Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня – 70-ая гадавіна пачатку савецка-фінскай вайны.

У савецкія часы яе не называлі вайной. Гэта была проста "фінская кампанія". І практычна ўсе савецкія людзі былі ўпэўненыя, што менавіта маленькая, але “бязмозгла-агрэсіўная” Фінляндыя напала на міралюбны Савецкі Саюз.

Cавецкай прапагандай aбсурднасьць гэтая абгрунтоўвалася тым, што за сьпінaй Фінляндыі, нібыта, стаялі “імпэрыялісты ўсяго сьвету”. Да таго Савецкі Саюз "мірным шляхам" далучыў "буржуазныя" рэспублікі Прыбалтыкі.

Зь Фінляндыяй гэта не прайшло. Чаму – гэта іншае пытаньне. Але за сьпінaй маленькай краіны не стаяў ніхто. Так званыя дэмакратычныя дзяржавы практычна пакінулі яе сам-насам са сталінскай ваеннай машынай. Вайна цягнулася 105 дзён і забрала жыцьці (паводле зьвестак газеты Helsingin Sanomat, 30.11.2009) 27 000 чалавек, 44 000 параненых ды інвалідаў. Для невялічкай краіны (каля трох мільёнаў чалавек у тыя часы) гэта былі вялікія страты. Самым нечаканым для СССР быў ня гэтулькі адчайны адпор фінаў, колькі аднадушнасьць гэтага адпору. На фронт пайшлі нават забароненыя тады камуністы. А генэральны сакратар кампартыі Туомінэн адмовіўся ехаць у Савецкі Саюз, каб узначаліць марыянэтачны ўрад "дэмакратычнай" Фінляндыі, створаны Сталіным у Тэрыёках.

Народ Фінляндыі памятае пра ўсё. Гэтая памяць выказваецца ў вялікай пашане да вэтэранаў вайны, якія забясьпечаныя добрымі пэнсіямі, добрым жыльлём ды льготамі, у тым, што дагэтуль усе магілы загінулых салдат старанна даглядаюцца за муніцыпальны кошт і г.д.

За некалькі тыдняў да гэтай даты пачалі выходзіць факсымільныя выданьні тагачасных газэтаў ды часопісаў. Публікуюцца шматлікія ўспаміны вэтэранаў ды іхных родзічаў.

Былі арганізаваныя сэмінары, прысьвечаныя гэтай вайне.

У катэдральным саборы Хэльсынкаў прайшла памінальная служба з удзелам вэтэранаў вайны ды прэзыдэнта Тар'і Халанэн. Пякучая рана ўсё яшчэ баліць у людзкой памяці.

У выніку "перамаганоснай" вайны Савецкі Саюз, не кажучы ўжо аб стратах прыкладна 1:5, замест недружалюбнага, але мірнага суседа, прыдбаў суседа агрэсіўнага, якія прагнуў рэваншу. Гэта каштавала Саюзу яшчэ сотні тысяч салдацкіх жыцьцяў.

Зараз рэваншыcцкія настроі прыгасьлі, але боль ад вайны не забыўся. Штогод напярэдадні сьвята Нараджэньня Хрыстовага хэльсынцы ідуць на вайсковыя могілкі і запальваюць сьвечкі перад магілай адзінага маршала Фінляндыі – Манэргейма, які сьпіць у атачэньні сваіх салдатаў ды афіцэраў. У іншых гарадах і сёлах Фінляндыі людзі ідуць на вайсковыя могілкі і ставяць там сьвечкі ў памяць салдатаў той далёкай вайны.

І нібы нязгасная памяць людзкая сьвецяцца ў цемры палярнай ночы трапяткія агеньчыкі гэтых сьвечак.

Якуб Лапатка – перакладчык, з 1993 г. жыве ў Фінляндыі. Пераклаў на беларускую “Калевалу”, творы фінскіх клясыкаў і сучасных аўтараў, дзіцячыя кнігі, успаміны прэзыдэнта Койвіста і маршала Манэргейма.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG