Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У СГА трэба пасьпець уступіць да канца наступнага году


У кулюарах Міністэрскага саміту СГА ў Жэнэве працягваюцца кансультацыі адносна ўступленьня Беларусі, Расеі і Казахстану ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю. Беларусь выканала патрабаваньні для ўступленьня ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю яшчэ ў 2002 годзе, – сьцьвярджае ачольнік агульнай перамоўнай групы трох краінаў па ўступленьні ў СГА Максім Мядведкаў.


У Жэнэве стартавала праца Міністэрскай канфэрэнцыі Сусьветнай гандлёвай арганізацыі. Ачольнікі эканамічных ведамстваў фактычна ўсіх краінаў сьвету прыехалі на трохдзённы саміт у якасьці прадстаўнікоў краінаў-чальцоў ці ў якасьці назіральнікаў ад тых краінаў, якія знаходзяцца ў працэсе ўступленьня. Беларускі міністар эканомікі не прыехаў, таму Беларусь прадстаўляе ачольнік беларускай місіі пры ААН у Жэнэве Міхаіл Хвастоў.

У кулюарах саміту таксама працягваюцца кансультацыі адносна ўступленьня Беларусі, Расеі і Казахстану ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю. Гэтую тэму я абмяркоўваў у Жэнэве з ачольнікам агульнай перамоўнай групы трох краінаў Максімам Мядведкавым.
Усе тры краіны па-ранейшаму зьбіраюцца ўступаць у СГА адначасова
Найперш спадар Мядведкаў падцьвердзіў тое, што ўсе тры краіны зьбіраюцца ўступаць у СГА адначасова.

Толькі разам!

Па яго словах, ніякіх зьменаў па гэтым пытаньні няма і не было. Адзінае, што юрыдычна гэтае ўступленьне можа быць аформлена на тры краіны паасобку з-за юрыдычных цяжкасьцяў. Гэта будзе вырашана пасьля рэакцыі рабочай групы на пакет інфармацыі аб мытным саюзе, які, паводле Мядведкава, будзе ёй накіраваны праз 2 тыдні. Менавіта тады маюць аднавіцца перамовы аб уступленьні, замарожаныя ад сёлетняга чэрвеня.

Беларусь выканала ўсё, што трэба?

Максім Мядведкаў
Мядведкаў таксама зьняпраўдзіў інфармацыю аб несумяшчальнасьці краінаў Мытнага саюзу што да гатовасьці да ўступленьня ў арганізацыю. Мядведкаў заявіў, што Беларусь выканала большую частку агульных патрабаваньняў арганізацыі аб уступленьні яшчэ ў 2002-м годзе. Па яго словах, працэс быў тады штучна замарожаны з палітычных прычынаў. "Па самі ведаеце якіх прычынах," – сказаў перамоўца.

Рынкавая эканоміка – неабавязкова

Ён падкрэсьліў, што рынкавая эканоміка не зьяўляецца галоўным крытэрам для ўступленьня ў арганізацыю. Прыкладам можа служыць уступленьне ў СГА (тады яна называлася Г'АТТ) сацыялістычнай Вугоршчыны. Дарэчы, чальцом арганізацыі зьяўляецца і Куба. Першасная ўвага аддаецца спрашчэньню рэжыму перамяшчэньня тавараў і абароне інвэстыцыяў.
Беларусь выканала большую частку агульных патрабаваньняў Сусьветнай гандлёвай арганізацыі аб уступленьні яшчэ ў 2002-м годзе

Правілы мытнага саюзу – правілы СГА

Сярод значных прэтэнзіяў да Беларусі па агульных правілах арганізацыі застаюцца мытныя правілы. Мядведкаў, аднак, канстатаваў, што пасьля ўступленьня ў сілу агульнага Мытнага кодэксу Мытнага саюзу Беларусь будзе збольшага адпавядаць правілам СГА.

Пагадненьні падпісаныя з большай часткай краінаў

Тут адзначу, што для ўступленьня ў СГА, акрамя шматбаковага пагадненьня (на адпаведнасьць агульным нормам арганізацыі), кандыдат павінен падпісаць і двухбаковыя дамовы аб узаемных гандлёвых саступках з усімі зацікаўленымі краінамі. Пасьля ўступленьня краіны гэтыя саступкі набываюць сілу для ўсіх астатніх чальцоў.

Менавіта пра гэта гаворыцца ў камэнтарах, якія падкрэсьліваюць, што Беларусь падпісала адпаведныя пагадненьні толькі з 12-цю краінамі са 153-х чальцоў. Але насамрэч кандыдат павінен падпісаць дамовы толькі з тымі чальцамі, якія ўваходзяць у рабочую групу па ўступленьні. У адрозьненьне ад расейскай групы, якая зьяўляецца самай вялікай за гісторыю арганізацыі, у беларускай няма й 30 чальцоў. Такім чынам, на гэтым фронце засталося прайсьці меней за палову шляху.

Уступіць трэба налета

Наогул, Мядведкаў прызнаў важнасьць далучэньня да СГА да таго, як закончацца перамовы раўнду Дохі аб рэформе СГА. Менавіта раўнду Дохі амаль цалкам прысьвечаны сёньняшні саміт. Паводле існоўнага пляну, завяршэньне раўнду плянуецца да канца наступнага году. Калі краіны Мытнага саюзу ня ўступяць да таго часу, правілы ўступленьня памяняюцца, і па шматлікіх аспэктах перамоўны працэс прыйдзецца пачынаць нанова.
Калі краіны Мытнага саюзу ня ўступяць у СГА да канца наступнага году, правілы ўступленьня памяняюцца, і па шматлікіх аспэктах перамоўны працэс прыйдзецца пачынаць нанова

Раўнд Дохі – шматгадовы галаўны боль

Праўда, на сёньняшніх перамовах міністар эканомікі Швайцарыі Дорыс Лёйтард адкрытым тэкстам абвінаваціла партнэраў у недахопе палітычнай волі для заканчэньня працэсу, які сярод іншага прадугледжвае балючыя меры для скасаваньня большасьці сельскагаспадарчых субсыдыяў. Да прыкладу, швайцарскія фэрмэры, па яе словах, згубяць на гэтых рэформах каля траціны даходаў.

Дарэчы, наша размова зь Мядведкавым была перапынена панікай, выкліканай акцыяй пратэсту ў будынку саміту, якая была накіраваная супраць цяжкіх сацыяльных наступстваў для фэрмэраў. Група дэлегатаў ад недзяржаўных арганізацыяў, акрэдытаваных пры саміце, разгарнула плякаты і прыкладна 15 хвілін скандавала лёзунгі пратэсту, пакуль служба аховы ня вывела іх на вуліцу, дарэчы, вельмі далікатна – з усьмешкамі і амаль безь фізычнага кантакту.

Тым ня менш уступленьне краінаў Мытнага саюзу ў СГА да меркаванай даты рэформы арганізацыі зьяўляецца прыярытэтным і, на думку расейскага боку, рэальным, пры наяўнасьці на тое палітычнай волі чальцоў арганізацыі.
XS
SM
MD
LG