Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці дадасьць імпэту беларуска-італьянскім адносінам кароткі візыт у Менск прэм’ер-міністра Італіі Сыльвіё Бэрлюсконі? У якіх галінах можна чакаць ажыўленьня і ў чым яны так і застануцца «замарожанымі»?

У інтэрвію італьянскай газэце «La Stampa», якое папярэднічала прыезду ў Беларусь Сыльвіё Бэрлюсконі, Аляксандар Лукашэнка сам акрэсьліў галоўныя тэмы для абмеркаваньня з прэм’ер-міністрам Італіі: гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, разьвіцьцё нарматыўна-прававой базы ў стасунках паміж дзьвюма дзяржавамі, а таксама пэрспэктывы інвэстыцыйных праектаў.

На думку некаторых экспэртаў, насамрэч за падобнымі заявамі нічога не стаіць, паколькі беларуская і італьянская мадэлі дзяржаўнага будаўніцтва розьняцца амаль палярна. Эканоміка Беларусі цалкам кіраваная, тады як у Італіі практычна ўсё знаходзіцца ў прыватных руках. Крызісны мэнэджэр Мечыслаў Бурак лічыць, што асноўныя перамовы пройдуць кулюарна і пра іх вынікі наўрад ці каму будзе паведамлена. А таму ў парадак дня можна выносіць усё што заўгодна — то бок, па прынцыпу tutti-frutti:

«Усё гэта — кан’юнктуршчына, бо ў Італію мы нічога прадаць ня можам. У нас папросту няма канкурэнтаздольнай прадукцыі! Не магу нават уявіць, што мы можам туды пастаўляць! Па-мойму, увогуле нічога: ні хлеб, ні каўбасу, ні яйкі. А што тычыцца прадукцыі машынабудаваньня, то гэта ўвогуле нават не абмяркоўваецца».

Карэспандэнт: «А Італія ў такім выпадку чым цікавая беларусам?»

«Яны папросту вырашаюць свае палітычныя праблемы, пра якія мы не зусім здагадваемся, „утрасаюць» уласныя справы — Лукашэнка, Бэрлюсконі, іхняе атачэньне. Штосьці надумалі і цяпер адзін аднаго падтрымліваюць. А насамрэч будуць вырашаць свае пытаньні: прыкладам, як далей утрымацца ля ўлады? Бо ў Бэрлюсконі гэтаксама куча праблемаў, асабістых. Але там апазыцыя ня сьпіць, там жа ня будзеш хадзіць, нагамі падкідваць, як наш ходзіць. Ледзь збочыў — адразу пачынаюць дзяўбаць. Таму ён шукае тут падтрымку, сябруе з Расеяй, Беларусьсю. Такі дзелавы, што нібыта прыгоніць сюды энэрганосьбіты. Падоўжылі ж «Паўднёвы паток“ у Італію? Вось на гэта ён і націскае. Але ўсё гэта суцэльная кан’юнктуршчына, нічога глыбокага за гэтым няма, ніякай карысьці. Колькі ўжо падпісана кантрактаў, дамоўленасьцяў, а рэальнай сілы нічога ня мае».

Дасьледчык эканамічнай кан’юнктуры на беларускім рынку, кіраўнік Агенцтва дзелавых сувязяў Валянцін Лопан не такі радыкальны ў высновах. Ён кажа, што пэўная актыўнасьць — прынамсі з італьянскага боку — назіраецца. Іншая справа, што прымусіць прыватныя кампаніі ўкладаць грошы ў цяжкавагавыя беларускія прадпрыемствы ня зможа ніхто:

Валянцін Лопан
«Я асабіста сутыкаўся з праявамі таго, што некаторыя італьянцы ўжо даводзяць тут да ладу кватэры — то бок, як у старыя часы, італьянскія архітэктары прыяжджаюць і ў Беларусі зарабляюць грошы... У тым ліку шукаюцца нейкія варыянты па прамысловасьці, па інвэстыцыях. Італьянскія кампаніі прапануюць нашым вытворцам набываць долю ў італьянскіх кампаніях, у тым жа машынабудаваньні. У сваю чаргу, і тут шукаюць магчымасьці арганізаваць вытворчасьці. То бок італьянцы ў гэтым сэнсе зусім не дамаседы, досыць актыўныя. Але спэцыфіка ў тым, што ў Італіі пануе прыватны бізнэс, у бальшыні выпадкаў ён сямейны, невялікі. Бяруць пэўную нішу і працуюць. А ў нас з гледзішча ўраду пакуль падыход іншы: ёсьць дзяржаўныя прадпрыемствы, і для іх трэба знайсьці партнэраў — каб потым сумесна выпускаць нейкую прадукцыю. Але там такіх буйных „монстраў“ ня так шмат. І ў гэтым іхняя моц».

Паводле статыстыкі, у самы пасьпяховы для беларуска-італьянскіх адносінаў 2008 год беларускі экспарт на Апэніны прыпадаў на чорныя мэталы і вырабы зь іх, нафтапрадукты, калійныя ўгнаеньні, скуру буйной рагатай жывёлы. Асноўны імпарт з Італіі — высокатэхналягічныя станкі і абсталяваньне, хімічныя рэчывы і матэрыялы, лекавыя прэпараты, мэдычная тэхніка. Цягам студзеня-ліпеня 2009 году беларускія пастаўкі ў Італію склалі 86 мільёнаў даляраў, альбо 42% ад узроўню аналягічнага пэрыяду мінулага году. Імпарт зьнізіўся амаль на 13% — да 400 мільёнаў даляраў.

На спад ідзе і яшчэ адзін артыкул беларуска-італьянскіх адносінаў — колішняя актыўнасьць у справе аздараўленьня беларускіх дзяцей з забруджаных радыяцыяй рэгіёнаў. Старшыня дабрачыннага фонду «Дзецям Чарнобылю» Генадзь Грушавы нагадвае: Італія — адзін з асноўных партнэраў Беларусі ў справе рэабілітацыі беларускіх дзяцей. Ад 40 тысяч чалавек, якія ў сярэднім за год выяжджаюць на аздараўленьне за мяжу, палову прымаюць менавіта італьянскія сем’і. Суразмоўца згадвае, што ўпершыню дзеці зь Беларусі арганізавана трапілі на Апэніны амаль 20 гадоў таму, але мэханізм аздараўленьня ад таго часу мала зьмяніўся. І ў гэтым ён бачыць якраз абыякавасьць з боку афіцыйных уладаў кожнай краіны. А ці можа тэма аздараўленьня быць узьнятая падчас сустрэчы Лукашэнкі і Бэрлюсконі?

Генадзь Грушавы
«Так. Больш за тое, я думаю, што яна будзе адна зь першых. Трэба прадэманстраваць, што сустрэча зьвязаная не выключна з эгаістычнымі матывамі, а грунтуецца на гуманітарных, дабрачынных сувязях паміж нашымі краінамі. Мяркую, што гэта будзе адзначана абодвума лідэрамі.

Але на самой справе ні з таго, ні зь іншага боку рэальна нічога ня ўкладзена ў разьвіцьцё такіх вось гуманітарных сувязяў. Цікава, што абодва карыстаюцца гэтай тэмай (гэта ж так прывабна выглядае для грамадзтва: яднае дзьве краіны, двух такіх вялікіх людзей менавіта агульная гуманітарная справа), але насамрэч ад самага пачатку і да сёньняшняга дня гэта выключна заслуга грамадзкіх ініцыятыў. Гэта самі сем’і без усялякай падтрымкі на працягу вось ужо амаль 20 гадоў займацца дабрачыннасьцю.

І сёньня будзе выключна папулізм, арыентаваны на мас-мэдыі, на падтрымку ўласнага іміджу, а на самой справе ні адзін, ні другі нічога не зрабілі, каб гэта падтрымаць, каб неяк больш глыбока, шырока ўсё разгортвалася — гэтага не было ні раней, ні сёньня. Будзе самарэкляма, так бы мовіць, шырма. Прыкрыюцца, што гэта іх аб’ядноўвае, што ёсьць гуманітарныя падставы. А потым будуць абмяркоўваць абсалютна іншыя пытаньні».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG