Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

1 сьнежня пачала дзейнічаць Лісабонская дамова аб рэформе Эўразьвязу. Да выкананьня сваіх абавязкаў прыступаюць прэзыдэнт Эўрапейскай рады Гэрман ван Ромпэй і вярхоўны прадстаўнік ЭЗ па зьнешніх справах і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан , абраныя на саміце ЭЗ 19 лістапада.

Лісабонская дамова зьяўляецца ня тэкстам "канстытуцыі Эўразьвязу", якую можна працытаваць разьдзел за разьдзелам, а юрыдычна-тэхнічным дакумэнтам, які ўносіць папраўкі да двух папярэдніх асноватворных дакумэнтаў Эўразьвязу: "Дамовы аб Эўразьвязе" (Мастрыхт, 1992) і "Дамовы аб утварэньні Эўрапейскай супольнасьці (Рым, 1957).

Найважнейшыя папраўкі Лісабонскай дамовы датычаць новай працэдуры галасаваньня ў Радзе Эўразьвязу, большых заканадаўчых паўнамоцтваў для Эўрапейскага парлямэнту, утварэньне пасады прэзыдэнта Эўрапейскай Рады ("прэзыдэнта Эўразьвязу") і пасады высокага прадстаўніка па замежных справах і палітыцы бясьпекі Эўразьвязу ("міністра замежных справаў Эўразьвязу") ды наданьне гэтак званай Хартыі асноўных правоў статусу закону ў Эўразьвязе.

Ад лістапада 2014 году найважнейшыя пастановы Эўразьвязу будуць прымацца ў Радзе Эўразьвязу ("кабінэце міністраў Эўразьвязу") галасаваньнем з гэтак званай "падвойнай большасьцю" — трэба будзе, каб за пастанову выказаліся 55% плюс адна краіна Эўразьвязу (цяпер гэты лік роўны 16), і каб у гэтых краінах жыло ня менш чым 65% адсоткаў насельніцтва Эўразвязу. Гэты прынцып "падвойнай большасьці" дае выразную перавагу краінам зь вялікай колькасьцю насельніцтва, як, напрыклад, Вялікабрытанія, Францыя і Нямеччына (ацэньваецца, што ў Эўразьвязе цяпер каля 500 мільёнаў чалавек, а ў гэтых трох краінах — 210 мільёнаў).

Тры краіны-сябры Эўразьвязу — Вялікабрытанія, Польшча і Чэхія — дабіліся для сябе выключэньня з падпісаньня Хартыі асноўных правоў. Польшча і Чэхія дабіваліся гэтага выключэньня, каб прадухіліць судовыя дамаганьні звароту нацыяналізванай маёмасьці нашчадкамі немцаў, якія былі прымусова выселеныя з тэрыторыяў гэтых краінаў пасьля ІІ сусьветнай вайны, перад Эўрапейскім судом справядлівасьці ў Люксэмбургу.
XS
SM
MD
LG