Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алег Дзярновіч – гісторык і выдавец. Нарадзіўся ў 1966 годзе ў Менску. Працуе ў Інстытуце гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук. Дасьледуе гісторыю культуры Сярэднявечча і Новага часу. Рэдагуе пэрыядычныя выданьні «ATHENAEUM» і «ШУФЛЯДА». Аўтар манаграфіі «Іn nostra Livonia: дакумэнтальныя крыніцы па гісторыі палітычных адносінаў паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Лівоніяй у канцы XV – першай палове XVI cтагодзьдзяў» (2003).

Што для вас свабода?

Пазбаўленьне ад самацэнзуры. Бо культура і навуковае мысьленьне і так – зьявы даволі рэпрэсіўныя.

Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?

Беларускі адчай.

Што для вас шчасьце?

Хвіліны паразуменьня.

Чаго вы найбольш баіцеся?

Што раптам давядзецца эміграваць.

Які талент вы хацелі б мець?

Быць паліглётам.

Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?

Захапленьне – занадта моцнае слова. Вельмі цікавяць народы (літоўцы, палякі), якія жывуць побач і здолелі вырвацца зь ямы…

Што вы найбольш любіце рабіць?

Працу, якая падабаецца.

Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?

Заўжды цікава паспрабаваць нешта новае.

Якую найлепшую параду вы атрымалі?


Гэта тычыцца толькі прафэсійнага досьведу: адназначны адказ не вырашае праблему.

Які ваш улюбёны дэвіз?

Пра жабку, што выкараскалася са шклянкі са сьмятанай...

У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?

Мяне б задаволіла рэспубліка.

У якой краіне вы хацелі б жыць?

Цікава – у некалькіх адразу. Беларусь – адна зь іх.

У якую эпоху вы хацелі б жыць?

Ведаю, што ідэальных эпохаў не было... Таму прымаю сучаснасьць.

Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?

Адмяніў бы многія абмежаваньні.

Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?

Беларусі ў агляднай пэрспэктыве не ўвайсьці ў Эўразьвяз. Таму варта некаторыя эўрапейскія стандарты ўводзіць самастойна.

Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?

Паспрабаваць не раздражняць яе, а самім гнуць уласную лінію...

Некаторыя думаюць так: «Хай дыктатура, абы свая». А Вы?


Дыктатура – гэта “не сваё”.

Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?


Ня вельмі хутка. Але мы яшчэ пабачым гэтыя зьмены.

Калі беларусы загавораць па-беларуску?


Толькі па-беларуску? Наўрад ці... Але заняць сваю культурную і рэпрэзэнтатыўную нішу, здаецца, беларуская мова ўсё ж у недалёкай будучыні павінна.

Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?

Напэўна, гэта будзе ўжо іншы народ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG