках, каб надзейна пахаваць, каб зрабіць прымальную грымасу для ўражлівых эўрапейцаў. Маўляў, сама сканала, уласнай сьмерцю, туды ёй і дарога, напішам на помніку “з крошкі”, што была “гасударственай”, але не цягнула, не выконвала ролю, што ўзяць зь дзеравенскай і архаічнай?

У нас усё і ўсе падзеленыя на дзьве часткі: улада і апазыцыя, чэсныя і нячэсныя журналісты, два лягеры пісьменьнікаў, два саюзы палякаў і гэтак далей. Падзеленыя барыкадай альбо бэтонным плотам — ці вялікая розьніца? Усё як мае быць: калючы дрот, вышкі кулямётныя, а значыцца — уцекачы, “здраднікі радзімы” (чытай — улады), якія хаваюцца ва ўнутраную эміграцыю, замыкаюцца ў сваю беларускую мову, якой трымаюць ва ўсходнім сэктары ў шуфлядзе падпісаны прысуд. Што ў ім? Пазбаўленьне грамадзянскіх правоў як мінімум. А вось у “абодвух” Бэрлінах нямецкая мова дыскрымінацыі ня знала, ніхто за мову не арыштоўваў і не штрафаваў.

Хто сурочыць вечнасьць?


Мне невядома, ці капаюцца тунэлі пад нашай Бэрлінскай сьцяной, але дакладна відавочныя жаданьне і спробы ўлады перакрыць каналы свабоднай інфармацыі — зрабіць цэнзуру ў сеціве, забараніць сатэлітныя талеркі. А як шчыруюць на мяжы ў пошуках “друкаванай прадукцыі” ды носьбітаў інфармацыі, да сподняга разьдзяваюць! А бзік на глебе чэсных ці нячэсных выходных дадзеных у газэтах ці часопісах? Асабліва ва ўлётках! Калі бачыш гэта, пераконваесься: Бэрлінскі мур ня толькі ў галовах, скажам, непрыхільнікаў рэжыму, але таксама ў галовах мытнікаў, памежнікаў, міліцыянтаў, усіх чыноўнікаў, якія не забываюцца ніколі на пільнасьць: якому журналісту даць зьвесткі, а якому — не. У беларускіх галовах нібы шуфляды, зробленыя калісьці эпатажнікам Далі ў падробнай статуі Вэнэры Мілоскай: у адной ляжыць абавязковы “цэнзурны пералік” — што можна гаварыць, а пра што лепей прамаўчаць, які анэкдот расказаць, а які ня варта.

Нашым Патсдамскім пагадненьнем быў напэўна Рыскі мір, сымбалем падзелу Беларусі на дзьве часткі стала калісьці славэтная “лінія Сталіна”, якую ўлады сёньня ўсяляк прапагандуюць (вось яшчэ настойка аднайменная зьявілася за восем тысяч з капейкамі). “Сталінскі рубеж” быў дэмантаваны, калі Беларусь злучылі ў адзіную. Цяпер яго аднавілі, бо ня можа без сваёй Бэрлінскай сьцяны краіна, аднойчы расьцятая напалам. Калі польская мяжа была пад Менскам, калгасьнікам загадвалі забіваць дошкамі вокны, што глядзелі на захад, зусім як пазьней у тым Бэрліне. А калі яны працавалі, ім было загадана не глядзець у заходні бок. Сёньняшняя ўлада, што будуе сталінскія лініі і Бэрлінскія сьцены, змушае беларусаў, для якіх важная свабода, жыць сьпінай да ўсходняй часткі краіны, да Беларусі савецкай, якая выглядае архаічнай, папросту выкапнем, у яе не зусім беларускі прысмак. Рэліктавыя гатункі ў прыродзе, аднак, як і несучасныя формы ў грамадзтве, могуць быць трывушчымі, так што з разбурэньнем Бэрлінскага муру ў галовах беларусаў давядзецца пачакаць. Праўда, міжволі ўзгадваецца нябожчык Гонэкер: сьцяна ў Бэрліне прастаіць яшчэ сто гадоў!!! Сурочыў.
XS
SM
MD
LG