Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ляховіч: Захад ня прыме гэтыя выбарчыя зьмены як дастатковы крок


Андрэй Ляховіч

Андрэй Ляховіч

Ці даюць зьмены ў выбарчае заканадаўства падставы казаць пра тое, што ў Беларусі могуць прайсьці больш свабодныя выбары? Ці будуць Захадам успрынятыя гэтыя зьмены як дастатковы крок на шляху да палітычнай лібэралізацыі? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Андрэй Ляховіч.

Цыганкоў: Наколькі прынцыповымі можна назваць тыя зьмены, якія прымаюцца ў выбарчая заканадаўства? Ці можна сказаць, што яны даюць шанцы пры жаданьні ўлады правесьці больш дэмакратычныя выбары?

Ляховіч: Гэтыя зьмены не жадаюць шанцаў правесьці свабодныя і дэмакратычныя выбары. Калі паглядзець на агульны фон, на тое, што адбываецца ў Беларусі, -- гэтыя зьмены цяжка лічыць крокам на шляху лібэралізацыі. Хутчэй гэта крок у дыялёгу з Захадам.

У Беларусі няма свабодных электронных мэдыяў, заціснутыя грамадзкія арганізацыі, палітычныя партыі працуюць у цяжкіх умовах, дагэтуль працягваюцца звальненьні паводле палітычных матываў, выключэньні з ВНУ. Цяпер гэтыя зьмены абсалютна нічога не даюць, не азначаюць ніякіх пераменаў у краіне, іх цяжка назваць нават касмэтычнымі. Я ня думаю, што для Захаду будзе дастаткова гэтых зьменаў.

Цыганкоў: Тое, што зрабіла ўлада – ці можа гэта нівэляваць той праект зьменаў у выбарчае заканадаўства, які прапанаваны Аб’яднанымі дэмакратычнымі сіламі разам з АБСЭ?

Ляховіч: Цяпер цяжкавата казаць пра Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы. Што тычыцца тых патрабаваньняў, якія былі вылучаныя апазыцыяй у тым фармаце сумесна з АБСЭ, то ўсе яны застаюцца ў сіле. Яны ніяк не згубілі сваю актуальнасьць.

Цыганкоў: Ці будзе Захад настойваць на больш істотных зьменах? Ці беларуская ўлада вырашаць, што дастаткова таго, што ўжо зроблена?

Ляховіч: Улада паспрабуе паказаць жорсткасьць сваёй пазыцыі, што яна ня будзе рабіць іншыя крокі. Я думаю, што да прэзыдэнцкіх выбараў улада не гатовая рабіць сур’ёзныя крокі. Нават увесь час адкладаецца скасаваньне гэтага ідыёцкага артыкулу Крымінальнага Кодэксу 193-1.

Я думаю, Захад ня прыме гэтыя зьмены ў выбарчае заканадаўства як дастатковы крок на шляху палітычнай лібэралізацыі. Менску будуць прад’яўленыя іншыя патрабаваньні. Але гэта ня будзе азначаць згортваньня дыялёгу з рэжымам Лукашэнкі, удзелу Беларусі ў праграме “Усходняга партнэрства”. Бо гэтыя праекты тлумачацца галоўным чынам геапалітычнымі інтарэсамі Захаду. Гэта заклікана спрыяць узмацненьню незалежнасьці Беларусі і стварыць пляцоўку для разьвіцьця супрацоўніцтва з Захадам ужо зараз, нават пры Лукашэнку.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG