Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі афіцыйна зарэгістравана 10 529 ВІЧ-інфікаваных. Толькі з пачатку году выяўлена 911 новых выпадкаў. З кожным годам у Беларусі ўсё больш дзяцей нараджаецца ў ВІЧ-інфікаваных маці. Чым рызыкуюць яны і якія шанцы ў іх нарадзіць здаровае дзіця?

З пачатку 2009 года ад ВІЧ-інфікаваных маці нарадзілася 180 дзяцей. А усяго з 1987 года ў Беларусі ў жанчын з дыягназам ВІЧ нарадзілася 1466 дзяцей. У спадарыні Юлі, якая ўжо 5 гадоў жыве зь ВІЧ-інфэкцыяй, 8 месяцаў таму нарадзіўся хлопчык. А яшчэ некалькі гадоў таму яна і марыць пра такое не магла:

“Калі мне паставілі дыягназ 5 гадоў таму, мне далі памятку, у якой напісана, што цяжарнасьць трэба перарываць на любым этапе. Я думала, што ў мяне ніколі ня будзе дзіцяці, настройвала сябе на гэта. Гэта было ў іншым горадзе. Потым я прыехала ў Менск, стала тут на ўлік, і мне ўжо зусім іншае сказалі. Распавялі, што нараджаюцца здаровыя дзеці. Калі ўсё рабіць правільна, то вялікая верагоднасьць, што народзіцца здаровае дзіця”.

Колькасьць ВІЧ-інфікаваных па рэгіёнах на ліпень 2009 году

Летась Юля выйшла замуж за былога аднакурсьніка, прычым, яму яна адразу распавяла пра дыягназ. Той не спалохаўся. Маладых падтрымалі сябры, бацькі.

Лекары сьцьвярджаюць: без прымяненьня лекавых прэпаратаў рызыка перадачы інфэкцыі ад маці да дзіцяці складае 20 – 45%. Але калі жанчына цалкам выконвае рэкамэндацыі лекараў, у яе нараджаецца здаровае дзіця, кажа лекар-інфэкцыяніст Ларыса Касінская:

“Ёй назначаюцца процівірусныя прэпараты. Жанчыне робяць кесарава сячэньне, і дзіця пераводзіцца адразу пасьля нараджэньня на штучнае харчаваньне. Яму таксама прызначаецца прафіляктычнае лячэньне. Калі жанчына выконвае ўсе рэкамэндацыі мэдыкаў, рызыка мінімальная – ад 1 да 2%. У асноўным дзеткі нараджаюцца здаровыя”.

Прычым, усе прэпараты і маці, і дзіця атрымліваюць цалкам бясплатна, пацьвярджае спадарыня Юля:

“Бясплатныя лекі. Паколькі нельга карміць грудзьмі, то даюць бясплатна дзіцячыя сумесі. Ня проста сказалі, што нельга карміць грудзьмі, а сапраўды дапамагаюць. Дзіцяці трэба здаваць аналізы да паўтара году. Калі ў паўтара году аналіз адмоўны, то дзіця здымаюць з уліку, ён здаровы”.

На лячэньне аднаго ВІЧ-інфікаванага ў Беларусі выдаткоўваецца ад 500 да 5 тысяч даляраў штогод. Процівірусныя прэпараты атрымліваюць зараз 1622 дарослых і 86 дзяцей. Спадарыня Юля верыць, што ў яе сям’і будзе ўсё у парадку:

“Шчыра кажучы, у нас гэта тэма наагул ня гучыць. Мне ня трэба прыймаць ніякіх лекаў, неабходна толькі раз у паўгода здаваць аналізы і сачыць за сваім здароўем. І мы толькі тады пра гэта ўзгадваем. Альбо калі дзіцяці трэба нешта здаць ці мужу. То бок калі гэта зьвязана з аналізамі. А так, каб кожны дзень гэту праблему абмяркоўваць – такога няма. Усё нармальна. У нас усё ў парадку!”

Безумоўна, не ва ўсіх усё так шчасьліва складваецца: 36,1% ВІЧ-інфікаваных жанчын, якія нарадзілі сёлета, гэта маці-адзіночкі. У Беларусі жыве 151 дзіця з ВІЧ. За 20-гадовы пэрыяд 8 дзетак памерла.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG