Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ад лічбы сярэдняга заробку ў мяне вушы вянуць!”


Агляд тэлефанаваньняў за аўторак 1 сьнежня. У сёньняшніх “Званках на Свабоду” слухачы адгукаюцца на сьцьвярджэньні дзяржаўнай прапаганды пра “дасягненьні” ў розных сфэрах жыцьця беларускага грамадзтва, згадваюць новую стужку “Беларусьфільму” з удзелам унучкі Лукашэнкі, дыскутуюць пра плюсы й мінусы аўдыёкніг.


Пад канец году афіцыйная прапаганда ўсё больш расказвае пра дасягненьні, якія нібыта дасягнуты ў розных сфэрах жыцьця. Камэнтуе тыя высілкі Ціна Сакаловіч.

Спадарыня: “Заробкі сярэднемесячныя 360 даляраў — у мяне вушы вянуць! Працую сацыяльным супрацоўнікам. Уяўляеце: зь цяжкасьцю знайшла гэтую працу не па спэцыяльнасьці і вішу на валаску, плацяць мне 50 беларускіх рублёў плюс 100 тысяч — усё, вось гэта даходы мае. Ну, хлусіць жа гэты калгасны рэжым! Як жа ён усім абрыд!”

А вось водгук спадара Пруднікава на інфармацыю пра тое, што дэпутаты Палаты прадстаўнікоў капітальна “абнавілі” працэдуру выбараў у мясцовыя саветы.

Спадар: “У выбарчы кодэкс унесены праект паправак, якія складаюць усяго толькі адну дзясятую ад таго, што было прапанавана грамадзкасьцю”.

Пераходзім ад мясцовай — да міжнароднай палітыкі.

Спадарыня: “Нас спрабуюць пераканаць, што рана ці позна Беларусь уступіць у Эўразьвяз. Спадарства, адзін уступны ўзнос у касу Эўразьвязу чаго каштуе! Наўрад ці касьцяк багатых дзяржаваў захоча ўзяць на сваю шыю ўбогую Беларусь, ды яшчэ з двума дзясяткамі мільярдаў зьнешняй пазыкі. Так што рана ніяк не атрымаецца. А наконт позна, — гэта для тых грамадзянаў Беларусі, якія яшчэ й не пачатыя сёньня…”

Ну, а зараз — тая частка аўдыёпошты, якая так ці інакш закранае пытаньні сацыяльнага, культурнага жыцьця краіны. Спадарыня Ларыса:

Спадарыня: “Вось перадача па “Свабодзе” “Раскіданае гняздо” ў Менску. Я з такога раскіданага гнязда. Там, дзе стаяў наш дом, насупраць палаца спорту, уздоўж ракі была вуліца Стараслабадзкая. У нашым выпадку пашыралі раку, супраціўленьне было бессэнсоўным. І такіх раскіданых гнёздаў па ўсёй Беларусі шмат. Жывуць там адны старыя. Дзіўлюся: дзе іх дзеці? Недзе шчэмяцца ў горадзе, у цеснаце, але — у горадзе... Дык вярніцеся ў гэтае гняздо і адбудуйце, жывіце на прыродзе!”

Наступнае тэлефанаваньне: спадар Зіноўеў.

Спадар: “Ну не бяднее талентамі зямля беларуская! Вось кінастудыя “Беларусьфільм” здымае ўжо другую карціну зь Вікай Лукашэнка, якая ў газэце прадстаўленая як “вопытная актрыса”. Я віншую Ўладзімера Замяталіна з такой знаходкай і вельмі рады за кінастудыю “Беларусьфільм”. І ніякай сямейнасьці, вядома ж!”

Наступная тэма — стаўленьне слухачоў да аўдыёкніжак беларускіх аўтараў.

Спадар: “Гэта вельмі патрэбныя кніжкі для нас цяпер, бо грамадзтва стала больш кампутарызаваным. Калі цяжка слухаць у аўтобусе ці тралейбусе, то вельмі добра ў машыне, нават у горадзе. Зусім такая камэрная атмасфэра ствараецца, ніхто не перашкаджае, руліш сабе і слухаеш, напрыклад, Якуба Коласа — я з задавальненьнем праслухаў, Уладзімера Арлова таксама. Але пажаданьне, каб усё ж такі больш якасна рабілі запісы, каб не кустарна гэта ўсё выглядала. Бо менавіта па Арлову ў мяне такое ўражаньне склалася”.

Камэнтуе грамадзкі рэдактар тыдня — малады паэт Віталь Рыжкоў.

“Для мяне аўдыёкнігі займаюць прыступку паміж уласна кнігамі й экранізацыямі кніг. Аўдыёварыянты (суб’ектыўна мяркую) пры ўсіх іх плюсах горшыя за папяровыя арыгіналы. Параіў бы насамрэч іх сумяшчэньне, асабліва што тычыцца чытаньня філязофіі. У Беларусі выпуск аўдыёкніг дастаткова запозьнены. Найбольш цікавымі мне падаюцца дыскі пад рэжысурай Дзьмітрыя Дзьмітрыева з аўтарскімі чытаньнямі Андрэя Хадановіча, Веры Бурлак, Віктара Жыбуля, Вальжыны Морт. Аўтарскія аўдыёкнігі — гэта захаваньне ў гісторыі паветра голасу аўтараў”.

Нагадваем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG