Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня ЦВК: Якія відэакамэры ў сельсавеце?


Лідзія Ярмошына, архіўнае фота

Лідзія Ярмошына, архіўнае фота

«Нам трэба будзе калісьці падысьці да такой мадэлі выбараў, як у ЗША», — заявіла старшыня ЦВК. Лідзія Ярмошына адказала на пытаньні дэпутатаў ПП НС, прадстаўляючы праект зьменаў у выбарчае заканадаўства.

Ці прывядзе стварэньне індывідуальных фінансавых фондаў кандыдатаў да таго, што ня ўсе яны будуць знаходзіцца ў аднолькавых умовах?

«Яны і цяпер знаходзяцца ў не зусім роўных умовах. Але нашая дзяржава не адыходзіць ад прынцыпу гарантаванага выдзяленьня грошай і часу. І гэта — асноўная дзяржаўная датацыя і асноўная гарантыя. Вядома, што фонд кандыдата на прэзыдэнта ня можа перавышаць 105 мільёнаў. Калі ўсе гэтыя грошы пусьціць на тэлевізійную рэкляму, гэтага хопіць на 11 хвілінаў. У той час, калі кожны кандыдат на прэзыдэнта атрымлівае гарантавана 1 гадзіну выступу на тэлевізіі».

Ці ёсьць сэнс зрабіць абавязковым удзел кандыдатаў у дэбатах?

«Дэбаты — гэта вельмі эфэктыўная форма ўзьдзеяньня на гледача. Дэбаты праводзяцца ў нявыгадных умовах: усе тыя, хто ідуць на выбары, будуць у лепшых умовах, чым тыя, хто зараз кіруе дзяржавай, у рангу прэзыдэнта альбо парлямэнтароў, бо крытыкаваць заўжды лягчэй. Таму ў заканадаўстве дэбаты прапісаныя, але як добраахвотныя, а не абавязковыя».

Ці можна забясьпечыць выбарчыя ўчасткі шклянымі скрынямі і відэакамэрамі?

«Мы ж не ў Японіі жывем. Якія ў нас могуць быць відэакамэры ў сельсавеце? Рабіць шкляныя альбо плястмасавыя урны не забаронена законам. Там, дзе на гэта ёсьць грошы, там робяць, дзе няма — робяць з дошак. Кожная шкляная скрыня будзе каштаваць прыкладна 100 даляраў. На кожным выбарчым участку трэба мець 5 такіх скрыняў. Тады грошай для правядзеньня выбараў спатрэбіцца значна болей».

Наколькі зьмены ў закон адпавядаюць пажаданьням АБСЭ?

«Мы выканалі пажаданьні прыкладна на 85—90%».

Калі Беларусь пяройдзе на зьмешаную сыстэму выбараў?

«Нішто так кепска не ўплывае, як адсутнасьць надзеі. Цяперашняя мажарытарная сыстэма выбараў скіраваная на карысьць большасьці, але ня ўлічвае меншасьць. Але перайсьці на зьмяшаную альбо на партыйную сыстэму выбараў нельга бязь зьменаў Канстытуцыі Беларусі.

У Канстытуцыі ёсьць інстытут адкліканьня дэпутатаў. Калі правесьці выбары па зьмешанай сыстэме, атрымаецца, што адных дэпутатаў адклікаць можна, а тых, хто абіраўся па партыйным сьпісе, — нельга. Але калісьці мы будзем нешта мяняць у сваім заканадаўстве. На мой погляд, нам трэба будзе калісьці падыйсьці да мадэляў выбараў, як у ЗША. Там фактычна працуе мажарытарная сыстэма пры дзьвюх моцных дзейных партыях».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG