Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усе 104 дэпутаты прагаласавана «за» зьмены. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, у другім чытаньні гэты закон будзе разглядацца 10 сьнежня.

Перад галасаваньнем кіраўніца Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына назвала асноўныя навацыі:

• Узмацненьне грамадзкага кантролю;
• Палягчэньне ўмоваў вылучэньня кандыдатаў;
• Павялічэньне нагрузкі на выбарчыя камісіі.

Характэрныя рысы навацыяў:

• Будзе спрошчаны парадак вылучэньня сябраў выбарчых камісіяў. У камісіі любога роўню можна будзе вылучаць прадстаўніка ад працоўнага калектыву ці групы грамадзянаў, якія налічваюць ня меней за 10 чалавек;

• На палітычныя партыі і грамадзкія арганізацыі будзе прыпадаць ня меней за траціну чальцоў выбарчых камісіяў — за выключэньнем ЦВК.

• Сябры ЦВК з дарадчым голасам будуць выбірацца толькі на парлямэнцкія выбары. Іх будуць вылучаць. На прэзыдэнцкіх — такіх сябраў будуць вылучаць кандыдаты на прэзыдэнта.

• Будзе спрошчаная працэдура збору подпісаў. Цяпер іх ня трэба будзе завяраць у органах выканаўчай улады. За сапраўднасьць подпісаў адказвае зборшчык.

• Раней прызнаваліся несапраўднымі падпісныя лісты, дзе былі падпісанты з розных раёнаў. Цяпер такія подпісы ня будуць улічвацца, але ліст ня будзе страчваць вартасьць.

• Дазваляецца збор подпісаў у выглядзе пікету.

• Подпісы можна будзе зьбіраць паўсюль, акрамя тых месцаў, дзе мясцовыя ўлады забароняць гэта рабіць.

• Раней кандыдатаў маглі зьняць з выбараў за тое, што падалі непраўдзівыя біяграфічныя дадзеныя і маюць недакладнасьці ў падатковай дэклярацыі. Цяпер няслушныя зьвесткі ў біяграфіі ня будуць прычынай для зьняцьця. А ў выпадку з падатковай дэклярацыяй усё будзе залежаць ад таго, што менавіта запоўнена няправільна. Вырашаць лёс такіх кандыдатаў будзе ЦВК

• Асабістыя фінансавыя фонды, паводле Ярмошынай, — «абсалютна новая форма беларускіх выбараў». Праект зьменаў прадугледжвае, што для кандыдатаў на прэзыдэнта такі фонд ня можа перавышаць 3 тыс. базавых велічыняў (105 мільёнаў), для кандыдатаў у ПП НС — 1 тысячы (35 мільёнаў). Пералічваць грошы ў такія фонды могуць толькі грамадзяне і юрыдычныя асобы Беларусі, атрымліваць грошы ад замежнікаў забаронена.

• Касуецца парог яўкі выбарцаў на мясцовыя выбары.

• Вынікі выбараў можна абскарджваць у судзе цягам 3 дзён. Раней на гэта давалі толькі 1 дзень.

У размове з журналістамі Ярмошына назвала правакацыяй афіцыйнае запрашэньне назіральнікаў на мясцовыя выбары, зробленае ад імя кіраўніцтва Аб’яднаных дэмакратычных сілаў.

«Мы запрашаем міжнародных назіральнікаў толькі на парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары. На мясцовыя выбары запрашэньні ня робяцца», — заявіла Ярмошына, адказваючы на пытаньне «Свабоды».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG