Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Візыт Бэрлюсконі: агульнаэўрапейская палітыка ці ўласная гульня?


Візыт прэм’ера Італіі ў Менск мы папрасілі пракамэнтаваць нямецкага палітоляга, экспэрта ў беларускіх справах Марціна Шона.

Дракахруст: Візыт Бэрлюсконі – у якой ступені гэта ягоная ўласная ініцыятыва, а ў якой ступені ён мог быць узгоднены зь іншымі краінамі, зь іншымі грандамі, скажам так, Эўразьвязу, напрыклад зь Нямеччынай?

Марцін Шон
Шон
: Мне здаецца, тут ёсьць і першае, і другое. Зразумела, што той стыль, у якім выступіў спадар Бэрлюсконі, сказаўшы, што народ любіць Аляксандра Лукашэнку, гэта якраз, мне здаецца, ягоная асабістая ініцыятыва. Што да візыту ўвогуле, то я ўпэўнены, што ён быў узгоднены зь іншымі краінамі Эўрапейскага Зьвязу. І ў пэўным сэнсе гэты візыт адлюстроўвае цяперашняе стаўленьне аб'яднанай Эўропы да Беларусі – працягваем руку, паказваем зацікаўленасьць, стараемся не канфліктаваць і дамаўляцца ў тых сфэрах, дзе можна дамаўляцца.

Калі гаворка ідзе аб некалькіх мільёнах ці нават дзясятках мільёнаў эўра, якія прадугледжвае супрацоўніцтва, то гэта, зразумела, нязначныя фінансы. Але на гэтым узроўні і ў такіх памерах аб’яднаная Эўропа хоча цяпер проста працягваць тое, што можна назваць дыялёгам, захоўваць тую сытуацыю, пры якой бакі прынамсі могуць адзін з адным размаўляць.

Дракахруст: На ваш погляд, ці мае пэўнае значэньне той факт, што літаральна ў дзень прыезду Сыльвіё Бэрлюсконі ў Менск Палата прадстаўнікоў у першым чытаньні прыняла папраўкі ў Выбарчы кодэкс?

Шон: Цалкам магчыма, што гэта мае сваю сымбалічную ролю. Пры гэтым, вядома, цяжка ацаніць, наколькі такія папраўкі носяць рэальны характар і наколькі ў Эўропе вераць у тое, што яны носяць рэальны характар. Размова працягваецца ў сымбалічным стылі: адзін паказвае другому гатовасьць ісьці насустрач. Але пакуль што, як мы ўсе ведаем, істотна нічога не зьмянілася ў Беларусі.

Дракахруст: Чаму кіраўнікі супольнай замежнай палітыкі Эўразьвязу Хавіер Саляна і Бэніта Фэрэра-Вальднэр пры сваіх візытах у Беларусь усё ж выказваліся так ці іначай наконт прынамсі пажаданасьці лібэралізацыйных, дэмакратызацыйных крокаў афіцыйнага Менску і не расказвалі пра тое, як беларускі народ любіць свайго кіраўніка, а вось спадар Бэрлюсконі пра гэта гаворыць – пры тым, што, як вы самі сказалі, аб'ёмы эканамічнага супрацоўніцтва не такія значныя, каб гандляваць прынцыпамі?

Шон: Мне здаецца, што, па-першае, тут навідавоку асабісты стыль спадара Бэрлюсконі. Я б нават сказаў, што стылем кіраваньня ён крыху падобны да Аляксандра Лукашэнкі: ён таксама такі патрыярх, які любіць моцныя выразы, любіць прымаць рашэньні самастойна. Так што можна дапусьціць, што тут мае месца нейкая сымпатыя.

Па-другое, нельга ўсё ж пераацэньваць гэты візыт. Прыезд Бэрлюсконі ў Менск зусім ня значыць, што цяпер у Эўразьвязе не гатовыя ці больш ня будуць падымаць, скажам, пытаньні аб правох чалавека ў Беларусі. Іншае, што тут трэба, дык гэта задаць сабе пытаньне, наколькі Эўропа сур'ёзна хоча дамагацца ў гэтай сфэры нейкіх посьпехаў, наколькі яна будзе гатовая ізаляваць Беларусь ізноў.

Што будзе, калі беларускія ўлады так і ня зробяць тых крокаў, якіх чакае ад іх Эўразьвяз ужо больш як год пасьля пачатку дыялёгу? Тут складана ацаніць сытуацыю, але мне здаецца, што многія беларускія апазыцыйныя палітыкі ўсё ж такі пераацэньваюць ролю каштоўнасьцяў пры дыялёгу Эўразьвязу з афіцыйным Менскам. Зразумела, што Эўразьвяз пабудаваны на гэтых каштоўнасьцях, што ён іх падтрымлівае, але ў канкрэтнай сытуацыі, якая мае нейкае геапалітычнае вымярэньне, я ня ведаю, ці будзе Эўразьвяз, напрыклад, ахвяраваць непрызнаньнем Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі дзеля абстрактных пажаданьняў паляпшэньня сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Тут таксама ўзьнікае пытаньне, ці Лукашэнка будзе нешта мяняць, калі Эўразьвяз прама на яго націсьне. Можна чакаць, што Лукашэнка ў разе ціску проста адмовіцца ад дыялёгу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG