Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Рар: “Эўропу з “фольксвагена” перарабілі ў “мэрсэдэс”


Аляксандар Рар
Аляксандар Рар

Свой погляд на пэрспэктывы, тэндэнцыі і пасткі постлісабонскай Эўропы выклаў у інтэрвію “Свабодзе” нямецкі палітоляг Аляксандар Рар.


Дракахруст
: Спадар Рар, якіх зьменаў можна чакаць у Эўразьвязе пасьля ўступленьня ў дзеяньне Лісабонскай дамовы аб рэформе Зьвязу? На думку многіх экспэртаў, выбар спадара Ромпэя і спадарыні Эштан на пасады старшыні Эўрарады і кіраўніцы замежнай палітыкі Зьвязу сьведчаць пра тое, што нацыянальныя дзяржавы не зьбіраюцца адмаўляцца ад сваіх сувэрэнных правоў...

Рар: Эўразьвяз да ўступленьня ў сілу Лісабонскай дамовы быў падобны да “фольксвагена”. Някепская машына, але яе хацелі перабудаваць у нешта іншае, у “мэрсэдэс”. І цяпер Эўропа па сваёй якасьці, па структуры, па сваіх магчымасьцях, па “рухавіку”, які ў яе ўстаўлены, нагадвае “мэрсэдэс”. Але праблема палягае ў тым, і тут я з вамі згодны, што новыя кіроўцы гэтага “мэрсэдэса” ўмеюць кіраваць толькі “фольксвагенам”.

З аднаго боку, эўрапейскія лідэры, асабліва лідэры Нямеччыны, Францыі і Вялікабрытаніі, захацелі далей адбудоўваць Эўразьвяз як больш шчыльны палітычны, а ня толькі эканамічны саюз, а з другога боку, не захацелі аддаваць асабістую ўладу ў гэты новы цэнтар. Таму структуры створаныя, так бы мовіць, трон пастаўлены, а людзей туды пасадзілі нават не другога, а трэцяга рангу. Таму пабудова гэтай палітычнай Эўропы будзе цягнуцца доўга.

Наступныя два гады будуць пераходным пэрыядам. Лісабонская дамова не адказала на шэраг пытаньняў, напрыклад, ці будзе Эўразьвяз пашырацца.

Да ўступленьня ў сілу гэтай дамовы, і асабліва ў разгар фінансавага крызісу, былі размовы пра тое, што далейшага пашырэньня ня будзе, што Зьвяз ня можа дазволіць сабе такой раскошы. Цяпер, як ні дзіўна, раптам усе ледзь ня хорам гавораць, што на Балканы – на Сэрбію, Македонію, Чарнагорыю і тым больш на Харватыю – Эўразьвяз дакладна будзе пашырацца ў наступным дзесяцігодзьдзі. А Ўкраіна і Турцыя па-ранейшаму зьяўляюцца патэнцыйнымі кандыдатамі на ўступленьне ў гэтую арганізацыю. Так што можна спадзявацца, што новыя структуры ўмацуюць, а не аслабяць Эўразьвяз, і ён зможа стаць тым, чым заўсёды хацеў быць – глябальным акторам на ўсясьветнай арэне.

Дракахруст: Акрамя заснаваньня новых кіроўчых пасадаў у Эўразьвязе, Лісабонская дамова мяняе працэдуры прыняцьця рашэньняў у Зьвязе. Цяпер для рашэньняў трэба пераважная большасьць, але ўжо не кансэнсус, ужо ніводная краіна ня будзе мець права вэта. Як гэта паўплывае на далейшае разьвіцьцё Эўразьвязу? Ці не сфармуецца ў Зьвязе група вялікіх краінаў, якія будуць мець фактычна “кантрольны пакет” прыняцьця рашэньняў? Ці большасьць будзе зьменлівай: па адных пытаньнях іх будуць складаць адны краіны, па другіх – іншыя?

Рар: Ужо пасьля саміту ў Ніцы, які адбыўся на пачатку стагодзьдзя, стала зразумела, што новы пашыраны Эўразьвяз стаў недзеяздольны, бо такія дзяржавы, як Польшча, і ня толькі Польшча, па многіх пытаньнях блякавалі рух Эўразьвязу наперад, накладалі вэта на ўсё, што ім не падабалася. Цяпер Лісабонскай дамовай гэтае права вэта будзе нэўтралізаванае: рашэньне будзе прымацца большасьцю галасоў. Тыя краіны, якія з гэтым ня будуць пагаджацца, атрымаюць магчымасьць пакінуць Эўразьвяз. ЭЗ павінен стаць больш кіраванай арганізацыяй, рашэньні, якія прымаюцца ў Брусэлі большасьцю, павінны быць прынятыя й тымі, хто зь імі ня згодны. Па якіх пытаньнях будзе складвацца большасьць? Я мяркую, што гэта будуць пытаньні ўмацаваньня Эўразьвязу. Пакуль эліты Нямеччыны, Францыі і Вялікабрытаніі будуць настроеныя па-праэўрапейску, на ўмацаваньне той Эўропы, якая была збудаваная за апошнія 60 гадоў, я мяркую, што ў гэтых дзяржаваў заўсёды будзе кансэнсус, яны заўсёды будуць дамаўляцца пра галоўныя кірункі разьвіцьця Эўразьвязу. Спрэчкі могуць узьнікнуць у пэўных пытаньнях, скажам, у стасунках з Расеяй ці ў энэргетычнай палітыцы адносна маршрутаў газа- і нафтаправодаў. Але я мяркую, што гэта ня самыя галоўныя пытаньні.

На мой погляд, у Эўропе стварылася група краін-карэнных эўрапейцаў, неабавязкова са “старой” Эўропы, якія будуць рабіць усё для таго, каб умацоўваць саюз. І ўжо ня будзе магчымасьці ў адной ці дзьвюх дзяржаваў капрызіць і спыняць рух Эўразьвязу ў патрэбны бок.

Дракахруст: Паводле Лісабонскай дамовы паўгадавое старшыняваньне краінаў Зьвязу па чарзе захоўваецца ці спадар Рампэй і будзе цяпер, так бы мовіць, старшынём Зьвязу?

Рар: Эўрапейцы будуюць свой дом асьцярожна, крок за крокам. Трэба пераканаць усіх будаваць гэтую новую Эўропу. Таму створаны мэханізмы пераходнага пэрыяду. Да 2014 году ўсе краіны ЭЗ атрымаюць магчымасьць мець свайго камісара ў Брусэлі. Эўразьвяз хоча даць усім новым сябрам Зьвязу адчуваньне, што іх правы не ўшчамляюцца. І гэта тычыцца й старшыняваньня ў ЭЗ паводле той чаргі, якая была выпрацаваная поўным кансэнсусам. Яшчэ да сярэдзіны наступнага дзесяцігодзьдзя гэты прынцып будзе захоўвацца. Але важна бачыць, што спадар Ромпэй будзе абліччам Эўразьвязу, а страшыняваньне краінаў у ЭЗ будзе дапамагаць спадару Ромпэю і спадарыні Эштан весьці агульнаэўрапейскую палітыку.

Дракахруст: А ці ёсьць небясьпека, што ў Эўразьвязе адбудзецца нешта падобнае да таго, што цяпер назіраецца ў Расеі – тандэм, двоеўладзьдзе. У спадарыні Эштан будзе свой офіс, але й, напрыклад, МЗС Нямеччыны ніхто не скасоўвае. Ці не прывядзе гэта да хаосу?

Рар: Нельга адначасна будаваць дэмакратычную Эўропу і ставіць на яе чале дыктатара. Я лічу, што ў такой краіне, як Расея, такая падвойная ўлада, “дзьвюхгаловы арол”, неабавязкова раскатурхае дзяржаву. Ёсьць крытыкі гэтага, але ёсьць людзі, якія лічаць, што так Расея выглядае больш дэмакратычнай. І на чале Эўразьвязу будуць стаяць Ромпэй і Эштан, але даволі істотнымі будуць і паўнамоцтвы Барозу, які ўзначальвае Эўракамісію – “урад” ЭЗ. Але мне здаецца, што падчас гэтага пераходнага пэрыяду галоўныя рашэньні будуць прымаць спадарыня Мэркель, спадар Браўн ці той, хто яго заменіць у выніку выбараў, і спадар Сарказі.

Дракахруст: І апошняе пытаньне – наконт учорашняга візыту ў Менск Сыльвіё Бэрлюсконі. Ягоная заява пра тое, як беларускі народ любіць свайго кіраўніка, якога ён абраў – наколькі гэта стасуецца з агульнай палітыкай Зьвязу, у якой ступені візыт быў узгоднены зь іншымі дзяржавамі і з кіраўніцтвам ЭЗ?

Рар: Наконт Беларусі ўнутры Эўразьвязу няма кансэнсусу. Ёсьць частка дзяржаваў, якія лічаць, што трэба заплюшчваць вочы на ўсё, што робіць Лукашэнка ў пляне парушэньня правоў чалавека, каб выцягнуць Беларусь з расейскай арбіты. Ёсьць іншая частка эўрапейцаў, якія зацікаўленыя найперш у беларускім бізнэсе. Яны адчуваюць, што ў Лукашэнкі застанецца толькі дзьве магчымасьці: ці пайсьці пад крыло Расеі, пусьціць расейскіх алігархаў, якія скупяць усю беларускую эканоміку, ці аддаць беларускую эканоміку хаця б часткова пад кантроль заходніх фірмаў. І немцы, і італьянцы, і французы разумеюць, што ў Беларусі яшчэ ёсьць што купіць, што можа быць карыснае ў далейшым. Геаграфічнае становішча Беларусі – паміж Эўразьвязам і Расеяй – вельмі добрае. І ёсьць краіны, якія ня вераць, што ў Беларусі адбываюцца станоўчыя працэсы, і па-ранейшаму лічаць, што трэба весьці палітыку стрымліваньня адносна “апошняга дыктатара Эўропы”. Але гэтая трэцяя група краінаў, як мне здаецца, губляе сваю пазыцыю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG