Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьмяротная пнэўманія на рэнтгенаграме выглядае аднатыпна


У сёньняшніх “Званках на Свабоду” слухачы разважаюць пра стварэньне мытнага саюзу, згадваюць пра стасункі з Казахстанам і Расеяй, адгукаюцца на эпідэмію грыпу, пытаюцца пра пэрспэктывы паляпшэньня якасьці гучаньня на хвалях “Свабоды”.

У цэнтры слухацкай увагі — падпісаньне дакумэнтаў пра мытны саюз паміж Беларусьсю, Казахстанам і Расеяй. Напачатку — пра стасункі з афіцыйнай Астаной. Ціна Сакаловіч дзеліцца сваімі падарожнымі ўражаньнямі.

Спадарыня Сакаловіч: “Я ехала ў цягніку з Караганды ў Маскву, і ўжо прайшлі памежнікі, праверылі пашпарты, і чатыры мардавароты гадзіны чатыры наркату грузілі, столькі торбаў — проста ў нас на вачах адчыняліся пралазы. Вось гэты мытны саюз — проста жах!”

Наступны званок.

Спадар Лапіцкі: “Асуджаю няправільную заяву прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева, які сказаў, што будзе падтрымліваць Аляксандра Лукашэнку ў Эўропе, калі ўзначаліць старшынства ў АБСЭ”.

А спадар Зіноўеў згадвае беларуска-расейскія стасункі.

Спадар Зіноўеў: “Лукашэнку зь Мядзьведзевым трэба не пра мытню гаварыць, а пра Беларускі вакзал — які там сьвінушнік, у Маскве. Там бруд! Расейская “Комсомольская правда” 19 лістапада надрукавала рэпартаж зь Беларусі, што Менск стаў магнітам для расейскага казіно і інтым-турызму. Я думаю, мытны саюз лепш падпісаць у казіно “Шангры-Ла”.

Падсумоўвае спадар Уладзімер з Полацку.

Спадар: “Ужо б’юць у літаўры наконт стварэньня гэтак званага мытнага саюзу. Дакладна так 10 гадоў таму білі ў літаўры пасьля падпісаньня пагадненьня пра стварэньне саюзнай дзяржавы. За гэты час паміж “саюзьнікамі” адбылося нямала гандлёвых войнаў і непрыемных інцыдэнтаў. Тое самае будзе і з мытным саюзам: эўфарыя хутка пройдзе, наступіць працьверазеньне, і вось тут Аляксандар Рыгоравіч пачне спатыкацца аб усякія перашкоды і падводныя камяні, якія Расея яму расставіла”.

Віктар Буто зь Менску адгукаецца на справу палітзьняволенага Мікалая Аўтуховіча.

Спадар Буто: “Ці можа ў Менску адбыцца судовы працэс — такі, як над прадпрымальнікам Аўтуховічам? Гэтага проста не дапусьцяць асобныя людзі з выканаўчай улады”.

Мэдык Тацяна Барэль з Асіповічаў вяртаецца да тэмы эпідэміі грыпу.

Спадарыня Барэль: “У Асіповічах на мінулым тыдні памерла яшчэ двое чалавек ад пнэўманіі. Цяжарная жанчына і ВІЧ-інфікаваны. Хачу паведаміць, што пнэўманія на рэнтгенаграме ўва ўсіх дарослых выглядае аднатыпна. Над дыяфрагмай з двух бакоў зацямненьне. Над ім быццам падае буйнымі камякамі сьнег. Вярхі лёгкіх часьцей чыстыя.

Вас заўсёды дрэнна чуваць”.

Што да апошняй заўвагі спадарыні Барэль — нагадаю: нядаўна яна была грамадзкім рэдактарам “Свабоды” — то вось адказ кіраўніка беларускай службы Радыё Свабода Аляксандра Лукашука:

Аляксандар Лукашук: “Дзякуй за паведамленьне! Каб палепшыць якасьць прыёму, нашым тэхнічным службам трэба ведаць, калі і на якой хвалі вы слухаеце “Свабоду”. Паведамленьне павінна гучаць прыкладна так: “а 22-й гадзіне на хвалі 41 мэтар былі моцныя шумы ці зьнік сыгнал”. Мы са свайго боку, шаноўныя слухачы, таксама стараемся адсачыць і паправіць сытуацыю. Адначасна нагадваю: заўсёды выдатны прыём праз тэлевізар са спадарожнікавай антэнай. Інструкцыя, як настроіцца на “Свабоду” праз сатэліт. Таксама мы час ад часу чытаем яе ў эфіры. А сёньня яна будзе гучаць кожныя паўгадзіны — падрыхтуйце асадку. Заўсёды можна слухаць “Свабоду” і праз інтэрнэт. Адрас той самы: svaboda.org. Яшчэ раз просьба: паведаміце, калі ласка, на якой хвалі і калі менавіта нас дрэнна чуваць — будзем удзячныя за дакладную інфармацыю”.

Нагадваем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG