Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Толькі бізнэс, нічога асабістага?

  • БелаПАН

“Беларусь і Італія гатовыя выйсьці на новы этап супрацоўніцтва ня толькі паміж дзяржавамі, але й паміж прадпрыемствамі”, – заявіў прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка 30 лістапада ў Менску, адкрываючы сустрэчу з прэм'ер-міністрам Італіі Сыльвіё Берлюсконі ў вузкім коле.

Лукашэнка нагадаў, што дамоўленасьць аб прыезьдзе Бэрлюсконі ў Менск была дасягнутая падчас яго візыту ў Італію. “Вельмі добра, што пасьля нашай сустрэчы ў Рыме прайшло пару месяцаў. За гэты час нас наведалі некалькі італьянскіх палітыкаў і бізнэсоўцаў. Стан рэчаў у беларуска-італьянскіх адносінах дазваляе казаць пра тое, што зроблена вельмі шмат”, — заявіў Лукашэнка.

Сыльвіё Бэрлюсконі зазначыў, што асабіста спрыяў як візыту міністра замежных справаў Італіі Франка Фратыні ў Беларусь, гэтак і росту цікавасьці італьянскіх прадпрыемстваў да Беларусі. Паводле Бэрлюсконі, яго цяперашні візыт можа даць “моцны імпульс для разьвіцьця італьянска-беларускіх адносінаў ува ўсіх сфэрах”.

Бэрлюсконі зазначыў, што на сёньняшняй сустрэчы плянуецца абмеркаваць арганізацыю і візыт місіі італьянскіх прадпрымальнікаў у Беларусь. “Думаю, што я змагу ўзначаліць гэтую місію. Сёньня мы можам абмеркаваць канкрэтныя тэмы, якія могуць быць закранутыя падчас візыту нашых прадпрымальнікаў. У нашых адносінах мы можам зрабіць значна больш”, — падкрэсьліў Бэрлюсконі.

Прэм'ер-міністар паведаміў, што па выніках перамоваў плянуецца падпісаньне пагадненьня аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, а таксама пагадненьне з італьянскім канцэрнам “Фінмэканіка”, якое “адкрые вялікія пэрспэктывы для супрацоўніцтва”.

Бэрлюсконі таксама зазначыў, што Італія зацікаўленая ў супрацоўніцтве зь Беларусьсю ў сфэры будаўніцтва. Ён падкрэсьліў, што ў Беларусі будуецца шмат жытла, а ў Італіі ёсьць “тэхналёгіі, якія дазваляюць хутка будаваць дамы”.
XS
SM
MD
LG