Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: “Гэта жэст падтрымкі Беларусі на міжнароднай арэне”


У рэзыдэнцыі прэзыдэнта перамовы Лукашэнкі і Бэрлюсконі прайшлі спачатку ў вузкім складзе.

Сыльвіё Бэрлюсконі заявіў Аляксандру Лукашэнку:

«Мы можам зрабіць у нашых адносінах нашмат, нашмат болей». У прыватнасьці Італія магла б стварыць місію сваіх прадпрымальнікаў у Беларусі і магла б падзяліцца тэхналёгіямі хуткага домабудаўніцтва. Місію прадпрымальнікаў гатовы ўзначаліць сам Бэрлюсконі.

Лукашэнка выказаў спадзеў на ўзмацненьне супрацоўніцтва не толькі між дзяржавамі, але і кампаніямі.

Пазьней у часе перамоў у пашыраным складзе Аляксандар Лукашэнка заявіў:

«Мы ўспрымаем прыезд кіраўніка ўраду Італіі як вельмі красамоўны жэст падтрымкі Беларусі на міжнароднай арэне». Паводле ягоных словаў, Італія стала для Беларусі значным палітычным і эканамічным, «прывілеяваным» партнэрам.

Беларусь гатовая да сур’ёзнай працы па разьвіцьці ўзаемадзеяньня зь Італіяй ва ўсіх сфэрах гандлёва-эканамічнай, крэдытна-інвэстыцыйнай, банкаўскай, транспартна-лягістычнай, навукова-тэхнічнай, адукацыйнай і культурнай, — заявіў Лукашэнка.
Бэрлюсконі ў адказ канстатаваў, што адносіны Італіі зь Беларусьсю знаходзяцца ніжэй плянкі існуючых магчымасьцяў, зазначыўшы, што ягоная краіна знаходзіцца толькі на 15-м месцы па інвэстыцыях у беларускую эканоміку.

«Дасягнутыя дамоўленасьці дазволяць італьянскім прадпрымальнікам зрабіць больш упэўненыя крокі ў Беларусі», — цытуе Бэрлюсконі «Інтэрфакс».

Асабліва ён падкрэсьліў дамоўленасьць беларускага ўрада з групай «Фінмэканіка» і прапанову Беларусі стварыць у Берасьці «італьянскую прамысловую акругу» для сумесных прадпрыемстваў, якія прадавалі б сваю прадукцыю на тэрыторыі Мытнага саюза Расеі, Беларусі і Казахстана.

Урад Беларусі і італьянская кампанія «Фінмэканіка» падпісалі мэмарандум аб супрацоўніцтве ў сфэры транспарту, энэргетыкі , космасу, бясьпекі.


Цырымонія адбылася пасьля завяршэньня перамоваў Лукашэнкі і Бэрлюсконі. Пра гэта паведаміла БЕЛТА. Апрача таго ўрады падпісалі пагадненьне аб эканамічным супрацоўніцтве і аб супрацоўніцтве ў галіне вэтэрынарыі.

Пасьля двухбаковых перамоваў кіраўнік Беларусі і прэм’ер Італіі выступілі з заявамі для прэсы.


«Ваш народ вас любіць, аб чым сьведчаць вынікі выбараў», — сказаў Сыльвіё Бэрлюсконі Аляксандру Лукашэнку пасьля завяршэньня перамоваў.

Лукашэнка заявіў, што Беларусь і Італія адкрылі новы этап партнэрства, «фундамэнтам якога зьяўляецца ўзаемапаважлівы, шчыры і зацікаўлены дыялёг».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG